Пётр Данелія быў з тых мастакоў, чый лёс мог бы скласціся іначай, калі б не Вялікая Айчынная вайна. Ураджэнец Махачкалы (Дагестан), ён, прынамсі, меў магчымасць зрабіць сабе імя на радзіме. Былі на гэта сілы і сродкі: бацька шавец і маці краўчыха, пэўна, заўважылі схільнасці і здольнасці сына і падтрымалі яго яшчэ ў самым пачатку жыццёвага шляху. Так, у дзяцінстве Пётр Данелія наведваў мастацкую студыю для дарослых, а як стаў паўналетнім, вучыўся ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы памяці 1905 года (сёння гэта Маскоўскае акадэмічнае мастацкае вучылішча).
Пасля прызваны ў Чырвоную армію, быў стралком-аўтаматчыкам 212-га стралковага палка 49-й дывізіі, да таго ж удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. У ліпені 1940 года гэты полк быў пераведзены на сталую дыслакацыю ў раён г. Высокае (ст. Чаромха Брэсцкай вобласці; дарэчы, у гэты перыяд Пётр Данелія стаў мастаком палкавога клуба), а ўжо з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пэўныя яго падраздзяленні пачалі трапляць у акружэнне. Так, ужо ў чэрвені 1941 года хлопец трапіў у палон. Далей быў лагер ваеннапалонных, сельгаспрацы ў прыватнай гаспадарцы на тэрыторыі Польшчы... Ды сілы і энергіі мастак не страціў — доўгае жыццё і шчаслівыя гады творчасці быццам былі наканаваны.
Пасля вайны Пётр Данелія вырашыў застацца ў Брэсце, трывала звязаў свой творчы шлях з гэтым горадам.
У 1949 годзе быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, а неўзабаве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Брэсцкай абласной арганізацыі БСМ, якую неаднойчы ўзначальваў. Не быў абыякавы да праблем грамадства — выбіраўся дэпутатам Брэсцкага гарсавета. Да таго ж меў цягу да педагогікі — у студыі выяўленчага мастацтва пры абласным Доме народнай творчасці, якую сам арганізаваў, выкладаў у тым ліку ў свайго сына Леаніда. Той паказаў сябе як рознабаковы творца.
Ды сам Пётр Данелія працаваў і ў станковым жывапісе, і ў манументальна-дэкаратыўным роспісе, і ў скульптуры, і ў графіцы, і ў медальерным мастацтве. Але згадваюць мастака найперш як пейзажыста, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які ў сваіх творах апяваў мір і спакой. У Брэсце яго работы можна ўбачыць, напрыклад, у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», а вось у Мінску яго карціны выстаўляюцца рэдка. Адзін з апошніх разоў — амаль двухгадовай даўнасці экспазіцыя мастакоў-франтавікоў «Вясна перамогі» ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва. Экспанаваліся лічаныя творы аўтараў; што да Пятра Данеліі, то яго пэндзлю на выстаўцы належалі «Гераічны матыў» (1978) і «Абуджэнне» (1988). І на гэтых палотнах, і на самых розных яго карцінах дамінантай кампазіцыі станавілася неба з мяккімі і пёрыстымі аблокамі, з цяжкімі хмарамі, аб’ёмнымі і кантрастнымі. Выявы нябёсаў, якія адлюстроўваюць магутнасць і абыякавасць прыроды да чалавека, як мага лепш нагадваюць пра крохкасць жыцця. Яе, вядома, асабліва востра адчуваюць тыя, на чый лёс выпадае хоць адзін дзень вайны.