Top.Mail.Ru

У кожнага Купала свой

Аўтар: Лізавета Крупянькова
04.02.2025 | 07:00

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстаўка «У кожнага свой Купала!», прымеркаваная да 100-годдзя прысваення Янку Купалу звання «Народны паэт Беларусі». У экспазіцыі — творы беларускіх мастакоў, якія знаёмяць з новымі гранямі творчасці і асабістага жыцця сусветна вядомага пісьменніка.



Выстаўка адкрывае шэраг юбілейных мерапрыемстваў, якімі будзе насычаны 2025 год. Наведвальнікаў чакаюць літаратурныя вечары, тэатральныя пастаноўкі па творах Янкі Купалы, музычныя імпрэзы, конкурсы, выставачныя праекты і шмат іншага.

Янка Купала ўжо даўно стаў сімвалам роднага краю, а яго творчасць — візіткай беларускай літаратуры. Ужо ў 20-я гады мінулага стагоддзя пісьменнік быў знакаміты. У гэты ж час яго талент атрымаў і афіцыйнае прызнанне з боку дзяржавы. Пастановай ад 10 чэрвеня 1925 года Савет народных камісараў БССР абвясціў аб прысваенні Янку Купалу звання народнага паэта. Ён стаў першым народным паэтам Беларусі.

— Сёлета мы адзначаем 100 гадоў з дня прысваення Янку Купалу ганаровага звання «Народны паэт БССР». Гэта была значная падзея не толькі ў жыцці Песняра, але і ў гісторыі ўсёй беларускай літаратуры. Выставачны праект «У кожнага свой Купала!» — гэта яшчэ адна магчымасць сустрэцца з паэтам, з такім, якім яго бачылі мастакі, такім, якім ён застаўся на фотаздымках, — выступіла з прывітальным словам дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская.

У зборах музея мастацкая Купаліяна налічвае больш за 1500 адзінак захоўвання. Для часовай экспазіцыі выбрана 11 жывапісных твораў і 6 скульптурных работ, створаных рознымі аўтарамі і ў розны час. Вобразы паэта, увасобленыя мастакамі, можна параўнаць з прадстаўленымі на выстаўцы фотаздымкамі Янкі Купалы за 1904 і 1912, 1939 і 1941 гады. Скульптурныя работы, прыжыццёвыя партрэты народнага паэта і сюжэтныя кампазіцыі беларускіх майстроў па-новаму раскрываюць шматгранную асобу вялікага творцы. Тут можна ўбачыць і маладога Купалу, які толькі ступіў на літаратурны шлях (Леў Раберман «Малады Янка Купала» (1956), Аляксандр Ксяндзоў «Янка Купала ў Вільні. Перад прэм’ерай „Паўлінкі“» (2008)), і Купалу ў самым росквіце яго паэтычнага таленту (Сяргей Асапрылка «Партрэт Янкі Купалы» (1983), Станіслаў Рабашчук «Янка Купала на зямлі Т. Шаўчэнкі» (1982), Аляксей Глебаў «Янка Купала» (1962)), і ў сумны час, напоўнены горам і выпрабаваннямі, — падчас эвакуацыі (Мікалай Гусеў «Янка Купала на беразе Волгі» (1949), Валянцін Волкаў «Партрэт Янкі Купалы» (1958)).



Прыцягвае ўвагу адзіны ў выставачнай прасторы гарадскі пейзаж Льва Лейтмана «Купалаўская таполя» (1957). Высокая чорная таполя да Вялікай Айчыннай вайны расла недалёка ад сядзібы паэта. Дрэва неаднойчы фігуруе ў творах пісьменніка. 

Упершыню ў адной прасторы размешчаны творы сябра паэта — мастака Дзмітрыя Полазава. Прадстаўленыя партрэты Янкі Купалы былі напісаны ў 1921 годзе ў Мінску на вуліцы Садова-Узбярэжнай — цяпер гэта парк імя Янкі Купалы. Карціны Дзмітрый Полазаў збярог у блакадным Ленінградзе, а ў 1947 годзе перадаў у музей. Праект помніка Янку Купалу 1950-х гадоў (Леў і Марк Раберманы) наведвальнікі таксама ўбачаць ўпершыню. 

Да вобраза класіка неаднойчы звяртаўся і народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі. На выстаўцы дэманструецца яго работа «Янка Купала. 1942» (1988).

На адкрыццё выставачнага праекта завіталі кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт і празаік Міхаіл Пазнякоў, скульптар, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы Сяргей Гумілеўскі.


— Для ўсіх пакаленняў літаратараў Янка Купала — узор служэння роднай зямлі і свайму народу, — выступіў на адкрыцці экспазіцыі Міхаіл Пазнякоў. — Мой Купала — гэта мой настаўнік, у якога можа вучыцца кожны, не толькі пісьменнік. Вучыцца быць са сваім народам, разумець і паважаць сваю культуру. Мой Янка Купала — гэта і сёння настаўнік творчай моладзі. Таму што яго творчасць з’яўляецца нашай асновай, а нічога новага не можа ўзнікнуць без глебы.

Калі чалавек асвойвае базу той ці іншай галіны, тады можна сказаць, што ён развіваецца і расце і ўжо здольны адкрыць нешта новае. Параўноваючы нашу і сусветную літаратуру, скажу: нам пашанцавала мець такія магутныя постаці, як Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч.

Сёння імя народнага паэта Беларусі вядома на ўвесь свет, яго творы друкуюцца на розных мовах, а геаграфія яго прыхільнікаў ужо даўно выйшла за межы нашай краіны. У 2006 годзе на Кутузаўскім праспекце ў Маскве ў памяць аб знаходжанні там беларускага паэта быў усталяваны помнік Янку Купалу па праекце Льва і Сяргея Гумілеўскіх.



— Да творчасці Янкі Купалы я прыйшоў дзякуючы бацьку. Ён пранёс захапленне народным паэтам праз усё жыццё і ў сваіх работах перадаў наступным пакаленням. Цікава ўспомніць, як пачыналася работа над помнікам у Мінску (парк імя Янкі Купалы), які быў усталяваны ў 1972 годзе. Майго бацьку і Анатоля Анікейчыка запрасіў да сябе Аляксей Глебаў для распрацоўкі праекта будучага помніка. У 1968 годзе Глебаў памёр, таму далей працаваць над праектам давялося майму бацьку і Анатолю Анікейчыку. На мой погляд, гэта найлепшы помнік Купалу. Нават сёння ён выглядае сучасна і адлюстроўвае народную сутнасць паэта. Першапачатковы праект помніка на Кутузаўскім праспекце адрозніваецца ад таго, што мы бачым сёння. Гэта была доўгая і складаная праца, некаторыя моманты трэба было ўзгадняць з рознымі арганізацыямі не толькі ў Маскве, але і ў Мінску. Аднак у помніку мы змаглі адлюстроўваць галоўную ідэю праекта — натхнёнага паэта, сэрцам прывязанага да Беларусі, — падзяліўся на адкрыцці выстаўкі Сяргей Гумілеўскі.

Творы з калекцыі аздабляюць старонкі шматлікіх друкаваных выданняў, у тым ліку і падрыхтаваны музеем альбом-каталог «Я адплаціў народу, чым моц мая магла» (2019).

Атмасферу цеплыні і творчага яднання на адкрыцці выстаўкі стварылі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю