Top.Mail.Ru

Прайшло чарговае пасяджэнне прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі

21.08.2026 | 18:18
Рашэнні прынятыя

Пачалося яно з хвіліны ўшанавання памяці ганаровага старшыні СПБ, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца і старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта Алеся Казекі, якія зусім нядаўна пайшлі з жыцця. 

Па традыцыі на павестцы дня — прыём у Саюз пісьменнікаў Беларусі новых літаратараў. Старшыня прыёмнай камісіі ўнёс прапановы, а члены прэзідыума аднагалосна падтрымалі шэраг кандыдатур: публіцыста Алену Чаргінец, празаіка Вікторыю Кляўко, публіцыста, краязнаўца Мікалая Печаня, паэта, літаратуразнаўца Яўгенію Лязо (Яўгенію Касіловіч), празаіка Ілью Бутава. 

На прэзідыуме ішла гаворка аб падрыхтоўцы да XXXIII Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў горадзе Касцюковічы 5-6 верасня 2026 года. Касцюковіцкая старонка багатая на яркія пісьменніцкія імёны. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, яркая зорка беларускай паэзіі на мяжы XX — XXI стагоддзяў Алесь Пісьмянкоў. У свяце з даволі насычанай праграмай прымуць удзел прадстаўнічыя дэлегацыі пісьменнікаў з усіх рэгіёнаў краіны — ад Брэста да Гомеля. На пляцоўках Дня пісьменства будзе аддадзена даніна пашаны народнаму пісьменніку Беларусі Мікалаю Чаргінцу, народнаму паэту Беларусі Уладзіміру Карызне, паэту-магіляўчаніну Алесю Казеку, які і сам прымаў удзел у фарміраванні праграмы свята. Падрабязны даклад аб мерапрыемствах Дня пісьменства зрабіла першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. 

На пасяджэнні прынята рашэнне аб стварэнні мемарыяльнай камісіі памяці Мікалая Чаргінца і мемарыяльнай камісіі памяці Уладзіміра Карызны. На разгляд гэтыя пытанні ўнеслі старшыня СПБ Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах, старшыня Мінскага гарадскога адзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Старшынямі камісій абраны: памяці Мікалая Чаргінца — Алена Стэльмах, Уладзіміра Карызны — Міхась Пазнякоў. 

Асобна было вылучана пытанне аб удзеле моладзі краіны ў конкурсе маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі «Мост дружбы», які традыцыйна праводзіцца раз на два гады пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Таксама разглядалася пытанне аб фарміраванні спіса твораў членаў СПБ для выдання ў 2027 годзе кніг, якія распаўсюджваюцца пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у сістэме публічных бібліятэк краіны. Рэгіянальным аддзяленням СПБ даручана разгледзець прапановы з месцаў, і пасля прэзідыум вернецца да зацвярджэння гэтага спіса. 

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ 

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю