Top.Mail.Ru

Што адбывалася на вызваленай зямлі?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
22.05.2025 | 07:00

Паўнавартасным працягам вышэйзгаданай выстаўкі можна лічыць экспазіцыю «На вызваленай зямлі», у творах якой мастакі ваеннага пакалення апяваюць мірнае жыццё. Праект у галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі, які можна наведаць да 14 верасня, знаёміць з жывапісам 1950–1980 гадоў. 


Згодна з выбраным творчым метадам і ўласнай манерай адлюстравання жыцця, кожны мастак выяўляў мір — беларускую зямлю неўзабаве пасля заканчэння вайны па-свойму. Вядома, камусьці быў блізкі паказ працэсу ўрбанізацыі, а хтосьці звяртаўся да пейзажа, адны мастакі імкнуліся на першы план паставіць калектыў — народ, іншыя ж схіляліся да выяўлення характару чалавека, да засяроджання на ролі асобы. Аднак кожны так ці інакш занатоўваў свае ўяўленні аб прыгажосці і справядлівасці і, самае галоўнае, аб значэнні барацьбы за шчаслівае жыццё. Многія тагачасныя жывапісцы паступова адыходзілі ад драматызму і напружанасці ў сюжэтах, ад змрочнасці і палымянасці фарбаў, ад дынамічнасці кампазіцыі. Гармонія і спакой ва ўсіх праявах — усё гэта яны стараліся прыўнесці рознымі шляхамі ў свае палотны. Аднак зварот да маштабнасці часта захоўваўся — задумы патрабавалі адпаведных памераў карціны. А як іначай перадаць перажыты боль і радасць жыцця, якая асвятляе ўсё навокал? 

13_18_A.jpg

Мікалай Залозны «Вызваленая зямля», 1965 г. 

Канцэпцыя выстаўкі «На вызваленай зямлі» магла прадугледжваць уключэнне самых розных твораў — ад лірычных пейзажаў да тэматычных палотнаў — прысвячэнняў значным падзеям у жыцці савецкіх рэспублік. Гэтага, зразумела, хапае ў фондах Беларускага саюза мастакоў, аднак стваральнікі экспазіцыі вырашылі спыніцца на творах, якія аб’ядноўваюць матывы асцярожнага шчасця і цішыні. 

Пра тое, як пераасэнсоўваюцца падзеі блізкага і далёкага мінулага і самімі мастакамі, і іх героямі, расказваюць палотны «Вызваленая зямля» (1965) Мікалая Залознага, «Першая вясна» (1980) Сяргея Цуканава, «Страдная пара ў саўгасе „Сітцы“» (1976) Натана Воранава, «Кавалі» (1972) Барыса Аракчэева... Асаблівай глыбінёй думкі вызначаюцца «Сейбіты» (1981) Гаўрыіла Вашчанкі, а характэрная для яго творчасці стрыманасць (каларыстычная і кампазіцыйная) захапляе. 

13_18_C.jpg

Фрагмент экспазіцыі. 

Пераадоленню трагедыі, гучнаму рэху вайны прысвечаны работы Яўгена Зайцава («Памяці загінулых», 1985–1987), Уладзіміра Міхайлоўскага («Набат Хатыні», 1977), Акіма Шаўчэнкі («У гераічным мінулым», 1975–1976) ды іншых. Побач — згадкі пра свята: «Мінск. Дзень Перамогі» (1985) Станіслава Гарачова і «Дзень Перамогі. Легенда» (1990) Аляксандра Кішчанкі. 

13_18_B.jpg

Мікалай Назаранка «Рабінавая пара», 1988 г.

Значную частку экспазіцыі «На вызваленай зямлі» склалі пейзажы, дзе асаблівую важнасць набывае пабудова прасторы... Большасць прапанаваных работ характарызуецца статыкай — прырода на палотнах «Азёрны край» (1976) Вячаслава Кубарава, «Супакаенне» (1982) Паўла Масленікава, «Восень» (1980) Алега Даўгялы, «Вясна» (1968) Уладзіміра Гардзеенкі і асабліва «Стажок. Сенакосная пара» (1977) Антона Бархаткова амаль нерухомая. У рамках канцэпцыі выстаўкі гэта счытваецца не іначай як дэманстрацыя жадання чалавека не спудзіць цішыню і ўсё тое ж асцярожнае шчасце. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю