Пасля смерці мастака Нацыянальная бібліятэка Беларусі выдала каталог «Уладзімір Лукашык. 1953–2023 [Выяўленчы матэрыял]: станковая і кніжная графіка. Дызайн». Аўтары-складальнікі — Валянціна Дзеразкова, Лізавета Янусік. З уступнага артыкула да каталога: «...Асноўная частка яго работ — дызайн і ілюстрацыі да кніг і артыкулаў. Дызайн кнігі Уладзіміра Лукашыка — гэта строгая сістэма элемента навігацыі і графікі, якая разбаўляецца тонкімі філасофскімі малюнкамі. Яго графіка і сапраўды філасофская: у жаночых партрэтах адчуваецца характар кожнай мадэлі, яе настрой; пейзажы выглядаюць безжыццёва прывабнымі, а старадаўнія рэчы нашых продкаў намаляваны дасканала выверана з захапленнем кожнай дэталлю. У любым графічным аркушы бачна рука майстра: аб’ект выкананы з невялікай стылізацыяй, прамым асвятленнем і дробнай прапрацоўкай фактуры». Два раздзелы каталога адкрываюць перад намі амаль сто работ Уладзіміра Лукашыка: у «Графіцы» — 31 рэпрадукцыя; у раздзеле «Жаночыя партрэты» — 66...
Раздзел «Графіка» адкрываецца работамі «Брама вольнасці. 2023 (папера, лічбавае маляванне, лічбавы друк)» і «Брама. 2017 (папера, лічбавае маляванне, лічбавы друк)». З уступнага артыкула да каталога: «У апошнія гады мастак працаваў над праграмным дыптыхам „Брама“. Брама на графічных аркушах выступае пасрэднікам паміж светам жывых і мёртвых. Перад сімвалічнай будоўляй мы бачым белага каня, які заціснуў у зубах цуглі. Але яны не трымаюцца за аброць, таму конь можа аслабіць сківіцы, частка папругі выпадзе — ён стане абсалютна вольным.
Але жывёла гэтага не робіць, таму што гэтае абмежаванне патрэбна яму як аб’езджанаму каню, бо яго вольнасць асэнсаваная. Яго ўнутраная энергія і сіла ўтаймаваныя. Тут у некаторай ступені праводзяцца паралелі з чалавекам: ён сталее, адукоўваецца, знаходзіць сваё месца ў жыцці, асэнсоўвае сябе неабходнай часткай грамадства — і вось без гэтых цугляў ужо не ўспрымае сваё жыццё. У дыптыху Уладзімір Лукашык філасофствуе над мінулым, сучасным і будучым, абагульняе свой вопыт і выводзіць пасланне нашчадкам». Увогуле коні — асобная тэма ў творчасці У. Лукашыка на працягу ўсяго жыцця. Уражвае і работа з 1991–1992 гг. — «Зацугляны»...
У каталогу — і рэпрадукцыі малюнкаў да кнігі Васіля Гігевіча «Марсіянскае падарожжа». Пісьменнік Віктар Шніп, які часта сустракаўся з мастаком, занатаваў у адным са сваіх дзённікавых раманаў пра Уладзіміра Лукашыка: «...11.08.2017. А трэцяй працоўнага дня прыходзіў Уладзімір Лукашык. Прынёс з сабой работы сваіх студэнтаў, якія ў час практыкі зрабілі тры арыгінал-макеты кніжак. Адна студэнтка папрацавала над „Прыгодамі мышкі Пік-Пік“ Людмілы Рублеўскай і на праглядзе атрымала дзясятку. І яшчэ адна дзяўчына атрымала дзясятку, а другая дзявятку, зрабіўшы арыгінал-макеты маёй кніжкі хоку „Кроплі з вечнасці“. Уладзімір абяцаў падумаць над афармленнем „Беларускай песні“ Уладзіміра Караткевіча, якая плануецца да выхаду ў наступным годзе ў серыі „100 вершаў“. „Я ўжо не маладзён, таму калі буду рабіць нешта, то зраблю так, каб гэта засталося. Як узор мастацкасці. Халтурыць не буду!“ — сказаў мой госць. Кніжныя праекты, якія ён у свой час распачаў з Мачульскім, Уладзімір збіраецца працягнуць і завяршыць. Ужо гадоў дзесяць працуе над афармленнем „Паноў Кубліцкага ды Заблоцкага“ Пятра Васючэнкі. Мяркуе праз пару гадоў закончыць. Я хацеў сказаць сябру, што з такімі тэмпамі працы над афармленнем яму трэба жыць гадоў трыста, каб ажыццявіць усё, што задумаў. Не сказаў. Дасць Бог, і Валодзя зробіць усё, што хоча, і да ста гадоў...»
Кароткае адступленне. Традыцыйны кніжны рынак, які расквітнеў напрыканцы XX стагоддзя, у апошняе дзесяцігоддзе істотна звузіўся. І гэта балюча ўдарыла па творчасці кніжных графікаў... Многія славутыя майстры ілюстравання кніг, асабліва кніг мастацкіх, дзіцячай літаратуры, альбо па меры магчымасцей пачалі працаваць для маскоўскіх, санкт-пецярбургскіх кніжных выдавецтваў, ды і для выдавецтваў не толькі Расіі, але і Вялікабрытаніі, краін Заходняй Еўропы, альбо ўвогуле спынілі свае памкненні, захапленне афармленнем кніг пасунулі на лепшае заўтра... Амаль не працавалі як кніжныя графікі ў апошнія гады свайго жыцця такія майстры, як Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі... Кнігавыдавецкая галіна ў сілу аб’ектыўных прычын не здолела стварыць адпаведныя ўмовы для развіцця кніжных графікаў, для належнай ацэнкі іх працы. Хаця разуменне, што без яркіх мастакоў няма руху наперад, кіравала і жаданнем захаваць пэўныя традыцыі ранейшых дзесяцігоддзяў. Размова — і пра конкурс «Мастацтва кнігі», і пра акцэнты ў афармленні дзіцячых кніг на жывую ілюстрацыю, на арыгінальныя аўтарскія адкрыцці. І ўсё ж, і ўсё ж... Несумненна, ва ўмовах 1980-х гадоў, ва ўмовах ранейшых дзесяцігоддзяў кнігавыдавецкай рэчаіснасці талент Уладзіміра Лукашыка як кніжнага графіка набыў бы іншае, болей узнёслае развіццё. Але час такі, які ён ёсць... І ва ўмовах гэтага часу Уладзімір Лукашык і як ілюстратар зрабіў даволі шмат. Перад вачыма — і вокладка да гістарычнага рамана Генрыха Далідовіча «Гаспадар-камень». Што ўжо казаць пра працу мастака над графічным прачытаннем рамана Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі»!.. Раман, які расказвае пра падзеі XII стагоддзя, запатрабаваў ад ілюстратара, мастака кнігі паглыблення ў адпаведны гістарычны адрэзак часу. Але, відавочна, поспеху ў афармленні паспрыяла ў значнай ступені іншае. Уладзімір Лукашык пачуў словы з прадмовы да кнігі «Слова на дарогу»:
«...У кожнага народа павінна быць нацыянальная энергія і гістарычная памяць. У кожнага». І набіраўся гэтай энергіяй, насычаўся гэтай гістарычнай памяццю. Таму і выглядаюць продкі, гараджане старажытнага Полацка з рамана «Меч князя Вячкі» такімі блізкімі і роднымі...
Энергія мастака, яго гісторыка-нацыянальны пошук — і ў плакатах, «карцінах, на якіх чытаюцца словы». Трыпціх, створаны ў 2000 годзе («Будзеш есці хлеб», «Пакуль не вернешся ў зямлю», «З якой ты ўзяты» — папера, туш), — гэта і сімвалы, якія выяўляюць мастацкую пазіцыю мастака, адлюстроўваюць яго светабачанне, адносіны да жыцця і мастацтва. «Мы прыходзім у гэты свет гасцямі, і ад кожнага застаецца свой след. Хтосьці пакідае нам вялікую спадчыну, некаторыя ж дасягненні праяўляюцца праз гады і стагоддзі», — так пачынаецца ўступны артыкул да каталога.
Дасягненні Уладзіміра Лукашыка, след яго выразна акрэслены гэтым выданнем. Яно стане і напамінам пра неабходнасць стварэння альбома ці проста кнігі, прысвечанай творчасці сумленнага працаўніка на ніве кніжнай графікі, на ніве выяўленчага мастацтва Беларусі. Уладзімір Лукашык, несумненна, гэтага заслугоўвае. І гэта зразумела ўжо сёння…
Раман СЭРВАЧ