Top.Mail.Ru

У музеі Якуба Коласа адбылася рэтраспектыўная выстава выдадзеных у Кітаі беларускіх кніг

03.12.2024 | 12:57

У апошнія гады значна вырас досвед пра Беларусь у Кітаі. У выніку далейшага паглыблення беларуска-кітайскіх стасункаў усталяваліся трывалыя прамыя кантакты паміж кітайскімі і беларускімі літаратарамі, літаратурнымі крытыкамі і перакладчыкамі. Aднак першае знаёмства з беларускай літаратурай у Паднябеснай адбылося яшчэ паўстагоддзя таму — у другой палове 1940-х гадоў.




Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа і Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў сумесную імпрэзу «Беларуская кніга ў Кітаі (1946 — 2024). Са збораў Веранікі Карлюкевіч». Прадстаўленыя ў выставачным праекце кніжныя экспанаты даюць шырокае ўяўленне пра знакавыя пераклады з беларускай літаратуры, выдадзеныя ў Кітаі ў другой палове ХХ стагоддзя — пачатку ХХІ стагоддзя. Наведвальнкі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа змаглі пазнаёміцца з кітайскімі выданнямі твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, Аркадзя Куляшова, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Андрэя Федарэнкі, Алеся Бадака, Уладзіміра Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. 

Важнае месца ў калекцыі Веранікі Карлюкевіч займаюць букіністычныя экзэмпляры выданняў кітайскіх перакладаў другой паловы 1940 — 1980 гадоў. У гэты час назіраўся небывалы раней уздым цікаўнасці да савецкай (рускамоўнай) літаратуры (а беларуская літаратура у той час разглядалася як частка савецкай). Гэты перыяд атрымаў назву своеасаблівага «залатога веку» ў савецка-кітайскіх адносінах. Значна пашырыліся двухбаковыя культурныя стасункі, у тым ліку літаратурныя перакладчыцкія і выдавецкія праекты. Сярод экспанатаў часовай выставы таксама можна пабачыць «жоўтыя кнігі» беларускага паходжання — творы, якія перакладалі выключна для ўнутранага карыстання ў другой палове 1960 — першай палове 1970 гадоў. 

Якуб Колас — адзін з першых беларускіх пісьменнікаў, творы якога былі перакладзены на кітайскую мову, таму выбар пляцоўкі для правядзення часовай выставы «Беларуская кніга ў Кітаі» падаецца вельмі натуральным. Пры жыцці Песняра на кітайскай загучаў верш «Абаронцам роднай зямлі». І сёння цеснае супрацоўніцтва звязвае Дзяржаўны літататурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа з Цяньцзіньскім ўніверсітэтам замежных моў, дзе, дарэчы яшчэ шэсць гадоў таму быў устаноўлены бюст Якуба Коласа аўтарства Сяргея Гумілеўскага — першы беларускі помнік у Кітаі. А сёлета ў Мінску выйшла кніга перакладаў часткі апавяданняў Якуба Коласа з цыкла «Казкі жыцця» ў перакладзе на кітайскую мову, — адзначыла дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс у прывітальным слове. Менавіта Ірына Мацяс і Вольга Шахаб, дырэктар Цэнтра Якуба Коласа, дацэнт Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў, выступілі укладальніцамі выдання. Кніга падрыхтавана ў межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Цяньцзінскім універсітэтам замежных моў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кніга аформлена прыгожымі ілюстрацыямі беларускай мастачкі Людмілы Пятруль.

Увогуле, кнігі — гэта ключы, якія адчыняюць дзверы да ўзаеманавучання паміж кітайскай і беларускай цывілізацыямі, — лічыць спадар Джан Вэньчуань, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь, — Кітайска-беларускія літаратурныя стасункі пачаліся яшчэ ў савецкі перыяд. У Кітаі перакладзена шмат савецкіх беларускіх твораў, якія паўплывалі на многіх кітайскіх пісьменнікаў, на іх выбар творчых тэм і стыляў. Выданне перакладаў садзейнічае больш глыбокаму знаёмству народаў з гісторыяй, культурай, маральнымі арыенцірамі і сацыяльным ладам адзін аднаго. У мінулым годзе ў Беларусі адбылася прэзентацыя першага тома кнігі «Сі Цзіньпін аб дзяржаўным кіраванні» на беларускай мове, якая стала аўтарытэтным выданнем для беларускага народа. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыўся Кітайскі цэнтр кнігі, усё больш беларускіх універсітэтаў адкрываюць цэнтры па вывучэнні кітайскай мовы і культуры.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў, што яшчэ ў 1920-х гадах беларускі паэт Уладзімір Дубоўка перакладаў творы кітайскіх паэтаў, а ў 2014-м годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» была заснаваная серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая». Распавёў таксама пра выдадзеныя ў Беларусі анталогіі кітайскай паэзіі. Выдавецкія стасункі Беларусі і Кітая на сённяшнім этапе развіваюцца надзвычай плённа. Спрыяе гэтаму, несумненна, увага Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, розных выдавецтваў нашай краіны да кніжнага увасаблення расповяду пра Кітай, а таксама — увага Цэнтраў вывучэння Беларусі, якія працуюць пры многіх універсітэтах КНР. Алесь Мікалаевіч адзначыў, што выстава «Беларуская кніга ў Кітаі», — пачатак серыі мерапрыемстваў, праз якія Саюз пісьменнікаў Беларусі прадставіць кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў розных краінах свету, найперш — у Казахстане, Узбекістане, В’етнаме, Туркменістане, Таджыкістане, Кыргызстане, Манголіі.



З прывітальным словам таксама выступіў Бэй Вэньлі, дырэктар цэнтра вывучэння Беларусі ва Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце (Шанхай) далучыўся. Ён адзначыў высокі ўзровень адносін паміж нашымі краінамі, і правядзенне выставы «Беларуская кніга ў Кітаі (1946-2024). Са збораў Веранікі Карлюкевіч» з’яўляецца добрым прыкладам шырыні гуманітарных кантактаў Кітая і Беларусі. 

Адным з тых, хто перакладаў вершы кітайскіх паэтаў для згаданых выданняў, і каго сёння актыўна перакладаюць на кітайскую мову, быў намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп. Ён распавёў пра некаторыя пераклады з кітайскай, а таксама падзяліўся, што ў выдавецтве аднавіўся альманах «Далягляды», дзе таксама друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя кітайскай літаратуры. Для ўдзельнікаў імпрэзы Віктар Шніп прачытаў свой верш «Кітайскім перакладчыкам» з прысвячэннем таленавітым беларусістам, сучасным перакладчыкам беларускай літаратуры Гао Ману, Джан Хуэйцсінь, Хань Сяое, Гу Юю, Сунь Фаньцсі і Сінь Мэн. 

Пісьменніца Людміла Рублеўская распавяла пра публікацыі на старонках выданняў Выдавецкага дома «Звязда» вершаў кітайскіх студэнтаў, якія вучацца на Беларусі. Кандыдат філалагічных навук, вядомы літаратуразнаўца Мікола Трус згадаў пра сваё наведванне Цяньцзіньскага ўніверсітэта Кітая і ўдзел у адкрыцці помніка Якубу Коласу. Мікола Трус таксама засведчыў важнае значэнне, якое мае дзейнасць Веранікі Карлюкевіч для беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў, і ўнікальнасць падрыхтаванай ёю выставы. 




Галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран грунтоўна распавяла пра раскрыццё тэмы кітайскай літаратуры і культуры на старонках часопіса. У «Родным слове» пабачылі свет навукова-даследчыя артыкулы беларускіх літаратуразнаўцаў пра пераклады на кітайскую мову твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Івана Шамякіна і іншых. 

Мікалай Хмяльніцкі, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры кітайскай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, распавёў пра той інтарэс беларускіх студэнтаў да вывучэння кітайскай мовы і кітайскай літаратуры. Ва ўніверсітэце таксама выкладаецца адмысловы курс пра беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі. Падрыхтаваная і калектыўная манаграфія, прысвечаная рэцэпцыі беларускай літаратуры ў Кітаі ХХ-ХХІ ст. Сярод яе аўтараў Мікалай Хмяльніцкі, Вераніка Карлюкевіч, Вераніка Жукавец, Вячаслаў Рагойша, Марына Яромка і Мікіта Баравік. 



Сёння зноў назіраецца аднаўленне цікавасці кітайскіх перакладчыкаў да беларускай літаратуры. На выставе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа таксама былі прэзентаваны навінкі кітайскіх перакладаў беларускіх аўтараў апошніх гадоў: першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў калектыўны збор твораў беларускай літаратуры — «Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў» (2023) у перакладзе Хань Сяое, Джан Хуэйцсінь і Сінь Мэн; «Выбраныя творы» Алеся Бадака (2024) у перакладзе Хань Сяое; «Шчарбаты талер» (2022) у перакладзе Хань Сяое і Сінь Мэн; творы беларускай літаратуры на кітайскай мове, выдадзеныя у беларускіх выдавецтвах і перыёдыцы. Акрамя гэтага, да выдання рыхтуюцца «Выбраныя творы» Алеся Карлюкевіча; зборнік «Іголка ў квадраце», у які ўвайшлі творы Алега Ждана-Пушкіна, Сяргея Трахімёнка, Алеся Кажадуба, Веры Зялёнка, Анатолія Мацвіенкі і Валянціны Драбышэўскай. У стадыі перакладу «Выбраныя творы» Людмілы Рублеўскай. 

На адкрыцці выставы Хань Сяое, перакладчык рускай і беларускай літаратуры, дэкан факультэта рускай мовы Другога пекінскага універсітэта замежных моў, адзначыў: «Беларуская літаратура, асабліва кітайскія пераклады твораў беларускай літаратуры, — гэта тэма, якая мяне вельмі цікавіць. Бо за апошнія гады мне пашчасціла пры падтрымцы і дзякуючы шчырым сяброўскім адносінам з боку Алеся Карлюкевіча і Веранікі Карлюкевіч перакласці некаторыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, што можна лічыць маім сціплым унёскам у папулярызацыю і прапаганду беларускай літаратуры у Кітаі. У перакладзе літаратурных твораў ёсць пэўная цяжкасць, і ў гэтым для мяне хараство мастацкага перакладу. Паколькі сюжэты ў літаратурных творах складаюцца з нечаканых паваротаў, шмат дзеячых асобаў, у розных герояў рознае мысленне і розныя моўныя адметнасці. Каб дакладна вызначыць гэтыя акалічнасці і пазбегнуць памылак пры перакладзе, патрабуецца шмат намаганняў, у тым ліку пошукаў, кансультацый са спецыялістамі, а часам даводзіцца звяртацца за парадай да аўтара арыгінальнага твора. Таму пераклад літаратурных твораў — гэта складаны, але і цікавы, займальны шлях для перакладчыка, і мне прыемна ісці па гэтым шляху. Таксама дзякуючы перакладам твораў беларускіх пісьменнікаў, я шмат чаму навучыўся, даведаўся больш пра геаграфію, гісторыю, культуру Беларусі і традыцыі і звычаі беларускага народа. Я буду і далей ісці па гэтай дарозе, хай сабе і няпростай, але пачэснай і ўдзячнай.» Хань Сяое выступіў ключавым перакладчыкам зборніка «Выбраныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў», для зборніка ён пераклаў творы Рыгора Барадуліна, Віктра Шніпа, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Бадака і Алеся Карлюкевіча. Ён таксама з’яўляецца перакладчыкам кнігі «Выбраныя творы» Алеся Бадака і «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі.


Наталля Шапран знаёміцца з выставай

Па меркаванні Веранікі Карлюкевіч, кітаязнаўцы і даследчыцы беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў, гісторыя літаратурных перакладаў — гэта адлюстраванне глыбіні стасункаў паміж краінамі і народамі, важная частка культурных дыпламатычных зносін. Яна распавяла, што беларуска-кітайскія літаратурныя стасункі заўсёды былі яе галоўным накірункам у даследчыцкіх намаганнях, і калекцыя выданняў беларускай літаратуры на кітайскай мове стала зразумелым працягам такіх навуковых інтарэсаў. Непасрэднае знаёмства з выданнямі і гістарычным кантэкстам іх з’яўлення зацвердзіла яе ў перакананні, што гісторыю ствараюць людзі. «Беларускіх аўтараў на кітайскую мову традыцыйна перакладалі лепшыя перакладчыкі свайго часу: Лі Лянмінь, Сунь Шэн’у, Гэ Баоцсюань, Му Муцянь, Гао Ман і многія іншыя. Вельмі радасна, што іх справу сёння працягваюць не менш таленавітыя беларусазнаўцы і перакладчыкі Гу Юй, Хань Сяое, Джан Хуэйцсінь, Сінь Мэн, Сунь Фаньцсі, і з цягам часу кола даследчыкаў і перакладчыкаў беларускай літаратуры пашыраецца.» Беларуская літаратура — і класічная, і сучасная, — цэлы акіян магчысцяў для кітайскіх беларусістаў і беларускіх кітаістаў, перакладчыкаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў каб праявіць сябе, прадэмастраваць свае здольнасці, адыграць ролю ў паглыбленні гуманітарнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Даследчыца падзякавала спадару Сунь Цебіню, старэйшаму выкладчыку Даляньскага палітэхнічнага ўніверсітэта, і Лю Сулін, намесніка дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ за дапамогу ў пошуку букіністычных экземпляраў беларускіх кніг, выдадзеных у Кітаі. 




Мар’яна Мія, Віктар ШНІП

Прысвячаецца кітайскім перакладчыкам Гао Ману, Джан Хуэйцсінь, Хань Сяое, Гу Юю, Сунь Фаньці, Сінь Мэн

х х х

Кітайскаму перакладчыку

Як вечная божая кветка любові,

За тваім вакном узыходзячае сонца,

Якое асвятляе Кітай,

І якое праз некалькі гадзін

Узыдзе і над Беларуссю

І асвеціць стол паэта, як поле,

На якім расце толькі дабро,

Як і на тваім стале.

Ты не спаў усю ноч,

Узыходзячы

На беларускі ўзгорак Паэзіі.

Ты ішоў, як ідуць беларусы,

Няспешна,

Каб на вяршыні ўзгорка,

Пабачыць перад сабой

Яшчэ большую прыгажосць,

Якая, як васілёк у беларускім жыце,

Як у кітайскім садзе півоня.

Зноў лагодны нарачанскі вецер

Прынёс табе дым ад вогнішча,

Каля якога сядзяць паэты

І любуюцца Вялікай Мядзведзіцай,

Якая глядзіць на Вялікую Кітайскую сцяну,

І радуецца, што Паэзія — гэта мост

Паміж сэрцамі, якія ведаюць,

Што такое сяброўства

І жыццё для Паэзіі, якая вакол нас,

Як паветра, у якім лётаюць анёлы,

Як рыфмы яшчэ ненапісаных вершаў.

І ты глядзіш услед сонцу,

Якое ўзыходзіць над Беларуссю,

Якая далёка, як сонца,

І якая блізка, як вершы

Беларускіх паэтаў, што ў цябе

На стале і ў сэрцы,

Якое цяпер б’ецца ў рытме

Вершаў Уладзіміра Караткевіча.

І ты ідзеш праз Чорны замак Альшанскі,

І не губляешся ў яго сутарэннях,

Бо з табою беларусы,

Якія ведаюць, хто ты і для чаго

Ты ідзеш па беларускай зямлі,

Над якой свеціць сонца,

Якое ўзыйшло

І якое ўжо ніколі не зойдзе...

12.11.2024

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю