Top.Mail.Ru

Стагоддзе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі адсвяткалі канцэртам

16.12.2024 | 10:10

У вялікай зале Белдзяржфілармоніі да 100-годдзя з дня заснавання Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі таленавітыя маладыя музыканты разам са сваімі педагогамі, з выдатнымі выпускнікамі прадставілі ўвазе публікі Гранд-канцэрт.


Юбілей каледжа — гэта свята пераемнасці пакаленняў, вернасці музыцы і творчасці. «Сёння я з вялікім гонарам магу сказаць, што мы перагортваем выдатную стагадовую старонку слаўнай гісторыі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. Мы пільна ўзіраемся ў будучыню, поўную новых ідэй, планаў, праектаў. І ўпэўнены, што яшчэ многія стагоддзі каледж будзе ўносіць важную лепту ў падрыхтоўку кадраў у сферы культуры нашай краіны», — падкрэсліў у сваім выступленні дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Аляксей Снітко.

Тэма любові да Радзімы, да роднай Беларусі аб’яднала ўсю праграму Гранд-канцэрта, раскрылася як у харавой, так і ў інструментальнай музыцы. Юбілейны канцэрт адкрылі ўрачыстыя акорды паланэза кампазітара А. Лядава ў выкананні сімфанічнага аркестра каледжа, за дырыжорскім пультам — Віталь Дубовік. Мякка і аксамітна гучаў голас лаўрэата міжнародных конкурсаў Міхаіла Кузьміча (клас заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Л. У. Нікольскага), у выкананні якога публіка пачула песню У. Алоўнікава на словы А. Русака «Я люблю».

Рэпертуарны дыяпазон Канцэртнага хору МДМК імя М. Глінкі, лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, ахоплівае вялікі пласт харавой музыкі розных эпох, але асаблівае месца адводзіцца апрацоўкам беларускіх народных песень і аўтарскім творам айчынных і рускіх кампазітараў. І сёння адзін з вядучых калектываў каледжа чэрпае духоўныя сілы, фарміруе музычныя густы і выконвае сваю асветніцкую місію шмат у чым дзякуючы публіцы. Рознахарактарнае гучанне «Трыпціха» з яго інтанацыямі беларускай песеннасці ў апрацоўцы А. Рашчынскага — «Туман, туман-матушка», «З-пад белага камушка», «Ой, там на гары» — аб’яднала на юбілейным канцэрце і харыстаў (кіраўнік і дырыжор Аляксей Снітко) і слухачоў.

Кульмінацыяй патрыятычнай лініі стала выкананне музыкі М. Глінкі з оперы «Іван Сусанін» творчымі калектывамі каледжа: канцэртным хорам, змешаным хорам спецыяльнасці «Вакальнае выкананне» (кіраўнік Кіра Славінская) і жаночым хорам «Мелодыка» (кіраўнік Вольга Крыпец). Дырыжор Аляксей Снітко.

На працягу дзесяцігоддзя важны ўклад у далучэнне моладзі да песенных скарбаў роднай культуры, адраджэння традыцый аўтэнтычнага беларускага фальклору ўносіць дзейнасць народнага хору «Бліскавіца» (кіраўнік Ганна Мілавідава). За высокія выканальніцкія дасягненні і актыўную канцэртную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой у 2024 годзе народны хор «Бліскавіца» быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выпускнікі калектыву — артысты Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, салісты і ўдзельнікі многіх ансамбляў народнай музыкі. Публіка цёпла вітала салістку Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Анастасію Воранаву. У яе выкананні пры ўдзеле народнага хору «Бліскавіца» прагучала лірычная беларуская народная песня «Каля лесу туман» у апрацоўцы М. Сіроты. 

У ліку выдатных выпускнікоў каледжа — цымбаліст-віртуоз, дырыжор, педагог, кампазітар, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь Іосіф Жыновіч. Заснавальнік айчыннай цымбальнай школы, ён ператварыў беларускія цымбалы з народнага ў класічны акадэмічны інструмент з сапраўды бязмежнымі магчымасцямі. Зводны ансамбль цымбалістаў каледжа ў складзе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — ансамбля цымбалістаў «Залатая струна» (кіраўнік Ганна Палесава) і ансамбля цымбалістаў «Беларусачка» (кіраўнік Таццяна Сушчэня), канцэртмайстры — Ірына Лук’янава і Вольга Кіранава, — выканаў папулярныя «Беларускія танцы» І. Жыновіча, раскрыўшы нацыянальны характар і душу беларускага народа.

Песенна-харавая лінія знайшла свой працяг у музыцы І. Лучанка на словы Янкі Купалы «Спадчына» (аранжыроўка А. Атрашкевіч) у выкананні творчых калектываў каледжа. Праграма юбілейнага канцэрта была прадстаўлена і творамі замежнай класікі — К. Сен-Санса, Ж. Бізэ, І. С. Баха, Н. Паганіні, Дж. Гершвіна, рускай музыкай — А. Лядава, С. Танеева, П. Часнакова, М. Глінкі. Творы сучасных рускіх і беларускіх кампазітараў выканалі вядучыя калектывы каледжа: лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў духавы аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (кіраўнік і дырыжор — Павел Казак), зводны аркестр народных інструментаў у складзе лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аркестра беларускіх народных інструментаў (кіраўнік і дырыжор Сяргей Гладкі) і аркестра рускіх народных інструментаў (кіраўнік і дырыжор Юлія Жураўлёва).

Віртуозна і палымяна прагучала папулярная музыка Н. Паганіні «Капрыс ля мінор» у выкананні ансамбля скрыпачоў «Капрыс» — уладальніка заахвочвальнай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэата міжнародных конкурсаў (кіраўнік Галіна Арабей, партыя фартэпіяна — Антон Лешчанка). Вялікае задавальненне для слухачоў — незабыўныя сустрэчы з лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, выпускнікамі каледжа — Юліяй Ігонінай (скрыпка), салісткай Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі, дацэнтам Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага і Дар’яй Гаражанка, салісткай Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусі.

У завяршэнні прагучалі джазавыя кампазіцыі ў выкананні эстраднага аркестра каледжа (кіраўнік Мікалай Федарэнка). Апафеозам Гранд-канцэрта стала фінальная песня Ю. Саульскага «Жадаю табе, зямля мая» ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў, салісткі Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Анастасіі Малашкевіч з харавым і інструментальным суправаджэннем усіх калектываў каледжа.

Наталля КАРДАШОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю