Траецкае прадмесце часта знаходзіцца ў цэнтры ўвагі не толькі мінчан і гасцей сталіцы, але і спецыялістаў, засяроджаных на тэме аблічча горада, — архітэктараў, гісторыкаў і краязнаўцаў. Шмат дыскусій выклікала ў свой час аднаўленне знешняга выгляду гэтага квартала, вялікая колькасць зацікаўленых у тым, як і чым жыве знакамітае Траецкае сёння... Тым часам мастакі імкнуцца захаваць момант, паказваючы сучасны стан гэтай часткі горада, і ўвасобіць свае пачуцці і думкі, якія ўзнікаюць падчас знаходжання ў гэтых мясцінах. А затым запрашаюць гледача палюбавацца знаёмымі брукаванымі вулачкамі і ўтульнымі домікамі з дахамі з чарапіцы — толькі ўжо на палатне ці паперы.
Генадзь Чысты — аматар акварэлі. Як і многія мастакі, якія працуюць у гэтай тэхніцы, ён паўстае лірыкам, здольным атрымаць асалоду ад усяго, што яго акружае, і летуценнікам з вялікай верай у сілу месца і яго светлую будучыню. Аўтар засяродзіўся на перадачы зграбнасці і кампактнасці вулачак Траецкага прадмесця, таму многія работы маюць камерны фармат. Кожны твор — сведчанне вялікага захаплення і невычэрпнага натхнення акварэліста, які не стамляецца ад штодзённасці, працягваючы бачыць прыгожае і ціхім летнім днём, і марозным змрочным вечарам... Між тым пераважаюць у творах Генадзя Чыстага цёплыя тоны, што нагадваюць пра сонца, адлюстроўваюць энергію і запал, а таму здольныя выклікаць у сузіральніка станоўчыя эмоцыі. Ды задача Генадзя Чыстага бачыцца ў тым, каб праз творчасць, у тым ліку праз работы на выстаўцы «Прагулкі вакол музея», дзяліцца радасцю, надаць гледачу нястрымнай дзейснай сілы.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
Даведка «ЛіМа»:
Генадзь Рыгоравіч Чысты нарадзіўся 5 красавіка 1947 года ў Мінску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968-м. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 1994 года. Аўтар шматлікіх асноўных экспазіцый і буйных выставачных праектаў у розных музеях Беларусі і замежжа. Працуе ў афармленчым мастацтве. Плён яго творчасці можна ўбачыць у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі (Расія), Літаратурным музеі Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Крычаўскім краязнаўчым музеі ды іншых. Між тым першая экспазіцыя аўтара ў Ашмянскім краязнаўчым музеі не захавалася — установа ў свой час пераехала ў іншы будынак.