Гастранамічныя традыцыі займаюць значнае месца ў сацыяльнай гісторыі горада і з’яўляюцца важнай часткай культуры народа. Гэта не толькі распаўсюджаныя кулінарныя стравы, але і сервіроўка стала, застольны этыкет, асаблівасці прыёму ежы і іншае. Выстаўка «Густ і стыль: за сталом дваранскай сядзібы» знаёміць з традыцыямі харчавання вышэйшага саслоўя і прадстаўляе багатую калекцыю сталовых прыбораў, посуду для захоўвання і падачы ежы, іншыя рэдкія прадметы побыту. Месца для правядзення выстаўкі таксама выбралі невыпадкова: у ХVІІІ стагоддзі тут знаходзілася дваранская сядзіба, што дазваляе адчуць атмасферу часу і былой эпохі.
На першы погляд, экспазіцыя невялікая — крыху больш за 180 экпанатаў, аднак выстаўка ўражвае якасцю і разнастайнасцю. Тут можна ўбачыць вытанчаныя муранскія кубачкі, ражкі для кармлення немаўлят, пазалочаныя шчыпцы для цукру, падарожны самавар і нават пушку для міні-салютаў, якую выкарыстоўвалі ў найбольш эмацыянальныя моманты застолля. Геаграфія вытворцаў шырокая: Расійская Імперыя, Рэч Паспалітая, Швецыя, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Данія і інш. У экспазіцыі дэманструюцца як рэчы масавай вытворчасці (завод Гарднера, фабрыка Кузняцова, Таварыства Абрыкосава Сыноў і інш.), так і вырабы ручной работы.
Асаблівай ўвагі заслугоўваюць рэдкія сталовыя прыборы: лыжкі для варэнікаў, нажніцы для вустрыц, пілачкі для лімона, відэльцы для рыбы і спецыяльныя нажніцы для вінаграду. Асобна размясцілася маштабная калекцыя Кузняцоўскага фарфору ў выглядзе жывёл, садавіны і агародніны: масленіцы «Баранчык», «Курачка», «Качка», «Ліса і вінаград», «Груша», «Агурок», «Гарбуз», выкананыя ў перыяд 1892–1917 гг.
Тым, хто любіць паласавацца салодкім, спадабаецца калекцыя ваз-цукарніц, кошыкаў для цукерак, а таксама каляровыя каробкі для печыва і цукерак «Таварыства Абрыкосава Сыноў у Маскве» (пачатак ХХ ст.), «Паравая цукерачная фабрыка Сырамятнікава» (ХХ ст.), «Таварыства паравой фабрыкі Эйнем у Маскве» (1913 г.). Акрамя гэтага можна пазнаёміцца з тагачаснай рэкламай фабрык і мануфактур Расійскай Імперыі і іншых краін свету. Вялікай папулярнасцю сярод людзей розных саслоўяў карысталася англійская фірма «Liebig Company» (сёння вядомая пад назвай «Premier Foods»), якая вырабляла «мясны экстракт» па тэхналогіі Юстуса фон Лібеха. Вытворчасць рэкламных картак пачалася ў 1870 годзе. На адваротным баку карткі знаходзілася рэклама іншых прадуктаў фірмы ці рэцэпт, у якім можна было выкарыстоўваць мясны экстракт, што вельмі павышала зацікаўленасць спажыўцоў.
Сёння кулінарныя рэцэпты з розных краін свету можна хутка знайсці ў інтэрнэце па першай спасылцы. Але ў нашых продкаў не было такой магчымасці, таму вялікай папулярнасцю карысталася кніга Алены Малахавец «Падарунак маладой гаспадыні, ці сродак да змяншэння выдаткаў у доме» (1903). Гэта сапраўдны бестселер ХХ стагоддзя. Яго адрозненне ад іншых кулінарных кніг у тым, што ўпершыню аўтар выкарыстоўвае дакладную колькасць інгрэдыентаў, а таксама змяшчае тлумачальныя малюнкі, што значна спрашчае працэс гатавання ежы.

У экспазіцыі можна ўбачыць экзэмпляр гэтай энцыклапедыі і пазнаёміцца з яе зместам.
Асобнай тэмай сталі цукарніцы, якія здзіўляюць сучаснага чалавека наяўнасцю невялічкага замка. У той час цукар быў вялікай раскошай, таму яго старанна захоўвалі і замыкалі на ключ. Адным з самых рэдкіх экспанатаў выстаўкі з’яўляецца акваманіл — сасуд для абмывання рук, які прыйшоў да нас з сярэдневяковай традыцыі.
Выстаўка працуе да 15 верасня. У межах праекта можна азнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй галерэі «Мінск губернскі. Дваранскі побыт», каб атрымаць суцэльнае ўяўленне пра паўсядзённасць людзей ХVIII-ХХ стст.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара