Top.Mail.Ru

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе фотавыстаўка Рагнеда Малахоўскага

01.10.2025 | 12:41
«Адвечная повязь пакаленняў»

З нагоды цёплай ранняй восені блукаю па цэнтры сталіцы. І аддаюся ўражанням і філасофскім разважанням. Каля ног круцяцца, шапацяць жоўтыя сухія лісты, якія зляцелі з дрэў. Дзе-нідзе паблісквае ў сонечных промнях сярэбраная павуцінка... Міма ідуць прахожыя, людзі рознага веку, хто-ніхто ў сезонных абноўках. Але што нас яднае?.. 

Над намі — агульнае для ўсіх спакойнае восеньскае неба, у сэрцах — маральны закон, а ў душах — радзіма, праца, вучоба, сям’я. І непераможная прага творчасці...

Што іх яднае?

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працягвае сваю работу літаратурна-мастацкая фотавыстаўка «Адвечная повязь пакаленняў» беларускага паэта, перакладчыка, рэдактара аддзела паэзіі легендарнага выдання «Літаратура і мастацтва» Рагнеда Малахоўскага. Паэт захапіўся фотамастацтвам 20 гадоў таму і вырашыў сёлета зладзіць юбілейную выстаўку-справаздачу. 

Не простую, а з цікавай канцэпцыяй: сучасныя беларускія пісьменнікі рознага веку, што іх яднае? Погляд фатографа-аматара і... прафесійнага літаратара (лірыка і ў нечым філосафа). Філосафа, так! Назваў жа ён дванаццаць гадоў таму свае лаканічныя вершы ў зборніку «У дзённай мітусні» «кароткімі філасофскімі імпрэсіямі»! Напрыклад, такі верш-імпрэсія, амаль маленькі кадр праяўленай імгненне таму фотаплёнкі:

купальскім вечарам

прамяні папараць-кветкі

асвятлілі

дзявочую постаць

што бясконца ідзе

да мяне

З гэтай загадкавай імпрэсіі паўстане пасля разгорнуты... лірычны маналог героя, рамантычная балада? Ці, можа, фотапартрэт для часопіса або выстаўкі? Усё можа быць у наш час, насычаны высокімі тэхналогіямі, максімальнай інфармацыйнай адкрытасцю, калі 

ў мастацтве разбураюцца межы, узаемапранікаюць адзін у другі розныя жанры і стылі, сродкі выяўлення і мастацкай прэзентацыі этычных і эстэтычных ідэй. (І ўсё ж, мяркую, Тайна павінна застацца Тайнай: без яе немагчыма існаванне ні культуры, ні рэлігіі, ні дзяржавы). Дарэчы прыгадаць тут яшчэ адну імпрэсію Рагнеда Малахоўскага са згаданага зборніка (якога я ўжо і выпускаць з рук у бліжэйшыя дні, ведаю, не буду: актуальна ў лічбавую эпоху!):

душа кнігі

пакінутай на марозе

блукае ў пошуку

цяпла бібліятэкі

пад шкарлупінай лёду

Партрэты ў вершах

Мы ўсе ведаем выраз, што ў цэнтры ўвагі мастацтва (і літаратуры, і выяўленчага) заўсёды стаіць Чалавек, яго непаўторнасць, унікальнасць, яго жыццёвы лёс і знешнія праявы характару, нацыянальнасці, узросту, прафесіі, хараства. Калі згадаць усе паэтычныя кнігі Рагнеда Малахоўскага, дык ён прысвячаў свае вершы не толькі членам сям’і, роду, але і пісьменнікам. Гэта можна бачыць у прамых прысвячэннях той ці іншай асобе, а таксама ў эпіграфах да вершаў: Янка Купала, Максім Танк, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Марук і інш. Не сказаць, што такіх вершаў — пісьменніцкіх партрэтаў ці хуткіх эцюдаў — у паэта шмат. Але паралелі з фотапартрэтам, выбраным як улюбёны жанр сярод іншых у фотамастацтве, намі прасочваюцца. (Цікава, ці складаў Айвазоўскі вершы пра мора? Выкладаў як-небудзь словам свае імпрэсіі?.. А вось жа наш мастак Язэп Драздовіч кнігі пра космас пісаў!)

Аднак жа вернемся да нашай выстаўкі — сузор’я фатаграфічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў: вачыма Паэта...

На фоне ручніка

Тут, у фае музея, бясплатна — як узірацца ў зорнае неба (білет браць не трэба!) — можна ўбачыць больш за 50 адмысловых фотапартрэтаў майстроў беларускага і рускага слова 

ХХІ стагоддзя. Ад тых, хто сцвердзіў сябе як пісьменнік яшчэ ў ХХ стагоддзі: Алесь Савіцкі, Уладзімір Ліпскі, Яўген Хвалей, Міхась Пазнякоў, Навум Гальпяровіч, Міхась Башлакоў, Анатоль Зэкаў, Мікалай Чаргінец, Ганад Чарказян, — да зусім маладых творцаў: Арсеній Грода, Максім Хацкевіч, Паліна Дваранская, Андрэй Дарожкін і інш. 

Месцяцца яны на фоне беларускага вышыванага ручніка — сімвала векавечнай традыцыі, сям’і, дарогі і абрадавага зычання. Ручнік ткаўся часцей за ўсё з ільняной ніткі, і ўпрыгожвалі палатно вышыўка ніткамі чырвонага і чорнага колераў, вязаныя карункі. Вельмі дарэчны фон для экспанатаў выстаўкі з назваю «Адвечная повязь пакаленняў»! (Успамінаю старыя карычневыя фота ў адной, пафарбаванай алеем, рамцы ў сельскай хаце маіх дзеда Адама і бабулі Зосі на Міншчыне.

Вісела гэтая калекцыя недалёка ад кутняй іконы з доўгім-доўгім старым ручніком... А ў музеі фотаздымкі значна большыя, вісяць, не перакрываючы адзін аднаго, на дзвюх сценах, рама адсутнічае, што сімвалічна: як бы чакаючы папаўнення, можа, з ліку наведвальнікаў...)

Сродак выяўлення жыцця

Каляровыя партрэты пісьменнікаў выглядаюць досыць нечакана. Аўтар здымкаў спрабуе спалучыць розныя спосабы выяўлення характару таго, каго здымае, выкарыстоўваючы не толькі сродкі так званага партрэтнага здымка, але і падзейнага, з элементамі пейзажу, жанравай сцэны, інтэр’ернай фатаграфіі. Мы бачым таго ці іншага пісьменніка каля драўлянай хаты 

і сярод зялёных зараснікаў падчас рыбалкі, у музейным комплексе і ў Мемарыяльнай зале Дома літаратараў, у шахце пад зямлёй і на фоне неба, у транспарце і на мастацкай выстаўцы, з нататнікам, з кнігай, з гітарай, побач са скульптураю... І гэта не пастановачныя, а жывыя вобразы творчых асоб, са шчырымі, удала перададзенымі фатографам эмоцыямі: ва ўсмешцы, задуменнасці, у жэсце, з іскрынкай у вачах... 

  • «Партрэт можна лічыць галоўнай і самай цяжкай задачай фатаграфіі. Да ўсіх цяжкасцей тэхнічнага парадку, уключаючы выкарыстанне штучнага асвятлення, дадаюцца своеасаблівасці ўзаемаадносін паміж тым, хто фатаграфуе, і чалавекам, які з’яўляецца аб’ектам здымка »..." Тэхніка і этыка павінны злівацца ў адно, пераадольваючы многія бар’еры«, — так пісаў некалі. Аляксандр Дзітлаў (1912–2009), легендарны беларускі фатограф, ваенны карэспандэнт фотахронікі ТАСС, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь, у сваёй кнізе «Аматарская фатаграфія». У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сёння захоўваюцца кнігі яго аўтарства па фотасправе, пра вандроўкі па маляўнічых кутках Беларусі, часопісы і газеты з яго артыкуламі. А таксама вялікага фармату ч
орна-белыя фотапартрэты беларускіх пісьменнікаў, перададзеныя некалі ў аддзел беларускай літаратуры для арганізацыі юбілейных выставак пісьменнікаў: Максім Танк, Іван Шамякін і інш.

Падобна на тое, што імя Аляксандра Дзітлава не чужое для паэта, аўтара партрэтаў нашай выстаўкі «Адвечная повязь пакаленняў». Так як і творчая спадчына Дзітлава, яго погляды на фатаграфію як на сродак выяўлення жыцця ва ўсіх яго сезонных, сацыяльных і дзяржаўных праявах. Нават, калі хочаце, як сродак пашырэння ведаў 

і інструмент выхавання маладых пакаленняў, «архіваванне» і «дакументацыя» жыцця са смелым выказваннем аўтарскай маральнай пазіцыі, пошук крыніц «эстэтычнай радасці» пры выбары аб’ектаў фотаздымкаў і канчатковым афармленні іх вынікаў.

Восень... Выходзім з музея, а неба ўжо пахмурнае. Але галоўнае — мірнае. Хочацца пажадаць аўтару фотапартрэтаў плёну ў далейшым спасціжэнні тайнаў мастацтва фотапартрэтаў нашых сучаснікаў-літаратараў. Радзіма ў нас адна — Беларусь, і сёння дзяцей уяе шмат! Але «ўсе мы разам ляцім да зор»...

У гэтым водгуку пра наведванне выстаўкі (маіх своеасаблівых «нататках падарожніцы») не хапае, думаецца мне, паведамлення аб тым, што 

ў гэтым, відавочна, плённым для Рагнеда Малахоўскага, 2025 годзе выйшлі дзве яго кнігі вершаў — «Шлях слязы» (амаль «Выбранае») і «Дзе рачулка Нарачанка...» (вершы, прысвечаныя Нарачанскаму краю — малой радзіме паэта). Няхай гэта будзе запрашэннем да новых, гэтым разам літаратурных вандровак па багатым свеце творцы...

Людка СІЛЬНОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю