Змястоўная выстаўка ў галерэі Савіцкага нагадвае пра тое, што майстар звяртаецца не толькі да малых форм, але працуе і ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве, таму ў экспазіцыі прадстаўлены аб’ёмныя кампазіцыі, а таксама фотапланшэты з выявай створаных Аляксандрай Дзятлавай работ для розных інтэр’ераў. Публіка знаёміцца з творамі з калекцыі аўтара і з фонду Нацыянальнага мастацкага музея.
Што да крыніц натхнення мастачкі, то гэта, найперш, тэатр, гісторыя ўзнікнення якога сыходзіць каранямі ў Старажытную Грэцыю. Ды самі вобразы, над выяўленнем, інтэрпрэтацыяй якіх працавала Аляксандра Дзятлава, нагадваюць гледачу пра ўзоры антычнага мастацтва. Так, для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі майстар стварыла скульптуры, якія маюць знешнее падабенства з танцоўшчыкамі Наталляй Труханавай і Вацлавам Ніжынскім і да таго таго ж паказваюць герояў балета — Перы і Фаўна адпаведна. Работы, зразумела, адрозніваюцца сучасным разуменнем пластыкі, уласным падыходам да колеравага фону, аднак і ў гэтым, і ў многім іншым счытваецца глыбокая павага да антычнага канона, які сфарміраваў ідэалы прыгажосці і гармоніі, што вызначылі развіццё мастацтва. Між тым кампазіцыя «Тэатральная сюіта» (вазы «Музы» і «Танец наяд», 2013) у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы — сапраўднае прысвячэнне вытокам тэатра.
Адна з візітак аўтара — інтэр’ерная пластыка, выкананая ў керамічных матэрыялах, у афармленні аптэкі № 88 («Белфармацыя») у Траецкім прадмесці. Тут відавочны зварот ужо да сярэдневякоўя: стылізаваны аптэчны посуд, адпаведныя роспісы на кафляных плітках... Вядома, распрацоўшчыкі інтэр’ера і дызайну, сярод якіх была і Аляксандра Дзятлава, імкнуліся засяродзіць увагу кожнага з наведвальнікаў на здабытках мінуўшчыны, характэрных рысах пэўнага перыяду, бо тэрыторыя, на якой знаходзіцца сённяшняя фармацыя, — месца, дзе з’явілася адна з першых аптэк у Мінску.
Аляксандра Дзятлава закладвае ў многія свае работы хрысціянскія матывы. Найбольш яскрава гэты кірунак яе творчасці адлюстроўвае скульптурна-архітэктурная кампазіцыя іканастаса (2004) Храма Іава Шматпакутнага (Дом Міласэрнасці ў Мінску), дзе аўтарскім новаўвядзеннем лічыцца ўключэнне ў інтэр’ер такога тыпу будынка твораў трохмернага аб’ёму. Гаворка пра чатыры вобразы шасцікрылага Серафіма ў ніжняй і сярэдняй частках іканастаса і скульптуры на трэцім ярусе — архангелы Міхаіл і Гаўрыіл. Сярод значных твораў айчыннага мастацтва — гарэльеф Аляксандры Дзятлавай «Благавешчанне» для будынка Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы. У ім вабіць найперш віртуознае выкананне — выкарыстанне зусім розных матэрыялаў, іх цікавае спалучэнне. Адсюль вынікае і нечаканы ад падобнай кампазіцыі эфект, здольны здзівіць гледача. Аднак не пакідаюць абыякавым і многія іншыя творы, напоўненыя светлымі пачуццямі, гумарам і радасцю жыцця: работы серыі «Этыкет» (2020), кампазіцыі «Дутыя аўтарытэты» (2000), «Палессе» (2004), «З круізу» (2004), «Паветра ночы» (2009), «Перакуленае неба» (2022)…
Выстаўка «Шляхі натхнення» працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага да 23 сакавіка. Арганізатары адзначаюць, што падчас работы праекта плануецца правядзенне майстар-класаў і аўтарскіх экскурсій.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара