Top.Mail.Ru

У Кітаі пабачыў свет збор твораў Алеся Карлюкевіча

Аўтар: Вераніка Карлюкевіч
12.02.2025 | 15:20

У Кітаі ў выдавецтве «Турызм і адукацыя» (Пекін) надрукавана новая беларуская кніга, ёй сталі «Выбраныя аповесці» Алеся Карлюкевіча. У кнігу ўключаны аповесці «Прыгоды Максімкі на радзіме і ў іншых краінах», «Шубуршун і яго сябры», а таксама «Апавяданні пра Айчыну». Гэтыя творы на кітайскую мову пераўвасобіў перакладчык рускай і беларускай літаратуры, дэкан факультэта рускай мовы Другога пекінскага універсітэта замежных моў Хань Сяое.




Асоба Алеся Карлюкевіча (Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч) — старшыні саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніка, журналіста, краязнаўцы і выдаўца, шчыльна ўплецена ў выдавецкія і літаратурныя працэсы краіны апошніх трыццаці гадоў. За дасягненні ў галіне літаратуры і грамадскую дзейнасць Алесь Карлюкевіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, Прэміі Супольнасці Незалежных Дзяржаў «Зоркі Супольнасці», Прэміі Валянціна Пікуля (Расійская Федэрацыя), Прэміі «Прохараўскае поле» (Расійская Федэрацыя) і Міжнароднай літаратурнай прэміі «Алаш» (Казахстан). Творы Алеся Карлюкевіча перакладзены на рускую, англійскую, кітайскую, сербскую, армянскую, літоўскую, узбекскую, казахскую і іншыя мовы.

Алесь Карлюкевіч нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Яго бацька працаваў у калгасе, а маці была настаўніцай малодшых класаў. З дзяцінства будучы пісьменнік любіў урокі беларускай літаратуры і гісторыі, цікавіўся вывучэннем роднай старонкі і даволі рана стаў пісаць у газеты. Ужо з 5 класа сярэдней школы пачаў друкавацца ў рэспубліканскім дзіцячым друку, пасля — у раённай газеце «Пухавіцкія навіны» і газеце «Чырвоная змена». Па словах самога Алеся Мікалаевіча, яго пачала цікавіць спецыфіка журналісцкай работы і ён адчуў асалоду ў пісанні, пошуку тэм. 



У 1985 г. Алесь Карлюкевіч скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, а затым служыў у ваенных шматтыражках ва Узбекістане, Туркменістане, на Кубе, у мінскай газеце «Во славу Родины». Пасля звальнення з Узброеных Сіл Карлюкевіч працаваў у газетах «Культура», «Звязда», «Советская Белоруссия», узначальваў газету «Чырвоная змена», рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы «Літаратура і Мастацтва», «Выдавецкі дом «Звязда». З 2017 па 2020 гг займаў пасаду міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Сёння ён з’яўляецца старшынёй саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам выдавецтва «Беларусь».

Першая кніга Аляксандра Мікалаевіча «Вяртанне... да Беларусі» выйшла ў 1994 г. і была прысвечана гісторыі родных мясцін. За ёй услед рушылі іншыя праекты ў кірунку гістарычнага і літаратурнага краязнаўства: кнігі «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1999), «Ігуменскі блакнот» (2005), «Зацітава Слабада» (2007), «Блонь» (2007), «Радзімазнаўства» (2010), «І марам волю дам» (2011), «Ігуменскі павет (Падарожжа па родным краі)» (2020), «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі» (2023) і інш. Гэты ўлюбёны ў сваю малую радзіму пісьменнік так успамінаў у адным з інтэрв’ю пра вытокі сваіх літаратурных захапленняў: «Краязнаўства са мной — з самага маленства. У першую чаргу — ад бацькі. Ён быў неблагім апавядальнікам звычайных побытавых гісторый... І моцны штуршок краязнаўству дала школа. Асабліва на ўроках Васіля Маркавіча Лапко. Ён выкладаў гісторыю ў 4 класе. Падручнік называўся — „Апавяданні па гісторыі СССР“, калі не памыляюся. І неяк так аказвалася, што ці не ўся гісторыя спалучана з нашай мясцовасцю. Гэта ўражвала. Калі ішла гаворка пра Айчынную вайну 1812 года, то аказвалася, што яна праходзіла і ў нашых ваколіцах. Што ўжо казаць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, стварэнне калгасаў, Вялікую Айчынную вайну... А непасрэдна да літаратурнага краязнаўства падштурхнулі сустрэчы з пісьменнікамі ў школе. Выдатная практыка была, калі на выступленні прыязджалі паэты і празаікі ... Пачаў збіраць выразкі з раённага і рэспубліканскага друку з публікацыямі вершаў, апавяданняў „пухавіцкіх“ пісьменнікаў. І фактычна свае кнігі „Літаратурная карта Пухавіччыны“ і „І волю марам дам: літаратурная карта Пухавіччыны“ я пачаў збіраць і пісаць тады, у школьныя гады.»



Потым тэматычныя інтарэсы пісьменніка пашырыліся і выйшлі за межы Беларусі. Ён пачаў даследваць сучасную беларускую літаратуру і яе сувязі з туркменскай, узбекскай, рускай літаратурамі, прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце. Выйшлі яго кнігі «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь ― Туркменістан» (2016), «Урокі сяброўства. Беларуская літаратура ў свеце» (2017), «Дарогі да Паднябеснай: старонкі беларуска-кітайскіх літаратурных узаемасувязей» (2022) і інш. 

Яшчэ адна вялікая тэма для Карлюкевіча — дзіцячая літаратура. Але і адрасаваныя юнаму чытачу кнігі пісьменніка прасякнуты любоўю да роднай старонкі і цікаўнасцю да іншых краін. «Натуральна, што захапленне краязнаўствам зрабіла на Алеся Карлюкевіча вялікі ўплыў пры звароце яго да жанру казкі. Бо апроч арыгінальных казачных сюжэтаў, яго дзіцячыя творы вельмі пазнавальныя — і ў гістарычным, і ў геаграфічным плане. Аўтар нярэдка адпраўляе сваіх герояў далёка за межы роднай краіны, што робіць кнігі яшчэ цікавейшымі і павучальнымі, бо праз іх пісьменнік прамаўляе актуальныя на сёння каштоўнасці: мір, сяброўства, дабрыню, на якіх і трымаецца наш далікатны свет», — тлумачыць знакаміты беларускі пісьменнік Алесь Бадак. 


З далейшым паглыбленнем беларуска-кітайскіх стасункаў, значна вырас досвед пра Беларусь у Кітаі. Беларуская літаратура паступова становіцца адным з фокусаў для кітайскіх даследчыкаў і перакладчыкаў. У Кітаі добра ведаюць не толькі творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Васіля Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў, якія пераўвасобілі на кітайскую мову ў другой палове ХХ стагоддзя, але і актыўна даследуюць літаратурную прастору ў Беларусі. І «Выбраныя аповесці» Алеся Карлюкевіча стала працягам знаёмства з сучаснай беларускай літаратурай у Кітаі. У апошнія гады на кітайскай мове былі таксама выдадзены творы Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі, Алега Ждана-Пушкіна, Раісы Баравіковай, Рыгора Барадуліна, Віктара Шніпа, Леаніда Дранько-Майсюка і іншых. Гэта адбылося дзякуючы намаганням таленавітых кітайскіх перакладчыкаў Хань Сяое, Джан Хуэйцсінь, Сінь Мэн, Сунь Фаньцсі і іншых. 


Аналагічныя працэсы адбываюцца і з беларускага боку, і значную ролю ў іх адыграў Алесь Карлюкевіч. У беларускіх выдавецтвах і перыёдыцы актыўна з’яўляюцца пераклады кітайскай літаратуры на беларускую мову і беларускай літаратуры на кітайскую мову. Так, сталай беларускай пляцоўкай, дзе актыўна друкуюцца кітайскія пераклады беларускіх твораў, стаў часопіс «Беларусь. Belarus». На старонках часопіса апублікаваны пераклады з твораў Уладзіміра Караткевіча, Людмілы Рублеўскай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Янкі Журбы, Авяр’яна Дзеружынскага, Рыгора Барадуліна, і Васіля Віткі. Яркімі прыкладамі маштабных праектаў па перакладзе кітайскай літаратуры на беларускую мову сталі кнігі «Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая», паэтычная серыя «Светлыя знакі: паэзія Кітая», анталогія кітайскай паэзіі ХХ стагоддзя «Пялесткі лотаса і хрызантэмы». Гэтыя ініцыятывы па развіцці літаратурных стасункаў паміж нашымі краінамі рэалізаваны ў выніку мэтанакіраванай і паслядоўнай працы Алеся Карлюкевіча. Ён стаў своеасаблівым амбасадарам літаратурнага сяброўства паміж Беларуссю і Кітаем, і больш шырэй — паміж Беларуссю і светам. 

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю