Top.Mail.Ru

Скрыжаване лёсаў Беларусі і Расіі

Аўтар: Яўгенія Шыцька
21.01.2025 | 13:48

Добраахвотна ці вымушана, з радасцю ці з вялікім сумам у свой час кожны пакідае бацькоўскі дом і шукае месца ў жыцці. І ў кожнага гэтыя пошукі вызначаюцца ўласнымі арыенцірамі ды безліччу самых розных акалічнасцей, радасных падзей і непрыемных здарэнняў, якія падкідвае лёс. Тычыцца гэта і мастакоў — ураджэнцаў Беларусі, якім, так склалася, у былыя часы прыходзілася даволі няпроста. На працягу многіх стагоддзяў атрыманне прафесіі на тэрыторыі сучаснай краіны было недасягальнай мэтай, пазней з’явіліся прыватныя школы, а затым — і сур’ёзныя адукацыйныя цэнтры, стварэнне якіх прыпала на першую палову XX стагоддзя. Толькі ў другой палове веку стаць прафесійнымі мастакамі без вялікіх перашкод мелі магчымасць многія таленты.


Мастацкую спадчыну тых, хто нарадзіўся на беларускіх землях, але прафесійную адукацыю атрымаў у Расіі, дэманструюць сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі. Да 31 сакавіка будзе працаваць выстаўка «Беларусь — Расія. Скрыжаванне лёсаў», падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным Рускім музеем. Яго генеральны дырэктар Ала Манілава падкрэслівае, што галоўная задача праекта — навуковымі сіламі двух музеяў прааналізаваць агульныя карані, засведчыць агульнасць культурнай прасторы. «У працэсе вывучэння стала зразумела, што карані трэба шукаць у перыядзе XIX стагоддзя, калі народжаныя на спрадвечных беларускіх землях таленты шукалі пункты прыцягнення. Мы гаворым пра перыяд Расійскай імперыі, калі на беларускіх землях яшчэ не нарадзіліся тыя мастацкія школы, якія сталі з’яўляцца ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзя», — падкрэсліла Ала Юр’еўна. 

Нарадзіліся на Беларусі, вучыліся ў Расіі — менавіта па такім простым прынцыпе адбіраліся работы для выстаўкі. Канцэпцыя нескладаная, больш за тое — напрошваецца арганізацыя падобных пректаў, напрыклад, у супрацоўніцтве з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй. Аднак, што тычыцца любой ініцыятывы такога кшталту, вялікую ролю адыгрывае рэалізацыя. У экспазіцыі «Беларусь — Расія. Скрыжаванне лёсаў» яна выдатная. Чатыры залы выставачнага корпуса дэманструюць, што вырашэнне кожнай прасторы прадумавалася да дробязей. Іх напаўненне раскажа гледачу і пра гістарычныя перыяды, калі жылі і стваралі тыя ці іншыя аўтары, і пра стылі, кірункі і плыні ў мастацтве, што дамінавалі пэўны прамежак часу, і пра тэмы, да якіх звярталіся жывапісцы, графікі, скульптары, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 

Дэманструюцца сапраўдныя шэдэўры, хоць непадрыхтаванаму гледачу гэта можа быць не зразумела, маўляў, малавата твораў Марка Шагала ці няма, напрыклад, палотнаў Антона Бархаткова (ён у свой час скончыў Маскоўскае дзяржаўнае акадэмічнае мастацкае вучылішча памяці 1905 года). Ды некаторыя могуць здзівіцца: хто яны, невядомыя сёння Давід Загоскін, Леў Іваноўскі, Меер Айзенштат?.. Гэтыя магчымыя заўвагі — толькі яшчэ адна нагода для стварэння падобнай маштабнай экспазіцыі. Бо «Скрыжаванне лёсаў» не ўключае ніводнай лішняй работы, змястоўная і густоўная, экспазіцыя можа быць толькі пашырана і ўдасканалена. 

Безумоўна, на выстаўцы ідзе гаворка галоўным чынам пра лёс мастака. Кожная з чатырох залаў паўстае напамінам пра тое, што нават у складаныя гадзіны таленты прабівалі сабе дарогу — дзеля і насуперак, знаходзілі свой шлях, хоць, здавалася, ішлі па адных і тых жа сцяжынах, калі выбіралі вучобу, напрыклад, у Імператарскай Акадэміі мастацтваў, звязвалі прафесійнае развіццё з Санкт-Пецярбургам. І ўсё ж у кожнага быў свой лёс, на які выпадалі і ўзнагароды, і пакаранні... Ды кожнага выбіраў час, які ў любым выпадку вымушаў гаварыць пра вялікае, галоўнае, значнае і быць зразумелым. Захоўваць пры гэтым самабытнасць і індывідуальны стыль — найвялікшы дар і найскладанейшая задача. 

Незайздросны лёс напаткаў, напрыклад, Давіда Загоскіна, жывапіс і графіка якога прадстаўлены на выстаўцы ў Мастацкім і, пэўна, мала вядомыя публіцы. Ураджэнец вёскі Сураж, што на Віцебшчыне, ён звязаў сваё жыццё з Ленінградам. Там і загінуў падчас блакады, у 1942 годзе. Смутак выклікае і лёс мастацкай спадчыны Давіда Загоскіна. Вядома, што большая частка яго жывапісных твораў і дзённікаў была страчана ў блакадным горадзе. Многія работы мастака глядач бачыць толькі дзякуючы мужнасці пляменніка творцы Ісаака Загоскіна: падчас вайны хлапчук захаваў творы свайго дзядзькі, выратаваў каля 200 графічных лістоў. З іх каля 70 пазней былі перададзены ў калекцыю Рускага музея. 

Не на слыху сёння імя Алены Кабішчар-Якерсон, жонкі Давіда Якерсона, вучаніцы Юдаля Пэна, прадстаўніцы УНОВИС... У свой час яна аддала перавагу нацюрморту і пейзажу. На шматлікіх карцінах сярэдзіны 1920-х — пачатку 1930-х гадоў можна ўбачыць любімы ёй родны Віцебск і яўрэйскія мястэчкі (у 1980-х перадала гораду вялікі збор сваіх работ). А пазней, пад уплывам душэўных перажыванняў ад знішчэння яўрэйскага насельніцтва, Алена Кабішчар-Якерсон зноў звярталася да «яўрэйскай тэмы». Пасля смерці мужа ёй было складана займацца мастацтвам, гэты перыяд у яе творчасці не быў плённым... У экспазіцыі змешчана толькі адна яе работа — «Паўднёвае паселішча» (1935). 

Давід Габерман, ураджэнец Мінска, больш вядомы як даследчык народнага мастацтва, аўтар некалькіх манаграфій на гэтую тэму. Быў фатографам, які ўвекавечыў дэкор старажытных яўрэйскіх надмагілляў і малдаўскія паклонныя крыжы. Яго жывапісная і графічная спадчына налічвае больш за 1500 твораў. «Нягоды вайны» (1943), «Дамы сярод буйнай зелені» (1984) і «Дамы на ўскраіне» (1986) можа ўбачыць сёння наведвальнік Нацыянальнага мастацкага. 

Многім аўтарам на выстаўцы «Беларусь — Расія. Скрыжаванне лёсаў» удзелена даволі шмат увагі, і ў выніку атрымаліся своеасаблівыя міні-экспазіцыі. Сярод такіх мастакоў — Саламон Юдовін, графіку якога паказалі з дапамогай работ, прысвечаных жыццю Ленінграда ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Георгій Ніскі з яго светлымі, такімі «роўнымі» і «правільнымі» пейзажамі, Яўсей Майсеенка, вядомы дзякуючы вольнаму шырокаму жывапісу і адметнаму кампазіцыйнаму майстэрству... Натуральна, асобная гаворка — аб спадчыне Івана Хруцкага, Станіслава Жукоўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ды іншых вядомых мастакоў. Аднак не менш прыцягваюць адзінкавыя работы тых ці іншых аўтараў. А гэта найперш «Рамантычны пейзаж» (1977) — непазнавальнае палатно Барыса Заборава са збору Нацыянальнага мастацкага музея, якое запрашае да роздумаў аб Беларусі і яе лёсе. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю