Выставачны праект праходзіць у Мінску ў рамках супрацоўніцтва Саюзаў мастакоў Беларусі і Узбекістана. На адкрыцці экспазіцыі прысутнічаў у тым ліку старшыня БСМ і куратар выстаўкі Глеб Отчык, які нагадаў пра ўнёсак узбекскага народа ў Вялікую Перамогу і засяродзіў увагу на развіцці супрацоўніцтва і ўмацаванні сяброўства паміж мастакамі дзвюх краін. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбексітана ў Беларусі Рахматула Назараў працягнуў:
— Узаемадзеянне творчых калектываў нашых краін, у тым ліку суполак мастакоў, доўжыцца даволі даўно. Многія выстаўкі ва Узбекістане праходзяць з удзелам беларускіх аўтараў, да таго ж неаднойчы малюнкі юных мастакоў з Беларусі дэманстраваліся ў нашай рэспубліцы падчас розных конкурсаў. Шмат у чым дапамагаў Цэнтр народнай дыпламатыі ШАС ва Узбексітане. Цяпер мы з’яўляемся сведкамі народнай дыпламатыі, якая існуе паміж дзяржавамі. Шануем адносіны з нашымі партнёрамі і сябрамі і будзем працягваць супрацоўніцтва. Арганізацыя выстаўкі «Сучасны жывапіс Узбекістана» абмяркоўвалася з мінулага года, і я вельмі рады, што яна ажыццявілася. Як чарговы крок чакаем беларускіх творцаў у нас.
Каардынатарам праекта «Сучасны жывапіс Узбекістана» выступае скульптар і дызайнер Максім Пятруль, які два гады таму ўдзельнічаў у біенале сучаснага мастацтва ў Ташкенце, а пасля ініцыяваў стварэнне сённяшняй выстаўкі. З боку Саюза мастакоў Узбекістана праект курыравала Насіма Джураева.
Арганізатары экспазіцыі прапаноўваюць работы жывапісцаў некалькіх пакаленняў. Сярод аўтараў — народныя мастакі, акадэмікі. Так, можна ўбачыць карціну «Прагулка ў гранатавым садзе» (2021) пэндзля старшыні Акадэміі мастацтваў Узбекістана, народнага мастака краіны Акмала Нурыддзінава. Дэманструюцца работы старшыні Саюза мастакоў і акадэміка Акадэміі мастацтваў Узбекістана Ібрагіма Валіхаджаева («Жанчыны на рынку», 2013; «Рытм базару», 2021).
Не саступаюць у майстэрстве, у асаблівым бачанні свету і такія майстры, як Хуршыд Зіяханаў, Зухрыддзін Кіёмаў, Хасан Эгамбердзіеў, Дзілшад Азізаў, Таццяна Фадзеева, Эрык Кульманаў... Многія з удзельнікаў выстаўкі так ці інакш выказваюць, выяўляюць любоў да Радзімы. У выбраных работах — адлюстраванне прыгажосці краіны, зварот да нацыянальных вытокаў культуры і мастацкіх традыцый, павага да мінулага народа, да яго мар і здзяйсненняў. Экспазіцыя, як і належыць у такім выпадку, мае прэзентацыйны характар, таму большасць карцін нагадвае гледачу пра стваральную сілу мастацтва. Між тым гаворка не толькі пра відавочную ў гэтым пытанні рэалістычную школу, надзвычай важкую і ў Беларусі, — узбекскія майстры, вядома, неабыякавыя, напрыклад, да авангарда і абстракцыі. І паўсюль прыцягвае ўвагу работа жывапісцаў з колерам, які выступае моцным сродкам мастацкага выяўлення, стварэння запамінальнага вобраза, а яшчэ — інтэрпрэтацыі рэчаіснасці.
Яўгенія ШЫЦЬКА