Год беларускай жанчыны накладвае сваю пячатку на многія асветніцкія праекты Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. Адзін з іх — кніжная выстаўка «Жанчыны Беларусі: на далонях веку, на далонях часу», якая працуе зараз у галоўнай кніжніцы Віцебска і Віцебшчыны.
Бібліятэкары падабралі тую літаратуру, якая выдадзена нядаўна і прыйшла ў бібліятэку ў папярэднія гады і дзесяцігоддзі, і прысвечана жаночай тэматыцы. Кнігі расказваюць пра жанчынпрацаўніц, пра жанчын-воінаў, пра пісьменніц і актрыс, мастачак і навукоўцаў, спартсменак... Героі выданняў, прадстаўленых на адмысловай, багатай на біяграфіі і падзеі выстаўцы, — Героі Савецкага Саюза, Героі Сацыялістычнай Працы, тыя, хто складае гонар народа Беларусі, служыць і будзе служыць прыкладам для моладзі ў сваім стаўленні да грамадства, краіны, лёсу сваёй Айчыны.
Віцебскі край — багатая прастора на імёны жанчын, якія ўпрыгожылі XX стагоддзе сваімі творчымі, мастацкімі, літаратурнымі здзяйсненнямі. На Віцебшчыне нарадзіліся знакамітыя паэтэсы Еўдакія Лось, Вера Вярба, Марыя Філіповіч, дзіцячая пісьменніца Маіна Бабарыка, заслужаная артыстка Беларусі
Людміла Пісарава, народныя артысткі Беларусі Зінаіда Канапелька, Галіна Арлова і шмат хто яшчэ з яркіх, запамінальных асоб, якія здзейснілі нямала творчых спраў. Пра іх землякі не забываюцца. Увага да іх памяці праяўляецца і ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.
Мікола БЕРЛЕЖ