Сёлета ў канцэпцыю мерапрыемстваў былі ўключаны такія тэмы, як Год беларускай жанчыны, 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама юбілеі класікаў беларускай літаратуры. Фестываль кнігі і прэсы, павільён рэдкай кнігі, шматлікія тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі, горад майстроў і гастранамічны фэст — гэтым і многім іншым парадавалі жыхароў раённага цэнтра і тых, хто пераадолеў доўгую дарогу, каб завітаць на свята.
Удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «Такія сустрэчы майстроў, друкароў і аматараў мастацкага слова з’яўляюцца нязменнай крыніцай мудрасці продкаў, жывога дыялогу паміж людзьмі і сродкам фарміравання ў грамадстве агульначалавечых каштоўнасцей. Сёлета гасцей прымае паэтычная Касцюкоўшчына — край шумлівых бароў і старажытных храмаў, радзіма выбітных беларускіх класікаў Аркадзя Куляшова і Iвана Чыгрынава. Упэўнены, што менавіта на гэтай зямлі кожны зможа дакрануцца да сапраўдных літаратурных скарбаў нашага народа, пачуць гучанне роднай мовы, адкрыць для сябе новыя імёны і творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў».
Увага дзяржавы
Галоўныя падзеі кніжнага свята адбыліся ў самым яго пачатку. Падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця, якое мела назву «Родная мова — мова шчаслівых людзей», міністр інфармацыі Дзмітрый Жук і старшыня Саюза пісьменнікаў Алесь Карлюкевіч уручылі Нацыянальную літаратурную прэмію. Заклікаючы гасцей чытаць якасную літаратуру і жадаючы ім атрымліваць асалоду ад чытання, яны нагадалі: правядзенне Дня беларускага пісьменства сведчыць пра ўвагу дзяржавы да друкаванага слова.
— Хацелася, каб усе, хто мае дачыненне да стварэння мастацкіх твораў — і сённяшнія лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі, і пісьменнікі, якія завіталі на гасцінную Касцюкоўшчыну, і тыя, хто нас бачаць і ведаюць, што ў нас ёсць такое свята, — разумелі: на літаратарах ляжыць адказнасць за стварэнне партрэта нашай краіны. Ён — у традыцыях і пераемнасці, у нашым сёння, — падкрэсліў Алесь Карлюкевіч.
Чарговыя ўрачыстасці — побач з галоўнай сцэнай. На плошчы насупраць будынка райвыканкама намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адкрылі скульптурную кампазіцыю «Алесь і Алеся», на стварэнне якой мастака Аляксандра Мінькова натхніў твор Аркадзя Куляшова.
Непадалёк размясцілася сцэна для цырымоніі спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанага святу. У абарачэнне яны былі ўведзены 26 жніўня. Тыраж склаў 27 тысяч экзэмпляраў. На канверце — сімвалы Дня беларускага пісьменства: кніга, чарніліца, пяро, а таксама некаторыя славутасці Касцюковічаў, герб горада і эмблема свята.

Галоўнымі дзеючымі асобамі цырымоніі спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай сталі першы намеснік генеральнага дырэктара Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белпошта» Алена Драздовіч, а таксама Дзмітрый Жук, Анатоль Ісачанка і Наталля Пяткевіч.
— Кожны куток Беларусі мае асаблівую гісторыю, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Краіна ў нас кампактная, але мова, культура побыту
і традыцыі нават у межах адной часткі дзяржавы адрозніваюцца. І гэта добра, што святкаванне Дня беларускага пісьменства праходзіць у розных рэгіёнах краіны: так мы можам адчуць асаблівую атмасферу. Летась былі ў Лідзе, сёлета — у Касцюковічах. Самае галоўнае, што звычай жыве. Сёння мы назіраем мноства аўтараў, у тым ліку маладых, якія ўносяць нешта новае ў літаратурны працэс. І бачна, што ўсе тыя высілкі, якія робіць дзяржава, каб стымуляваць пісьменнікаў, магчымасці, якія яна дае для творчага чалавека, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы матэрыяльнай падтрымкай у выданні кніг і нават арганізацыі такіх свят, даюць свой плён.
Дзмітрый Жук упэўнены, што традыцыя правядзення Дня беларускага пісьменства, закладзеная Прэзідэнтам, укаранілася. Яна аб’ядноўвае ўсю краіну. Міністр таксама расказаў, якія сюжэты твораў лічыць цікавымі:
— Пісаць заўсёды трэба пра чалавека: пра яго лёс, выбар і пра тое, як ён сябе адчувае, якія мэты ставіць перад сабой і як іх дасягае. Гэта самыя цікавыя гісторыі. Цяпер у Беларусі шмат
маладых аўтараў. Хтосьці піша на рускай мове, хтосьці — на беларускай. І гэта вельмі добра. Маладыя людзі са сваім пунктам гледжання і разуменнем свету — усе яны таленавітыя, розныя і цікавыя.
Любавацца кнігай
Не менш важнай часткай свята стала адкрыццё музея рэдкай кнігі, што таксама размясцілі на плошчы насупраць райвыканкама. Праект склалі тэматычная выстаўка-прэзентацыя ўнікальных кніжных рарытэтаў, прывезеных з розных куткоў Беларусі, і экспазіцыя «Кабінет пісьменніка», дзе дэманстраваліся рукапісы, асабістыя рэчы, фотаздымкі і розныя матэрыялы, якія знаёмілі з жыццём і творчай спадчынай беларускіх аўтараў.
Цэнтральные месца ў павільёне заняла экспазіцыя ад Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаная эвалюцыі кніжнай справы Беларусі. Былі паказаны факсімільныя выданні помнікаў рукапіснай і друкаванай кніжнай культуры, сярод якіх — выдавецкі праект «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Гэта поўны збор кніг першадрукара, выдадзеных у Празе (1517–1519) і Вільні (1522–1525). Яго першае факсімільнае выданне ажыццёўлена ў перыяд з 2013 да 2017 года.
У аснове ляжаць электронныя копіі найбольш захаваных экзэмпляраў, што знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі ды іншых дзяржаў.
.jpg)
У наведвальнікаў павільёна рэдкай кнігі была магчымасць убачыць не толькі сам камплект, але і пазнаёміцца з некаторымі старонкамі асобнікаў: ацаніць, напрыклад, асаблівасці шрыфтоў і гравюр. Паказалі ў экспазіцыі і арыгінальныя выданні ХІХ — XX стст., у тым ліку з аўтографамі аўтараў.
Удзел у стварэнні музея рэдкай кнігі ўзялі многія ўстановы, у іх ліку і Прэзідэнцкая бібліятэка. Дэманстраваліся шматлікія выданні, падораныя кіраўніку дзяржавы ў розныя часы. Такія ёсць, дарэчы, і ў Нацыянальнай бібліятэцы, як, напрыклад, фотаальбом «На сямі ўзгорках. Масква на фотаздымках Ільі Кейтэльгісера», які ў 2000 годзе выдаў рэжысёр Мікіта Міхалкоў.
У прасторы «Кабінет пісьменніка», створанай намаганнямі літаратурных музеяў, можна было ўбачыць машынку 1930 года, якая належала Івану Чыгрынаву, ураджэнцу Касцюкоўшчыны. Першым жа яе гаспадаром быў Максім Танк, сябар і калега пісьменніка. Увогуле музейшчыкі імкнуліся ўзнавіць працоўны кабінет Івана Гаўрылавіча, таму змясцілі ў экспазіцыю тэлефон, лямпу, рукапіс аўтара, а таксама яго кнігу з дароўным надпісам Максіму Танку. Побач можна было ўбачыць наручны гадзіннік «Луч» Міхася Лынькова, рукапіс «Салдатаў веку, што на грозных цэлях...» Аркадзя Куляшова, апошні ліст Якуба Коласа — самыя розныя экспанаты, якія перанеслі гледача ў мінулае стагоддзе.
.jpg)
А пасля — зноў вандроўка ў часе. Перад гледачом паўстала калекцыя стараверскай і рэлігійнай літаратуры XVI–XVIII стагоддзяў ад Веткаўскага музея. Сярод экспанатаў, якія выклікалі асаблівую цікавасць публікі ў імправізаваным музеі, — Евангелле 1575 года і Свяшчэннае Евангелле ў падарункавым выкананні (1873)..
Каштоўнасці захоўваюцца
Фестываль кнігі і прэсы, працягам якога выступілі шматлікія ведамасныя і галіновыя павільёны, адкрыўся, зразумела, тэматычнай інтэрактыўнай пляцоўкай Магілёўскай вобласці. Яна была прысвечана гісторыі краю і здзяйсненням яго жыхароў у літаратуры. Сярод экспанатаў на стэндзе — кнігі з аўтографамі, змешчаныя ў частцы выстаўкі, прысвечанай Ржаўскай сельскай бібліятэцы. Яна знаходзіцца ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці і славутая тым, што ў 1966 го-
дзе была пабудавана і ўкамплектавана з дапамогай грамадскіх арганізацый і на грошы ўраджэнца вёскі генерал-маёра авіяцыі СССР Якава Драйчука. Пасля выхаду ў адстаўку Якаў Іванавіч і яго жонка Зінаіда Васільеўна на працягу 25 гадоў збіралі і перасылалі на малую радзіму кнігі з Масквы, дзе было іх сталае месца жыхарства.
Так, у збор бібліятэкі было набыта каля 20 тысяч кніг. Паўтары тысячы — з дароўнымі надпісамі пісьменнікаў і дзеячаў культуры і мастацтва, военачальнікаў і касманаўтаў... Шмат пра бібліятэку даведаліся не толькі на пляцоўцы Магілёўскай вобласці, але і на стэндзе, прысвечаным унікальнай кніжніцы. У яе фондах — выданні з аўтографамі Юрыя Гагарына, Георгія Жукава, Сяргея Міхалкова...
— Драйчукі куплялі кнігі, адсылалі знакамітым адрасатам, нават калі не былі асабіста з імі знаёмыя, і прасілі пакінуць на выданнях аўтограф і пажаданне для ржаўцаў, — расказала Наталля Шамалава, дырэктар Цэнтралізаванай сеткі публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна. — На выстаўцы мы паказалі сшыткі ўліку кніг з аўтографамі, якія вялі Якаў Іванавіч і Зінаіда Васільеўна, іх справаздачу аб зробленым. Прывезлі таксама карціны Васіля Шыкіна і Альгерда Малішэўскага, падарункі аўтараў Якаву Драйчуку, а сёння — вельмі каштоўныя для бібліятэкі экспанаты.
Як вядома, Слаўгарадскі раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, многія вёскі ў той час былі адселены. Насельніцтва аграгарадка Ржаўка — прыблізна 300 жыхароў. Аднак бібліятэка працягвае сваю работу.
Традыцыі дзеля будучыні
На галоўнай сцэне Саюз пісьменнікаў Беларусі і творчыя калектывы Магілёўшчыны прадэманстравалі свае таленты. Прайшоў шэраг цырымоній узнагароджання пераможцаў літаратурных конкурсаў рэгіёна, а таксама рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Сёлета творчае спаборніцтва для дзяцей праходзіла пад дэвізам «Стваральная сіла беларускага слова: з рук маці — у сэрца Радзімы». Дэкламатары чыталі творы, прысвечаныя роднай зямлі, подзвігам абаронцаў Айчыны, міру і духоўнай спадчыне, а таксама Году беларускай жанчыны. Ва ўзроставай катэгорыі I-IV класы перамаглі Дамір Аннамурадаў з Клічава і Меліса Гусарэвіч з Мінска, а сярод вучняў V-VI класаў найлепшымі сталі Яўген Рафаловіч з Лунінца і Цімафей Казлоўскі з Ваўкавыска. Першае месца ў катэгорыі VII-VIII класы заняў Радзівон Дземянчук з Брэста, а сярод вучняў IХ-Х класаў галоўны прыз атрымалі Станіслаў Мартысюк з Брэста і Віктар Родзін з Віцебска.
Даніна памяці славутым ўраджэнцам Касцюкоўшчыны — новы мурал на фасадзе дзевяціпавярховіка ў мікрараёне Маладзёжны, 15 з выявамі пісьменнікаў раёна: Аркадзя Куляшова, Алеся Пісьмянкова, Івана Чыгрынава. Аўтарам работы «Майстры роднага слова» стаў Канстанцін Пахомчык. Мурал з’яўляецца часткай арт-праекта «Традыцыі дзеля будучыні».
Фіналам святочных падзей стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі Івану Чыгрынаву на будынку Цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая носіць імя творцы. Удзел у цырымоніі прыняла дачка народнага пісьменніка Беларусі Алена Чыгрынава:
— Дзень беларускага пісьменства — адно з найлепшых свят сучаснай Беларусі, — лічыць Алена Іванаўна. — Вось і надышоў час святкаваць Касцюкоўшчыне. Гэта годная зямля, якая зрабіла свой унёсак у літаратурную справу краіны. Без сціпласці скажу, што і мой бацька, як і Куляшоў, Пісьмянкоў і многія іншыя пісьменнікі, якія тут нарадзіліся, з’яўляецца класікам нашай літаратуры. Гэтымі днямі прэзентавалі кнігу аўтараў краю «Тут, дзе Бесядзь цячэ...». Я прагледзела выданне, знайшла шмат добрых твораў, таму віншую з гэтым набыткам. Перадаю гасцям свята прывітанне ад удавы пісьменніка. Мая маці — таксама ўраджэнка Касцюкоўшчыны, з вёскі Студзянец. Яна абавязкова пазнаёміцца з творамі сваіх землякоў.

Два гады таму адзначалася 90-годдзе з дня нараджэння Івана Чыгрынава. Намаганнямі сям’і пісьменніка быў выдадзены збор яго твораў. Касцюковіцкая кніжніца стала першай, хто атрымаў гэтыя асобнікі ў падарунак. Сёння ў яе фондах знаходзіцца каля 500 кніг з прыватнай бібліятэкі Івана Гаўрылавіча. Супрацоўнікі ўстановы працягваюць папулярызаваць творчасць аўтара: нядаўна ў супрацоўніцтве з магілёўскімі калегамі быў створаны віртуальны музей Івана Чыгрынава.
Традыцыйна падчас гала-канцэрта адбылася перадача вымпела будучай сталіцы Дня беларускага пісьменства. Эстафету старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Наталля Асмалоўская перадала кіраўніку Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Паўлу Губко.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД