Top.Mail.Ru

Старажытныя помнікі культуры размешчаны ў Нацыянальным мастацкім музеі

Аўтар: Яўгенія Шыцька
17.03.2025 | 07:00

Да 6 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі можна пазнаёміцца з нетыповым для гэтай выставачнай пляцоўкі праектам «Мастацтва ў археалогіі», куратарам якога выступае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Моніч. Згодна з азначэннем стваральнікаў, экспазіцыя — своеасаблівая справаздача музея аб яго дзейнасці па вывучэнні старажытных помнікаў культуры і мастацтва і іх захаванні. Прэзентацыя падобнай выстаўкі яшчэ і нагода для прыцягнення ўвагі археолагаў і актывізацыі супрацоўніцтва з навуковымі інстытуцыямі, якія займаюцца раскопкамі. 



Нацыянальны мастацкі музей, натуральна, не валодае асобнай калекцыяй археалогіі, гэта спецыфіка іншых скарбніц. Аднак установа захоўвае невялікую колькасць выяўленых падчас правядзення раскопак артэфактаў. Так, першыя помнікі археалогіі з’явіліся ў калекцыі музея ў 1962 годзе: то былі рэшткі кафлі Наваградскага замка, якія раней уваходзілі ў зборы Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Пазней у Мастацкі трапілі ўзоры беларускай кафлі з пахавальні графаў Паскевічаў у Гомелі і з раскопак у Міры, Магілёве, Мсціславе і Лідзе. У выніку ж уся кафля была перададзена навукова-рэстаўрацыйным вытворчым майстэрням — яны праводзілі аднаўленчыя роботы ў капліцы-пахавальні роду Паскевічаў. Да таго ж некаторыя экспанаты перайшлі новаўтворанаму збору замкавага комплексу «Мір». 

Сёння меней за 200 археалагічных адзінак — частка калекцыі «Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» НММ. Палова гэтых надзвычай важных помнікаў розных перыядаў, збольшага — сярэдневякоўя, і склала экспазіцыю. Між тым гэта не проста сведкі мінулага — нягледзячы на прыкладны характар, прадметы маюць пэўную мастацкую каштоўнасць. Якраз да гэтага зводзіцца ідэя выстаўкі «Мастацтва ў археалогіі». 

Вывучаць гэтыя экспанаты даволі складана ці нават немагчыма без разумення кантэксту, без ведання гісторыі таго ці іншага прадмета. Зразумела, далёка не пра кожны ўдалося даведацца даследчыкам, аднак кароткія звесткі пра некаторыя дайшлі да сучаснікаў. З каментарыя да выстаўкі даведваемся:

«Самыя каштоўныя археалагічныя прадметы трапілі ў калекцыю мастацкага музея ў 1963 і 1975 гадах па выніках раскопак у Ваўкавыску (пад кіраўніцтвам Васіля Радзівонавіча Тарасенкі і Яраслава Генрыхавіча Звяругі) і Мінску (пад кіраўніцтвам Эдуарда Міхайлавіча Загарульскага і Васіля Радзівонавіча Тарасенкі). У 1980–1990-я гады шляхам закупак і дарэння ў збор музея трапілі адзінкавыя артэфакты, на жаль, без інфармацыі аб паходжанні (месца і час раскопак, археалагічны пласт, дзе выяўлены прадмет); выключэннем з’яўляюцца алавяны абразок з раскопак на Менцы (перададзены археолагам Георгіем Васілевічам Штыхавым) і касцяная іконка-трыптых з раскопак у Ваўкавыску. У 2012 і 2013 гадах за кошт сродкаў праграмы „Культура Беларусі на 2011–2015 гг.“ было закуплена больш за сто артэфактаў археалогіі (нягледзячы на прадстаўленыя ўладальнікамі звесткі аб месцы паходжання гэтых прадметаў, беззваротна страчана вялікая колькасць гістарычнай інфармацыі, якая фіксуецца падчас навуковых раскопак)». 



На выстаўцы экспануюцца прадметы і іх фрагменты. Яны выкарыстаўваліся ў побыце (двухбаковы самшытавы грэбень з выявай грыфонаў XIII стагоддзя), былі часткай таго ці іншага адзення (разнастайныя гузікі, знойдзеныя ў розных частках Беларусі і паходжанне якіх не вядома), служылі ўпрыгажэннямі (пярсцёнак з Гомеля XIV–XV стагоддзяў), складалі ўзбраенне воіна (наканечнік дзіды XIII стагоддзя)... Аднак найбольш змястоўная частка экспазіцыі — прадметы рэлігійнага характару: абразкі, крыжы, у тым ліку крыжы-энкалпіёны — з-за таго, што ў іх захоўваліся святыні, яны былі надзелены для верніка асаблівай Божай ласкай. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю