Такія асобы з’яўляюцца прыкладам жыццялюбства і невычэрпнай энергіі. Да кагорты рупліўцаў можна аднесці Іосіфа Пазлевіча з вёскі Радзюшы (Астравецкі раён). Амаль усё яго прафесійнае жыццё прайшло ў Альхоўцы. Тут ён працаваў на кардоннай фабрыцы вадзіцелем пагрузчыка.
Сёння Іосіф Мар’янавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яго жыццё стала больш павольным, з’явіўся час для творчасці, якую мужчына любіў з самага дзяцінства. Маленькі Іосіф часта назіраў за бацькам, які ляпіў з гліны разнастайныя статуэткі. Гэтая справа прывабіла і захапіла хлопца. Ён мог гадзінамі сядзець і назіраць за мернай і карпатлівай працай. Сёння прыпамінаюцца тыя прымітыўныя вырабы, якія Іосіф Пазлевіч ляпіў шмат гадоў таму. Крыху пазней ён захапіўся разьбой па дрэве, а з-пад яго інструментаў пачалі выходзіць сапраўдныя шэдэўры. За кожнай фігурай стаіць тытанічная праца. Майстар адзначае, што на выкананне некаторых скульптур патрабуецца каля тыдня, а часам — месяц і больш. Натхненне не мае раскладу, таму, бывае, майстар працуе нават ноччу. Большасць работ выканана з ліпы. Гэты матэрыял лічыць самым аптымальным і зручным. Што да тэхнікі, то, напрыклад, скульптуру мядзведзя выразаў бензапілой. Вялізная пыса, шырока расстаўленыя лапы — постаць гаспадара лясоў заварожвае. Ёсць у апантанага рупліўца і свая мара — выразаць галаву зубра ў натуральную велічыню.
Акрамя лепкі з гліны і рэзкі па дрэве мужчына піша цудоўныя вершы, якія час ад часу з’яўляюцца на старонках раённай газеты. Сціплы, інтэлігентны і сарамлівы, Іосіф Пазлевіч валодае магутным творчым стрыжнем, асаблівым бачаннем свету. Залаты ўзрост адкрыў для яго безліч магчымасцей, падарыў вольны час, дапамог знайсці сябе.
А сам майстар яшчэ раз падкрэслівае простую ісціну аб тым, што пенсія — час уласнай самарэалізацыі, адкрыцця новых граняў натуры.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ
Фота даслана аўтарам