Ураджэнец Крычава, які атрымліваў адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, а затым у Акадэміі мастацтваў і вучыўся, між іншым, у Мая Данцыга, Раман Коршунаў аддае перавагу непасрэднай сувязі мастака і прыроды, таму шмат часу праводзіць на пленэрах. З вынікамі сваёй працы ён можа знаёміць публіку і падчас выставачных праектаў Беларускага саюза мастакоў, членам якога з’яўляецца з 2014 года. Да таго ж работы жывапісца знаходзяцца ў фондах Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Ёсць створанае ім і ў прыватных калекцыях Расіі, Кітая, Аўстраліі, Арменіі, Чарнагорыі.

«Кавуны», 2024 г.
Нават на выстаўцы «У пошуках гармоніі», якая ілюструе існаванне на творчым шляху аўтара своеасаблівага даследавання, вызначэння ўласных ідэалаў, ледзь не кожны твор дапаўняе іншыя і выступае працягам умоўнай серыі. А ў ёй якраз апяваецца сціплая, але прамяністая прыгажосць беларускіх краявідаў, што паланіла сэрца яшчэ ў маленстве. Мастак цэніць кожную светлую хвіліну жыцця, да таго ж шануе той уклад, які ўстанавіўся ў глыбінцы. Менавіта яе ціхае і, пэўна, гарманічнае існаванне глядач бачыць на палотнах Рамана Коршунава. Наўрад ці ад Мая Данцыга жывапісец запазычыў гэтае імкненне да супакаення: усё ж той, апрача таго што быў урбаністам, часта схіляўся да адлюстравання руху, паважаў дынаміку ў кампазіцыі. Аўтар зрэдку выяўляе сябе (вядома, надта прыблізнае меркаванне) паслядоўнікам Паўла Масленікава, які ўсё жыццё вёў летапіс прыроды Беларусі (і не толькі). Услед за славутым мастаком Раман Коршунаў, нягледзячы на схільнасць да імпрэсіянізму, малюе рэалістычны вобраз шмат для каго схаваных куткоў краіны. Як і ў многіх пейзажах Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, у яго карцінах не знойдзеш напружання, нават ледзь заўважнага драматызму; як і Іван Дмухайла, сучаснік не пазбягае адлюстравання простага і стрыманага жытла вяскоўца — такога, якога з цягам часу не застанецца на вуліцах вёсак, тыя таксама паступова адыходзяць у нябыт.

«Сярэбраны вечар», 2017 г.
Сапраўды, як і многія папярэднікі, Раман Коршунаў паказвае жыццё і сваё бачанне з’яў рэчаіснасці. Аднак у гэтым цалкам зразумелым, а таму і не надта прыкметным спосабе быцця ў жывапісе выказана яго стаўленне не толькі да навакольнага свету і, дарэчы, да сябе, але і да мастацкага працэсу. Там, дзе іншыя шукаюць і знаходзяць самыя розныя варыянты самавыяўлення, пейзажыст выбраў свой шлях. Там, дзе многія паглыбляюцца ва ўласную ўнутраную стыхію, робячы спробы рэфлексіі і засяроджваючыся на пачуццях і эмоцыях, пейзажыст азіраецца вакол і ўглядаецца ў тое, што блізка, побач. Там, дзе большасць быццам шукае пэўнае апірышча, пейзажыст знайшоў яго — у штодзённым пошуку гармоніі...
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара