Творы, якія адпавядаюць тэрміну, прадставілі на выстаўцы «Saudade» ў прасторы ZAL#2 у Палацы мастацтва. У аснове гэтых работ ляжыць прызнанне таго, што перамены — непазбежная частка жыцця. Натуральна, адным гэтае прыняцце даецца лёгка, бо настальгія і смутак часта дапамагаюць пераасэнсаваць падзеі ў сваім жыцці і жыцці блізкіх, а для мастакоў увогуле могуць стаць крыніцай натхнення; на іншых жа гэты стан уплывае адмоўна з-за празмернай накіраванасці думак у мінулае, доўгага знаходжання ў маркотным настроі, і гэта адлюстроўваецца на ўспрыманні падзей, якія адбываюцца сёння.
Куратарам экспазіцыі, якая будзе працаваць толькі да 9 сакавіка, выступае Кацярына Янкоўская. Падчас адкрыцця выставачнага праекта яна падкрэсліла, што кожны з мастакоў па-рознаму адчувае сябе ў гэтым стане, па-свойму адлюстроўвае яго ў сваіх работах. Дзевяць аўтараў сталі ўдзельнікамі выстаўкі «Saudade»: жывапісцы Уладзімір Зінкевіч, Сяргей Пісарэнка, Наталля Шапавалава і Тамара Стасевіч, фатографы Міхаіл Кулажанка, Ганна Мельнікава, Віктар Сянькоў і Ірына Пыліна (яе творчасць прадстаўлена відэа-артам), а таксама графік Міша Дайліда, які прадставіў на суд гледача серыю «Ноч — гэта не маё», у якой спалучаны пачуццё адзіноты і прадчуванне бяскрайнасці сумнай штодзённасці.
— Паўдзельнічаць у праекце мне прапанавала Кацярына Янкоўская, — расказаў мастак. — Цаню шанс прычыніцца да стварэння цікавай выстаўкі, у рамках якой плён сваёй працы дэманструюць надзвычайныя аўтары. І ўсё ж серыю прэзентую нечакана для сябе: прапанова была раптоўная, аднак у мяне якраз сабралася шмат новых скончаных работ. Часта працую на хаду, натхняюся самымі рознымі выпадковасцямі.
І падобных эскізаў у мяне хопіць на вялікую колькасць выставак.
Сярод мастакоў, чыя творчасць добра знаёмая беларускай публіцы, — Уладзімір Зінкевіч. Аўтар даўно стварае карціны, якія даволі складана інтэрпрэтаваць, аднак гэта не перашкаджае спробам іх асэнсавання, расшыфроўкі закладзеных у іх загадак і намёкаў.
Сапраўды, палотнам уласціва таямнічасць, эфект якой дасягаецца з дапамогай адметнай кампазіцыі, дзе ёсць шмат свабоднай прасторы і адсутнічае нават падабенства цяжкавагавасці. У гэтай пустэчы і спакоі якраз і прыхавана тая самая saudade. Сцяна туману, дрэвы, што віднеюцца за ёй, а яшчэ жаночыя вобразы — пастаянныя матывы творчасці Уладзіміра Зінкевіча. Аднак гэтым разам таямнічых персанажаў знайсці не ўдалося — у прапанавых для выстаўкі работах «Ранішні туман» (2022) і «Час дажджоў» (2024) паказана выключна прыроднае хараство.
Паспяхова ў чорна-белай абстрактнай фатаграфіі працуе Ганна Мельнікава, якая прадставіла творы з серыі «Востраў Нуль» 2023 года. Знакаміты Востраў Нуль — жартаўлівая назва, якая мае месца на нулявых градусах шыраты і даўгаты, кропка скрыжавання нулявога мерыдыяна з экватарам. Знаходзіцца, між іншым, у Гвінейскім заліве каля заходніх берагоў Афрыкі. І ўсё ж востраў, якога не існуе, — нібыта меланхолія, нічым не выкліканая, настальгія па тым, што не спраўдзілася.
Чорна-белую, але ўжо рэалістычную фатаграфію прапанаваў Міхаіл Кулажанка. «Страта № 66» (2019), «Страта № 37» (2022) і «Страта № 9» (2024) нагадваюць урыўкі з непадрабязнага аповеду аб складаным перыядзе жыцця. Ілюзій, што гэтыя страты ніяк не паўплывалі на асобу, быць не можа, бо, па-першае, гэта не простая канстатацыя — вядзецца нейкі важны адлік, а па-другое, ён адваротны: быццам запушчаны працэс, які вядзе да цалкам акрэсленага выніку. А магчыма, усё гучыць болей трывіяльна і страты, пра якія вядзецца гаворка ў сціплых і чароўных пейзажах, — кожнае імгненне жыцця і немагчымасць павярнуць час назад...
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара