Юлія Качур нарадзілся ў Слуцку ў творчай сям’і. Мама (таксама мастачка) аднойчы прынесла фарбы і палатно і папрасіла што-небудзь намаляваць. Так у 2019 годзе і з’явілася першая работа пад назвай «Самы момант». Праз два гады мастачка адкрыла сваю першую персанальную выстаўку. Асноўная мэта творчасці Юліі Качур — праз колер і кампазіцыю прывесці гледача да гармоніі з сабой і светам.
Асаблівы стыль Юліі Качур мае рысы італьянскага футурызму, фавізму і кубізму. Большасць работ творцы — партрэты ці аўтапартрэты, што таксама можна заўважыць на выстаўцы. Кожная карціна — гэта разважанне пра тое, як успаміны пад уплывам часу, новых абставін і вопыту змяняюцца, трансфармуюцца і набываюць новыя сэнсы. Юлія даследуе гэтую тонкую грань паміж рэальнасцю і ілюзіяй, паміж тым, што прайшло, і тым, чаго ніколі не будзе.
Характэрная рыса стылю мастачкі — людзі, чые эмоцыі нельга распазнаць па выразу твару. Яны безаблічныя, ананімныя. Магчыма, не існуюць і ніколі не існавалі... Трэба быць вельмі праніклівым, каб адчуць эмацыянальны стан герояў і паглыбіцца ў іх перажыванні. Гэты прыём прываблівае і дазваляе мастачцы зрабіць акцэнт на колеравай палітры і перададзенай атмасферы, стварыць універсальны вобраз, у якім кожны зможа знайсці сябе. Нягледзячы на перавагу безаблічных фігур у творчасці Юліі Качур, яе работы не напоўнены адзінотай і сумам. Гэта больш пра адасабленне і шчырую размову з самім сабой, пра паўзу, якая хоць раз у жыцці патрэбна кожнаму чалавеку. Атмасфера творчасці Юліі Качур падшурхоўвае наведвальнікаў да глыбокага самааналізу, філасофскіх разважанняў і пераасэнсавання ролі чалавека ў зменлівым свеце.
Работы «Канарэйка» (2025) і «Нас тут не было» (2025) хоць і не побач, але расказваюць адну гісторыю. Карціны аб’яднаны абстрактным фонам, а галоўны герой, як ні дзіўна, — стол. Героі «Канарэйкі» — маладая дзяўчына і птушка. Тут няма інтрыгі ці схаванага трагізму — толькі спакой і сузіранне быцця. Стол у гэтым творы служыць асновай, падмуркам плаўнага цячэння жыцця. Зусім іншы настрой на карціне «Нас тут не было». Здаецца, той жа стол і фон, аднак цені закаханых дадаюць сумны падтэкст. Назва работы наводзіць на думку, што каханне прайшло і не засталося нават ва ўспамінах. Зусім іншая гісторыя кахання адлюстравана ў творы «Эдэм». На фоне прыгожых заморскіх краявідаў размясцілася пара. Можна ўбачыць толькі іх сілуэты, аднак і гэтага дастаткова, каб адчуць атмасферу сапраўднага кахання.
Спакоем і гармоніяй напоўнены «Дама з партвейнам» (2024), «Фрэш» (2025) і інш. Дапаўняюць іх кампазіцыі з музычным флёрам «Блюз» (2025), «Рэха музыкі» (2023), «Джын» (2022), «Месца для музыканта» (2024). Мастачка выкарыстоўвае яркія колеры, робячы акцэнт на кантрасце паміж лірычным героем і навакольным светам. Любімыя фарбы творцы — аранжавая, сіняя, блакітная, чырвоная і жоўтая — іх можна заўважыць амаль на ўсіх творах.
Філасофскім цэнтрам экспазіцыі з’яўляецца серыя, складзеная з карцін «Нараджэнне» (2025), «Абвяшчэнне» (2025), «Стварэнне» (2025). Творы выкананы ў кірунку сюррэалізм. На абстрактным фоне размясцілася жанчына, у якой замест галавы ракавіна — як сімвал нараджэння новага жыцця, новых ідэй і сэнсаў.
Багатая на сімволіку і абстракцыянізм творчасць Юліі Качур мае на мэце паглыбіць гледача ў свет інтэрпрэтацый, адкрыць новыя грані падсвядомасці і прымусіць глядзець на сусвет праз пачуцці.
Праект працуе да 13 красавіка.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА