Top.Mail.Ru

Сяргей Міхалюк фіксуе не аб’екты, а светлавыя патокі падчас медытатыўнага танца

Аўтар: Ірына Прымак
18.02.2026 | 14:13
З шырока заплюшчанымі вачыма

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прадстаўлена выстаўка канцэптуальнай фатаграфіі Сяргея Міхалюка «Флюксізм. Твой крок у Сусвет». Экспазіцыю склалі больш за сто светлавых адбіткаў, якія мяняюць погляд на 200-гадовую гісторыю фотамастацтва. Гэта першая буйная выстаўка ў нашай краіне, якая знаёміць з такім інавацыйным кірункам, як флюксізм (ад англ. flux — плынь). Здымкі створаны без кантролю кампазіцыі, часта з заплюшчанымі вачыма, з выкарыстаннем метада, пры якім фотакамера становіцца правадніком адчуванняў чалавека. 

Амаль палова фотаадбіткаў памерам з метр, але больш зачароўваешся глыбінёй сэнсаў, якія транслюе аўтар. Ён размаўляе на мове вобразаў і філасофскіх паняццяў. Напрыклад, запомніўся такі подпіс: «Каб пабачыць, дастаткова імгнення. Каб забыць, патрэбна жыццё». Побач ёсць QR-коды, якія ажыўляюць некаторыя фотаадбіткі. Асабліва спадабаўся інтэрактыў: аўтар прапануе наведвальнікам паразважаць, што паказана на канкрэтных здымках (ахвотныя могуць запісаць свае варыянты). 

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла сустрэць на выстаўцы самога фатографа. Высветлілася, што Сяргей Міхалюк з дзяцінства займаўся ушу і каратэ, таму філасофія баявых майстэрстваў, тэма даа (шляху) наклала адбітак на яго светаўспрыманне. А яшчэ ён харэограф (заснавальнік студыі сучаснага танца «Магія»), што таксама спрыяла вывучэнню магчымасцей цела і трансляцыі сэнсаў праз рухі. Сяргей Міхалюк захапляецца філасофскай літаратурай, асабліва блізкія яму Лаа-Цзы і Канфуцый. Такім чынам і нарадзілася ідэя — стварыць новы спосаб паказваць прыгажосць свету праз аб’ектыў пры дапамозе медытатыўнага танца, калі фотаапарат транслюе стан свядомасці, а святло набывае асаблівую форму, надзяляючы прастору новым сэнсам. Флюксізм у нейкай ступені — візуальная паэзія ўласных адчуванняў.

Дарэчы, Сяргей Міхалюк ужо год працуе над стварэннем кнігі «Флюксізм. Твой крок у Сусвеце». Выданне стане сваеасаблівым працягам выстаўкі, бо ў яго ўвойдуць найлепшыя работы і аўтарскія цытаты. 

Ірына ПРЫМАК

Фота Ксеніі Ліннік

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю