У Мінску ў чарговы раз выступіў расійскі калектыў «Three Sticks». Нядаўна таксама ў рамках «Беларускай музычнай восені» музыканты сабралі прыхільнікаў на праграму «Ажыўшыя палотны». Канцэрт, які патрабуе асаблівых тэхнічных умоў, прайшоў у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Што маецца на ўвазе пад асаблівымі тэхнічнымі ўмовамі?
Па-першае, праграма, складзеная музыкантамі, патрабуе шмат месца на сцэне і прадугледжвае ігру на шматлікіх інструментах —
гэта і раяль, і вібрафон, і перкусія... Месцамі гучыць таксама электронная музыка. Па-другое, калектыў, нягледзячы на скіраванасць сваёй дзейнасці, якая грунтуецца ў тым ліку на выкананні сусветна вядомых твораў, імкнецца разнастаіць гучанне. Так, гэтым разам поруч з Сямёнам Хананаевым, Аляксандрам Выбарнавым, Дзянісам Рагазянавым і Ягорам Весялоўскім на сцэну выйшлі ўдзельніцы Сімфанічнага аркестра Беларусі, якія ігралі на струнна-смычковых інструментах. Па-трэцяе, гурт «Three Sticks» не абмяжоўваецца музыкай, і важнай часткай канцэртаў з’яўляецца відэашэраг — істотнае дапаўненне праекта для вялікіх залаў. У гэтым кірунку калектыў таксама імкнецца зрабіць праграму больш насычанай.
Да таго ж вядомы дыктар Антон Кірэеў выступае нябачным вядучым. Абвяшчаючы нумары, ён не імкнецца даць шматлікіх звестак пра творы ды кампазітараў, яго мэта — падахвоціць да ўважлівага знаёмства з музыкай і, што самае галоўнае, выпрабаваць здольнасці ўяўлення кожнага слухача. Бо, з аднаго боку, сінтэз аўдыяльнага і візуальнага мастацтваў у пэўным сэнсе вычарпальны і не дае прасторы для разважанняў; з іншага, кожная з крыніц атрымання інфармацыі падштурхоўвае да вызначэння слушнасці падобнага аб’яднання, да неабходнасці падобнай прапановы наогул. А між тым музыканты не проста нагадваюць пра карціны славутых майстроў мінулага — яны іх ажывілі пры дапамозе штучнага інтэлекту. Падыходы і стаўленне да спробы «ажывіць палотны» могуць быць розныя, ва ўсякім разе вынік атрымліваецца сумніўны нават у межах канцэрта з творамі розных стылей і эпох.
Гэтым разам у першым аддзяленні слухачу прапанавалі творы славутых кампазітараў мінулага Антоніа Вівальдзі, Клода Дзебюсі, Эрыка Саці, сучаснікаў Людовіка Эйнаўдзі, Ханса Цымера, Філіпа Гласа. У якасці акампанемента — палотны Івана Айвазоўскага, Клода Манэ, Вінсента Ван Гога... У другой частцы канцэрта «Ажыўшыя палотны», якая аб’яднала элементы электронікі і ўдарных, раяля і марымбы, гучалі аўтарскія кампазіцыі «Three Sticks». Многае беларусы ўжо чулі падчас папярэдніх выступленняў, аднак, відавочна, музыканты перапрацоўваюць і ўдасканальваюць праграму.