Top.Mail.Ru

У гонар 10-гадовага юбілея НЦСМ падрыхтаваў асаблівую выстаўку

Аўтар: Лізавета Крупянькова
25.02.2025 | 07:00

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў сёлета святкуе 10-годдзе з дня ўтварэння. У гонар свята ўстанова прапаноўвае гледачам пазнаёміцца з залатым фондам музейнай калекцыі — плёнам карпатлівай працы некалькіх пакаленняў супрацоўнікаў. На выстаўцы «Вечнае быццё светабудовы» прадстаўлены адзін з найважнейшых збораў цэнтра — работы Аляксандра Казлоўскага.



Мастак нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Труханавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, аднак свой творчы шлях пачаў у Ленінградзе, куды ў 1925 годзе пераехала сям’я. Тут Аляксандр наведвае студыю Палаца піянераў, а затым — сярэднюю мастацкую школу.

Вялікая Айчынная вайна заспела Аляксандра Казлоўскага васямнаццацігадовым юнаком. Мастак удзельнічаў у баях на Ленінградскім фронце ў радах 56-га армейскага запаснога стралковага палка. У 1985 годзе ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пасля вайны паступіў у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Дыпломная работа «На працу ў вёску» сёння захоўваецца ў калекцыі Валагодскага мастацкага музея. Пасля інстытута вярнуўся ў Беларусь і пачаў працаваць выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Пад яго кіраўніцтвам раскрыўся талент такіх выдатных беларускіх майстроў, як Георгій Паплаўскі, Леанід Дударэнка, Мікалай Казакевіч, Дзмітрый Алейнікаў, Мікалай Назарэнка і іншых.

У 1975 годзе мастаку прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларусі».

Аматарам жывапісу Казлоўскі вядомы сваімі пейзажамі. У калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў маецца восем твораў майстра ў гэтым жанры, выкананых у перыяд з 1988 да 2008 года. Мастак працуе ў кірунку рэалізм, але імкнецца не да падрабязнай перадачы прыгажосці прыроды, а праз пейзажныя замалёўкі запрашае паразважаць пра сутнасць чалавечага быцця.

Пейзажы майстра змяшчаюць невялікія жанравыя сцэнкі. Такім падыходам калісьці праславіўся вядомы рускі мастак Ісаак Левітан, які імкнуўся адлюстраваць складанасць і супярэчлівасць жыцця. Аднак Аляксандр Казлоўскі паставіў перад сабой іншую задачу — раскрыць тэму вечнага быцця светабудовы, выкарыстоўваючы сваю танальнасць апавядання. Спалучэнне чароўных і велічных краявідаў з маленькімі, амаль незаўважнымі побытавымі сцэнкамі дазволіла мастаку перадаць магутную сілу прыроды і захаваць мяккую атмасферу вясковага жыцця.

Гэта відаць па творах «Спее хлеб» (1983), «Час восеньскіх туманаў» (1989), «Перад навальніцай» (1988) і інш. Людзі і сялянскія пабудовы ў гэтых работах займаюць так мала месца, што няўважлівы глядач можа нават іх не ўбачыць. Велічнае неба займае большую частку палатна, быццам напіраючы на крохкі чалавечы свет. Абшар восеньскіх палёў у параўнанні з маленькімі сілуэтамі сялян адлюстроўвае слабасць людскую, якую нам так цяжка прыняць. Прыглушаная колеравая гама надае творчасці Аляксандра Казлоўскага ціхі і спакойны настрой. Быццам трапляеш туды, дзе можна знайсці суцяшэнне, адчуць адзінства з прыродай. На палотнах свет быццам застыў, хаатычны бег жыцця паставілі на паўзу, і нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкай.

Вобраз царквы на карцінах «Перад навальніцай» і «Вяртанне да вытокаў» (1991) сімвалізуе духоўную сувязь паміж вышэйшым сакральным светам і простымі людскімі клопатамі. Царква заўсёды стаіць адасоблена ад вёскі, падкрэсліваючы той шлях, які трэба прайсці чалавеку для пазнання сутнасці ўсяго зямнога.

Творы «Сакавік» (1991) і «Адліга» (1990) — прыклад класічных пейзажных матываў, у якія цесна ўплецены сцэны з паўсядзённага жыцця. Пастаральныя работы Аляксандра Казлоўскага звяртаюць увагу на хуткаплыннасць чалавечага жыцця і бессмяротнасць Сусвету.


Значнае месца ў калекцыі твораў Казлоўскага займае работа «Трывога» (2008). Гэта аповед пра вайну, дзе кожнае імгненне напоўнена болем і цяжкімі выпрабаваннямі на трываласць. Работы майстра «Мужнасць», «Нараджэнне нянавісці», «9 Мая», «Вестка пра перамогу», прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Мастацкага музея імя П. Масленікава.

Выстаўка працуе да 23 сакавіка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА








arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю