Top.Mail.Ru

У Мінску працуе выстаўка да 105-годдзя Леаніда Шварцмана

Аўтар: Ірына Прымак
22.01.2026 | 15:02
Чабурашка, Гена і іншыя любімыя персанажы…

Да канца студзеня кожны, хто любіць герояў мультыплікацыйных фільмаў пра Чабурашку і Кракадзіла Гену, можа паспець наведаць выстаўку «Родам з Мінска» ў Музеі гісторыі беларускага кіно. А прысвечана яна 105-годдзю славутага савецкага мастака і мультыплікатара Леаніда Шварцмана, які і стварыў мноства чароўных анімацыйных вобразаў. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя эскізы, лялькі, асабістыя рэчы мастака, пэндзлі і фарбы. Леанід Шварцман нарадзіўся ў беларускай сталіцы ў 1920 годзе, ён пранёс любоў да Мінска, цёплыя дзіцячыя ўспаміны праз усю сваю творчасць.

Экспанаты, якія можна пабачыць у Музеі гісторыі беларускага кіно, — з фондаў Маскоўскага музея анімацыі. Адным з яго заснавальнікаў з’яўляецца Леанід Шварцман. І пагадзіцеся, такая выстаўка ў Мінску ў гэтыя святочныя навагоднія дні — сапраўдны падарунак усім: і дарослым, якія выраслі на савецкіх мультфільмах, і дзецям, якія таксама любяць Чабурашку і не толькі. Згадаем, што лялечны мультыплікацыйны фільм, зняты Раманам Качанавым па матывах кнігі Эдуарда Успенскага «Кракадзіл Гена і яго сябры», выпушчаны кінастудыяй «Саюзмультфільм» 31 снежня 1969 года. Таму выстаўка «Родам з Мінска» яшчэ і сімвалічная. Менавіта ў гэты час упершыню на экране з’явіліся любімыя многімі пакаленнямі гледачоў героі, не толькі Чабурашка і Гена, але і старая Шапакляк і яе Ларыска. Абавязкова знайдзіце магчымасць завітаць на выстаўку, калі хочаце апынуцца ў атмасферы чараўніцтва, дабрыні і зноў вярнуцца ў сваё дзяцінства... 

Акрамя згаданых герояў, якім сапраўды адведзена цэнтральнае месца ў экспазіцыі, у музеі таксама можна пабачыць эскізы ці іх фота з асабістага архіва мастака да такіх мультыплікацыйных фільмаў, як «Снежная каралева» (1957 г.) рэжысёра Льва Атаманава, «Дзядзя Сцёпа — міліцыянер» (1964 г.) Івана Аксенчука, «Рукавічка» (1967 г.) рэжысёра Рамана Качанава. 

Пэўна, многія кінааматары, чыё дзяцінства выпала на савецкі час, з ахвотай паглыбяцца і ў гісторыю стварэння вобразаў герояў з такіх любімых з дзяцінства мультфільмаў, як «38 папугаяў», «Кацяня па імені Гаў», «Асцярожна, малпачкі!». Хочацца параіць сучаснаму пакаленню дзяцей абавязкова паглядзець мультфільмы «Рукавічка» і «Асцярожна, малпачкі!»: вобразы Шварцмана наўрад ці пакінуць кагосьці абыякавым нават у XXI стагоддзі. Талент майстра ў тым і заключаецца, што яго работы актуальныя заўсёды і кранаюць кожнага, бо створаны з любоўю.

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара і з архіва мастака

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю