Амаль да канца студзеня наведвальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі будзе радаваць выстаўка «Калядныя гісторыі», якая размешчана ў атрыуме 2-га паверха.
Экспазіцыя знаёміць з кнігамі ды ілюстрацыямі, прысвечанымі святкаванню Калядаў і Новага года.
Праект складзены з 12-ці раздзелаў, чатыры з іх арганізатары прысвяцілі найбольш значным калядным гісторыям сусветнай літаратуры. Гэтую частку выстаўкі ўпрыгожваюць найперш раман Мэры Мэйпс Додж
«Сярэбраныя канькі, ці Ханс Брынкер», выпушчаны «Издательством детской литературы» ў 1941 годзе, і казка Ханса Крысціяна Андэрсена «Снежная каралева» («Рипол Классик», 2013), якая звяртае на сябе ўвагу найперш шыкоўнымі ілюстрацыямі беларускага графіка Паўла Татарнікава. «Калядная песня» Чарлза Дзікенса прадстаўлена ў тым ліку сучаснымі выданнямі, напрыклад, ад выдавецтваў «Манн, Иванов и Фербер», «Речь» (2023), «Миф» (2025), і ёсць магчымасць параўнаць якасць і мастацкую вартасць новых томікаў з тымі, што выдадзены больш як сто гадоў таму. А гэта кніга са збору твораў Чарлза Дзікенса (Санкт-Пецярбург: «Типография братьев Пантелеевых», 1898) і «Калядныя апавяданні» (Масква: «С. О. Вольф», 1904). Сярод экспанатаў, якія вабяць не толькі даўніной, але і невядомасцю акалічнасцей з’яўлення на свет і паступлення ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, — аповесцьказка «Шчаўкунчык і Мышыны кароль» Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана, якая пабачыла свет на мове ідыш у Кіеве ў 1922 годзе (выдавецтва, на жаль, не пазначана).
Выстаўка расказвае і пра многія іншыя знакамітыя кнігі (асобная глава прысвечана «Дванаццаці месяцам» Самуіла Маршака), пра розных фальклорных і казачных персанажаў... Раім звярнуць увагу на раздзел «„Калядная гісторыя“ па-беларуску» — тут глядач убачыць «Каляды» Якуба Коласа (малюнкі да паэмы «Новая зямля», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», стварыла Ліяна Жванія), «Каляды ў хроснай» Алены Масла (афармляў кнігу «Мастацкай літаратуры» Уладзімір Даўгяла), «Сінічкіны званочкі» Таццяны Дамаронак (аздаблялі выданне, якое пабачыла свет у «Беларусі», Вікторыя Ярковіч, Марына Райкова)... Магчыма, хтосьці падчас знаёмства з экспазіцыяй знойдзе ідэі для кніжных падарункаў на святы.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара