Скарбы ад майстроў Слонімшчыны
Гродзенскія аматары народных рамёстваў і жывапісу даўно «пратапталі сцежку» ў дэманстрацыйную залу метадычнага цэнтра, дзе за гады існавання было арганізавана звыш 500 унікальных экспазіцый. Да 23 ліпеня тут можна ўбачыць «Скарбы слонімскай зямлі» — такую назву атрымала справаздачная выстаўка майстроў народнай творчасці і мастакоў краю. Арыгінальная калекцыя традыцыйных лялек, тканыя паясы, габелены, мастацкая кераміка, жывапісныя палотны, дэкаратыўны роспіс па шкле — на суд гледача ўсё тое, што слонімскія ўмельцы стварылі з душой і любоўю да сваёй справы. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з вырабамі, выкананымі ў тэхніках саломапляцення і выцінанкі — двух традыцыйных відаў мастацтва, якія займаюць пачэснае месца ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
«Скарбы слонімскай зямлі» не толькі дэманструюць майстэрства творчых людзей, але і дазваляюць пранікнуцца атмасферай багатага на славутасці краю. Тут нібыта ажываюць пераліўныя хвалі «Шчары ля Паўлавічаў» мастачкі Тамары Сцяцэнка, заварожвае прыгажосцю «З’ява Жыровіцкай Божай Маці» ў фарбах на шкле ад майстра Марыі Зелянко, «Сынкавіцкая царква» паўстае ў папяровых карунках мясцовай выцінаншчыцы Людмілы Руткоўскай, а выкананыя з неверагоднай дэталізацыяй драўляныя экспанаты клічуць у краіну казак і фантазіі. Асаблівую цікавасць уяўляюць творы народнага майстра Алены Міхед, якая беражліва захоўвае перададзеную ад старэйшых пакаленняў традыцыю і ўвасабляе яе ў вышыўцы.
У спадчыну — мастацтва і талент
Яшчэ адна гордасць абласнога метадычнага цэнтра — ткацкая майстэрня, якая пачала сваю работу з сярэдзіны мінулага стагоддзя і паспяхова працуе сёння дзякуючы вядучаму метадысту па арганізацыі выставак, конкурсаў, фестываляў Алене Шунейка. Майстар габеленаў з’яўляецца пераемніцай бацькавай тэхнікі «падвойнага і пераборнага аднабаковага» ткацтва, якая ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Алена Шунейка
Сёння рыхтуецца новая маштабная работа — рукатворны падарунак у гонар 85-годдзя, які хутка будзе адзначаць абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Гэтым разам Алена Шунейка працуе ў творчым дуэце з Анастасіяй Матусевіч — гродзенскім майстрам па вышыўцы. Адкрываць усе сакрэты ўмеліцы не спяшаюцца: пакуль ідзе складаная і карпатлівая праца па стварэнні эскіза. Мастацкія вобразы чарговага шэдэўра будуць увасоблены ў дэкаратыўным пано, выкананым у змяшанай тэхніцы.
Яскравыя ўзоры і інтэрактыў
Абапіраючыся на назапашаны гадамі вопыт, спецыялісты абласнога метадычнага цэнтра імкнуцца прыцягнуць да творчасці як мага больш гродзенцаў, у першую чаргу — дзяцей. Юных наведвальнікаў выставак запрашаюць да ўдзелу ў інтэрактыўных гульнёвых праграмах, у творчых майстар-класах, знаёмяць з рамёствамі па яркіх узорах. Прыхільнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва могуць набыць у цэнтры арыгінальны сувенір, зрабіць незвычайны здымак у стылізаванай фотазоне, бліжэй пазнаёміцца з культурным багаццем Гродзеншчыны, адпачыць душой і адчуць тую магутную сувязь з каранямі, у моцы якіх — наша будучыня.
Ала БЯЛЬКЕВІЧ
Фота дасланы аўтарам