Квадратура круга — класічная матэматычная задача, якая зводзіцца да пабудовы з дапамогай цыркуля і лінейкі, дарэчы, без шкалы з дзяленнямі, квадрата з плошчай, роўнай плошчы зададзенага круга. Прыклад невырашальнага пытання падштурхнуў савецкага пісьменніка Валянціна Катаева да выбару назвы для сваёй знакамітай камедыі-жарту.
Твор «Квадратура круга» была напісана ў 1927 годзе, і пастаноўкі па ёй хутка сталі вельмі папулярныя. Ставілі твор не толькі прафесійныя, але і аматарскія тэатры ў Савецкім Саюзе і за яго межамі. Многім тагачасным гледачам падабалася пачуццё гумару Валянціна Катаева, назіранні сатырыка за штодзённасцю, а яшчэ пільная ўвага да жыццёвых дэталяў.
Камедыя вабіць тэатры і дагэтуль. У Беларусі спектакль па п’есе ішоў, напрыклад, у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча. Прэм’ера пастаноўкі «Квадратура круга» нядаўна адбылася і ў Мінску — у Новым драматычным. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Аляксандр Бародка. Дапамагалі яму мастак-пастаноўшчык Лідзія Малашэнка і балетмайстар-пастаноўшчык Павел Стрэльчанка.
На сцэне тэатра пабудаваны ў адпаведнасці з законамі канструктывізму пакой камунальнай кватэры, у які пасяліліся два таварашы. У адзін дзень Вася (Дзмітрый Ціхановіч) бярэцца шлюбам з рашучай Людмілай (Надзея Анцыповіч / Дар’я Коўшык), а Абрам (Яўген Смірноў / Дзмітрый Кузняцоў) — са свядомай і строгай Тоняй (Анастасія Аляксеева / Мілана Іванова). Сукупнасць навакольных умоў асаблівая: Масква, 1920-я гады, будаўніцтва камунізму, старонкі новага жыцця...
Гэтыя спецыфічныя абставіны не перашкаджаюць сёння звяртацца да п’есы. Сапраўды, Валянцін Катаеў пісаў пра сучаснасць, а гледачу цяпер прапаноўваецца экскурс у мінулае. Якраз сюжэт — па-за часам, можа быць скарыстаны рознымі спосабамі. Гаворка ідзе не пра каханне без узаемнасці ці любоўны трохвугольнік. Камедыя «Квадратура круга» прадугледжвае, зразумела, толькі перамену месцаў некаторых герояў. Іначай сямейнага шчасця ім не здабыць, а неабходнасцьу ім не знікае, нават калі ўсё прадугледжана, і «ўзаемаразуменне — ёсць, працоўны кантакт — ёсць, агульная палітычная платформа — ёсць»...
Развагі герояў пра ідэалогію, абавязак, партыю і камсамольскія сходы былі цудоўнай нагодай для дасціпных жартаў аўтара п’есы. Рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Бародка прапанаваў і сваю знаходку: кампанію Флавію (Васіль Ніцко / Валерый Глазкоў) склала таварыш Трактарына ў энергічным выкананні Таццяны Булгакавай. Наступным разам усіх герояў «Квадратуры круга» можна ўбачыць 3 снежня.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з сайта newtheatre.by