Канцэрт «Душа мая» старшыні Беларускага саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч аб’яднаў шматлікіх музыкантаў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. 21 мая на сцэну выйшлі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад упраўленнем народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, Дзяржаўны камерны хор на чале з заслужанай артысткай Беларусі Наталляй Міхайлавай, харавы ансамбль «Concertino» ды многія калектывы і выканаўцы.
Алена Атрашкевіч перад канцэртам падкрэсліла: «У творчым вечары ўдзельнічае вялікая колькасць артыстаў. І гэта не капрыз, а сведчанне майго сяброўства з гэтымі выканаўцамі. Радасна, што можам падарыць гледачу часцінку сваёй душы — расказаць пра творчасць аднаго з кампазітараў, якія працуюць у нашай краіне, паказаць надзвычай таленавітую плеяду беларускіх выканаўцаў. Кірунак музыкі акадэмічны, але адначасова зразумелы, дэмакратычны».
Прэм’еры і знаёмыя публіцы творы, што загучалі ў новых аркестроўках ды іншых аранжыроўках, — канцэрт атрымаўся багаты на адкрыцці, хоць паўдзельнічалі ў ім далёка не ўсе калектывы, з якімі супрацоўнічае аўтар, і не ўсе кірункі творчасці Алены Атрашкевіч закрануты. Вечар поўніўся духоўнай, філасофскай музыкай. Звяртаецца кампазітар і да народных вытокаў: уключаны ў праграму розныя апрацоўкі і прысвячэнні Радзіме, маці, любові, душы, веры... Былі выкананы таксама творы, напісаныя больш за 30 гадоў таму, якія, па прызнанні Алены Атрашкевіч, успрымаюцца сёння як створаныя ў XXI стагоддзі.
«Душа мая», частка вялікага твора — кантаты на вершы Міхаіла Дудзіна, прагучала ў самым пачатку юбілейнага вечара. Гэтую музыку Алена Атрашкевіч напісала яшчэ падчас вучобы ў Ленінградскай кансерваторыі (сёння гэта Санкт-Пецярбургская дзяржаўная кансерваторыя імя М. А. Рымскага-Корсакава), і дагэтуль твор адлюстроўвае душэўныя развагі кампазітара. «„Душа моя, а все ли ты свершила?“, — пісаў Міхаіл Дудзін. Пагадзіцеся, тут можна паставіць шмакроп’е і жыць далей, будуючы планы і спадзеючыся на тое, што многае яшчэ напішацца і прагучыць», — мяркуе Алена Атрашкевіч.
Сярод твораў, якія выканала Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, — тры фрагменты з паэторыі «Амар Хаям. Тайны Быція». «Мне заўсёды вельмі цікава рабіць нешта ўпершыню і тое, што ніхто ніколі не рабіў, — адзначыла мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву Вольга Янум. — Калі мы яшчэ тры гады таму працавалі над паэторыяй, кожная сустрэча з ёй была нібы адкрыццё цэлага свету.
Як кампазітар адчувае гэтую фразу, ставіцца да гэтага слова, падкрэслівае сэнс?.. Гэта быў выклік, прыгода. Што яшчэ ўзрушвае ў музыцы Алены Атрашкевіч, дык гэта неверагодная шчырасць, адсутнасць штучнасці».
Вольга Янум, ідэйны натхняльнік і арганізатар творчага вечара, упэўнена, што публіка павінна ведаць айчынных кампазітараў, бо яны праслаўляюць беларускае мастацтва на ўвесь свет, і падкрэслівае: апошнім часам ніводны канцэрт капэлы не абыходзіцца без музыкі арыгінальнага кампазітара Алены Атрашкевіч. «Гэты чалавек піша тое, што сугучна сённяшняму дню, — лічыць Вольга Яўгенаўна. — У яе музыцы прыкметныя сучасныя тэндэнцыі, многія творы зрузумелыя радавому слухачу, у іх ёсць элементы эстрады. Самае галоўнае, што незалежна ад тэм, якія аўтар закранае, творы напоўнены глыбока духоўным зместам. Алену Віктараўну хвалюе ўсё, што датычыцца сутнасці чалавечага быцця. Майстэрства творцы апроч іншага — у стварэнні гімнічных кампазіцый. Амаль уся музыка другога аддзялення, выкананая зводным хорам, якраз такая. Неаднаразова гэтыя творы гучалі на галоўных сцэнах краіны. Сярод іх — „Музыка — наш сусвет“, якой заканчваецца канцэрт і якая адлюстроўвае яго ідэю».
З народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной Алену Атрашкевіч звязвае даўняе сяброўства. На канцэрце «Душа мая» салістка Вялікага тэатра Беларусі выканала твор «Аве Марыя». «Гэта не першы твор кампазітара, да якога звяртаюся. У Вялікім тэатры разам з брас-квінтэтам мы выконваем шмат музычных кампазіцый Алены Віктараўны. Сярод маіх любімых — „Балада аб маці“. А зусім нядаўна я выканала новую песню Алены Атрашкевіч „Ода мацярынству“ на з’ездзе „Белай Русі“, і ў сярэдзіне песні ўся зала ўстала, быццам нейкая сіла прымусіла яе гэта зрабіць. Музыка кампазітара вылучаецца надзвычайнай дабрынёй і душэўнасцю. Між іншым, Алена Віктараўна ідзе на ўступкі, і калі ў саліста ўзнікаюць пэўныя нязручнасці, яна ўлічвае яго пажаданні і робіць невялікія змены ў творы. Ёй важна, каб выкананне прыносіла радасць спеваку».
З юбілеем кампазітара павіншаваў і ўручыў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Беларусі першы намеснік міністра Дзмітрый Шляхцін. Рэгент Мітрапаліцкага хору Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора і старшыня Савета па развіцці царкоўных спеваў Сінадальнага аддзела па культуры і мастацтве Беларускай праваслаўнай царквы Віталь Сабалеўскі ўручыў медаль і ордэн прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. «Я шмат пішу на славу гэтай святой, якая мяне ахоўвае. У мяне ёсць узнагароды, але гэтая, напэўна, самая галоўная ў жыцці», — адзначыла Алена Атрашкевіч.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота БелТА