Новы сезон у Беларускай дзяржаўнай філармоніі распачаўся канцэртнай праграмай «Віват, арган!» цыкла «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва». Сёлета праект адзначыў сваё 20-годдзе. Яго ўдзельнікі — вядомыя беларускія музыканты і эліта сучаснага сусветнага арганнага мастацтва.
Адкрыўся XXI арганны сезон выступленнем Жана-Пьера Стайверса — знакамітага нідэрландскага арганіста, піяніста, выканаўцы духоўнай музыкі, дырыжора і педагога. Маэстра з’яўляецца галоўным арганістам кафед-
ральнага сабора ў Рурмандзе і галоўным арганістам Лімбургскага сімфанічнага аркестра (Нідэрланды). Жан-Пьер Стайверс арганізоўвае штогадовы Міжнародны арганны фестываль з удзелам сусветна вядомых музыкантаў. Рэгулярна дае канцэрты ў краінах Еўропы, Японіі і ЗША. З 2017 года выкладае на курсах пры Маскоўскай міжнароднай Летняй школе ў Расійскай музычнай акадэміі імя Гнесіных. Маэстра неаднаразова выступаў на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Асабліва палюбіўся беларускаму гледачу іх дуэт з жонкай — японскай арганісткай Хірока Іноўэ.
Праграма «Віват, арган!» аб’яднала творы вельмі розных па атмасферы і агульнай стылістыцы аўтараў. Адкрыла канцэрт кампазіцыя Іагана Себасцьяна Баха Piece d’Orgue à 5, BWV 572. Гэта ранні твор Баха, напісаны майстрам пад моцным уражаннем ад французскага арганнага мастацтва. Першыя пранікнёныя, «парывістыя» пасажы нібыта перадаюць хваляванне і бляск французскага стылю, аднак другая частка твора —гэта ўжо чысты Бах: магутная фуга-фантазія, складаная гарманічныя мова, якая стварае эфект сапраўднага «ўзрушэння». Гэта не проста стылізацыя пад французаў, а глабокае асабістае выказванне, у якім пазнаецца рука маладога геніяльнага кампазітара.
На сцэне Белдзяржфіламорніі прагучаў адзіны твор Гаспара Карэта, які захаваўся да нашых дзён, — меса 8-га тону. Французскі кампазітар асаблівую ўвагу надаваў тэмбрам, рэгістрам і насычанасці. Жан-Пьер Стайверс выканаў першую частку месы «Kyrie».
Завяршыла першае аддзяленне кампазіцыя яркага прадстаўніка сентыменталізму Готфрыда Аўгуста Гаміліуса «Der am Kreutz ist meine Liebe». Гэта харальная прэлюдыя, якую раней выконвалі ў пачатку перадвелікоднага цыкла ў нямецкай месе. Як вядома, гэты твор дайшоў да нас у некалькіх версіях, што сведчыць пра яго папулярнасць у літургічнай практыцы. У кантэксце канцэртнай праграмы прэлюдыя ўяўляе сабой цікавы кантраст да Piece d’Orgue: калі Бах дэманструе складанасць і патэтыку, то Гаміліус — прастату і шчырасць выказвання.
Другое аддзяленне пачалося з фугі Іаганеса Брамса. Ён не быў арганістам, але на працягу ўсяго жыцця арган суправаджаў яго. Кожны свой дзень ён пачынаў з выканання прэлюдый Іагана Себасцьяна Баха. І адным з апошніх твораў Брамса сталі харавыя прэлюдыі для аргана.
Адной з самых яркіх асоб на небасхіле арганнага мастацтва ХХ стагоддзя справядліва лічыцца Ліанель Рог, які праславіўся выкананнем твораў Баха. На беларускай сцэне прагучала харавая прэлюдыя «Vor deinen Thron», якая ўвасабляе адметны гістарычны падыход да інтэрпрэтацыі Баха, заснаваны на дакладным тэксце, цвярозай гучнасці і глыбокай павазе да паліфанічнай структуры.
Знакаміты твор Сяргея Рахманінава «Вакаліз» у свой час стаў сапраўдным феноменам у музычным мастацтве. Першай выканаўцай раманса стала Антаніна Няжданава, якая валодала голасам рэдкай прыгажосці. Твор, напісаны для голасу і фартэпіяна, хутка выйшаў за межы свайго першапачатковага выгляду. Яго сталі перакладаць і аранжыраваць майстры з усяго свету. Асобнае месца займаюць версіі для аргана, бо сам характар твора ідэальна кладзецца на арганную гучнасць.
Аб’ём музычнага інструмента дазваляе пачуць у «Вакалізе» тое, што было схавана за фартэпіянным суправаджэннем: шырокую, амаль сімфанічную прастору.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара