Канцэрт з паэтычнай і філасофскай назвай «Краявіды роднага краю: адлюстраванне часу і прасторы» стаў сапраўднай культурнай падзеяй і яркім святам інструментальнага мастацтва. З першых гукаў слухачы акунуліся ў дзіўны свет яркіх вобразаў, створаных Алінай Безянсон. Прыгажосць мелодый, свежыя гарманічныя фарбы, санарыстычныя і гукапераймальныя прыёмы, а таксама магія тэмбраў вібрафона, ксілафона, марымбы, валторны і фартэпіяна злучыліся ў адзінай музычнай плыні, якая заваблівала слухачоў у незабыўнае падарожжа па порах года і краявідах роднага краю.
Канцэртная праграма, што аб’яднала віртуозныя і паэтычныя творы кампазітара Аліны Безянсон, была пабудавана з бездакорнай драматургічнай дакладнасцю і прадстаўлена на высокім мастацкім і выканальніцкім узроўні. Велізарная заслуга ў гэтым поспеху належыць навучэнцам дзіцячых музычных школ мастацтваў і музычных каледжаў, якія прадэманстравалі не толькі высокі тэхнічны ўзровень, але і глыбокае прачытанне аўтарскай задумы рознахарактарных і раз-
нажанравых твораў. Юныя музыканты бліскуча справіліся з акустычнымі асаблівасцямі каларытных клавішных ударных інструментаў. Сапраўдным упрыгажэннем канцэрта стала рэдкае спалучэнне валторны і марымбы ў п’есе «Шлях праз тунэль», а таксама выкарыстанне нетрадыцыйных прыёмаў выканання глісанда па струнах раяля ў «Танга-Нуэва» і п’есе «Мяцеліца». Асаблівыя эмоцыі ў слухачоў выклікалі арыгінальныя прачытанні беларускага фальклору. Самабытныя народныя напевы «Белая чайка», «Льецца Нёман паміж гораў», «Ляцеў голуб над морам» і іншыя набылі арыгінальную
сучасную інструментальную фактуру. Найтанчэйшая лірыка, увасобленая ў п’есах «Кроплі дажджу на вясновай лістоце» і «Лебедзі на сажалцы», змянялася віртуознымі п’есамі, такімі як «Аўтадром» і «Скай майстар». Грандыёзным і магутным фіналам вечара стаў твор «Рух планет», які аб’яднаў гукі зямной прыроды з велічным рытмам сусвету. Яркі і дынамічны твор, эмацыянальна выкананы ансамблем ударных інструментаў у складзе Ганны Сямёнавай (вібрафон), Ільі Сцяпанава (ксілафон), Алеся Фаміча (марымба) і Аліны Безянсон (фартэпіяна), выклікаў доўгія авацыі залы.
Поспех гэтага ўнікальнага праекта быў бы немагчымы без дапамогі дырэктара Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Аляксея Снітко, чыя нязменная падтрымка таленавітых музыкантаў і кампазітараў дазволіла ў поўнай меры рэалізаваць самыя смелыя мастацкія ідэі. Асаблівых слоў удзячнасці заслугоўвае праца настаўнікаў, якія падрыхтавалі вучняў, а таксама чулае і далікатнае выкананне канцэртмайстраў.
Фактурна насычаная, драматургічна важная партыя фартэпіяна ў творах Аліны Безянсон стала надзейнай асновай, якая дазволіла раскрыцца маладым талентам ва ўсёй красе. Асобная падзяка выдатнаму музыказнаўцу Ірыне Дэйкала.
Музычнае падарожжа скрозь стыхіі і эпохі пераканала, што «Краявіды роднага краю» не маюць геаграфічных межаў — яны пранікаюць у глыбіні чалавечай душы і сягаюць у касмічныя прасторы. Юным артыстам і кампазітару ўдалося пашырыць межы канцэртнай залы, ператварыўшы гукі ў сапраўднае адлюстраванне часу і прасторы. Гэты вечар стаў незабыўным адкрыццём для кожнага слухача, пакінуўшы адчуванне гармоніі паміж зямной прыгажосцю роднага краю і бясконцай музыкай космасу.