Адзін за адным на сцэну канцэртнай залы «Мінск» выходзілі людзі і паказвалі свае нумары з раніцы да позняга вечара. Яны прыехалі з розных рэгіёнаў — не дзеля канкурэнцыі, а дзеля таго, каб даць выхад сваёй энергіі і апантанасці, убачыць, што робяць іншыя, хто падзяляе той жа інтарэс.
І не толькі да танцаў, бо такім чынам выявілася захапленне жыццём — і зусім маленькіх танцораў, якія толькі спасцігаюць свет, і людзей, якія найлепш за іншых разумеюць каштоўнасць кожнага імгнення.
Тут няма ўзроставага абмежавання і не трэба быць прафесіяналам, каб паўдзельнічаць. Трэба проста любіць жыццё, сутнасць якога — у няспынным руху.
Рух па гарызанталі
Народны танец звычайна дорыць самыя яскравыя эмоцыі, увасабляючы прыгажосць і ўзнёсласць, услаўляючы беларускія традыцыі, абрады і сімвалы нашай культуры. Звычайна шмат заявак менавіта ў гэтай намінацыі. Але і «Сучасны танец», як выяўляецца, прыцягвае ўсё больш зацікаўленых: праз яго можна ўздымаць самыя актуальныя тэмы, што хвалююць людзей у наш час, бо цела — цудоўны сродак выяўлення. На гэтым зрабіла акцэнт падчас аднаго з майстар-класаў Сабіна Мунасыпава, выкладчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Да яе на сцэну выйшлі ахвотныя праверыць сябе ў руху — і былі шчаслівыя рабіць нешта разам, не зважаючы на прыналежнасць да розных калектываў і танцавальных кірункаў.
Сёлета канкурэнцыя была сур’ёзная. Колькасць удзельнікаў адборачных тураў адкрытага рэспубліканскага конкурсу «Час танцаваць» перасягнула 2000. У фінальны тур эксперты дапусцілі 115 з 277 прэтэндэнтаў. «Гэта найбольшая колькасць заявак за пяцігадовую гісторыю конкурсу. Калі параўноўваць з папярэднімі гадамі, то колькасць удзельнікаў узрасла практычна ўдвая, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага культурна-асветнага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сідарэнка. — Былі ўдзельнікі з Расійскай Федэрацыі, але мы падкрэсліваем: гэта конкурс рэспубліканскі, ён такім і застанецца». Пры гэтым арганізатары ўжо разумеюць неабходнасць яго перафарматаваць, каб можна было паказаць паўнавартасны Гала-канцэрт з найлепшых нумароў...
Рух па вертыкалі
У намінацыі «Класічны танец» перамог Павел Красоўскі, які з варыяцыяй з балета «Чыпаліна» прадстаўляў Беларускую дзяржаўную хараэграфічную гімназію-каледж — дзе ж яшчэ набіраюцца майстэрства будучыя артысты балета? Пры тым, што гэтага маладога чалавека можна было бачыць і ў зусім іншым нумары, іншага калектыву.
Намінацыя «Бальны танец», напэўна, найбольш прыцягвае ўдзельнікаў самых розных узростаў, у тым ліку вельмі сталых людзей (пра гэта сведчаць назвы калектываў «Залаты ўзрост», «Сярэбраны век», «Сонечныя лэдзі»). Але ёсць калектывы, досвед якіх вымяраецца дзесяцігоддзямі. Адзін з іх — узорны ансамбль бальнага танца «Фіеста» з Баранавічаў, які мае званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Сёння ў ім развіваюцца розныя кірункі, але конкурс паказаў: найлепш бальныя танцы.
А вось у намінацыі «Народны танец» здарылася неспадзяванка. У Беларусі шмат цікавых дзіцячых калектываў, адкуль часта вырастаюць будучыя ўдзельнікі прафесійных ансамбляў. І вось конкурсны «джокер»: перамога ў Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. Яго ўдзельнікі — ужо амаль прафесіяналы. Тым больш ганаровымі аказваюцца адзнакі беларусаў. Спецыяльным прызам «За захаванне і развіццё традыцый народнага танца» ўзнагароджаны ўзорны ансамбль «Палясяначка», які прадстаўляе Пінскую дзіцячую школу мастацтваў № 3.
А вось на такіх удзельнікаў, як заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны харэаграфічны ансамбль «Сузор’е» з Салігорска адразу звяртаеш увагу, бо ў яго працы наогул народная сутнасць: у рэпертуары больш за 50 харэаграфічных кампазіцый у розных жанрах. Таму абсалютна зразумела, чаму кіраўнік Вадзім Матанцаў атрымаў ганаровы спецпрыз — «За найлепшую работу балетмайстра» (кампазіцыя «Міхасёвы гульні»), адметна, што балетмайстра адзначылі менавіта ў катэгорыі народных танцаў.
У намінацыі «Эстрадны танец» пераможцам стаў узорны ансамбль «Папараць-кветка» са Слуцка. Напрыклад, крануў нумар пад назвай «Абярэг». І няма чаго здзіўляцца, што калектыў быў адзначаны новым спецыяльным прызам — «За ўвасабленне ў танцы вобраза беларускай жанчыны». Мовай танца можна даносіць глыбокі сэнс.
Рух у глыбіню
Доказ таму — сёлетні пераможца ў намінацыі «Сучасны танец» і ўладальнік Гран-пры.
Найбольш нумароў у фінальнай частцы было ад мінскай дзіцячай студыі Smart Dance — ажно 12 кампазіцый! Калектыў, заснавальніцай і кіраўніцай якога з’яўляецца некалі славутая гімнастка, а цяпер паспяховы харэограф Аляксандра Буяльская, раней не ўдзельнічаў у конкурсе, але з першага разу апынуўся ў фаварытах. За некаторыя нумары ўсе члены журы паставілі па «10» балаў! Кампазіцыі былі розныя — ад гарэзлівых («Блазны») да прыгожа-пластычных («Дыхай, усплывай»), скіраваных у свет псіхалогіі (напрыклад, сольны нумар «Самасвядомасць») ці глыбока філасофскіх («Ён іншы»). Наогул, у Smart Dance юных удзельнікаў вучаць не проста рабіць пэўныя рухі пад музыку, а разглядаюць танец як спосаб самавыяўлення і асэнсавання пэўных з’яў жыцця.
Для Аляксандры Буяльскай і яе юных выхаванцаў (гэта дзеці дзвюх узроставых груп) сэнс, змест або сюжэт — заўсёды на першым месцы, з дапамогай цела яны з ранніх гадоў вучацца расказваць складаныя гісторыі. Напрыклад, варта згадаць паўнавартасны харэаграфічны спектакль «Абуджэнне спячай прыгажуні», створаны на музыку Чайкоўскага. Ажыццявіць такія пастаноўкі з дзецьмі — справа складаная і затратная. Сума ў 200 базавых велічынь за Гран-пры ў конкурсе «Час танцаваць» дапаможа ўвасобіць мары...
— Думаю, што Гран-пры нам прысудзілі за ўсе нашы заслугі ў комплексе, за тое, як мы сябе паказалі на конкурсе. Такіх вынікаў дзеці дабіваюцца, прыкладваючы шмат намаганняў. Яны вялікія працаўнікі і вельмі таленавітыя, — адзначыла Аляксандра Буяльская. — Для нашага калектыву сума, якую мы атрымаем, істотная. Гэта, мабыць, адзіны конкурс, які дае такія вялікія грашовыя ўзнагароды, што дапаможа нам ажыццявіць пастаноўку яшчэ аднаго дзіцячага балета.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА