Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Мерапрыемства, прысвечанае юбілею радыё, нагадвала вечар успамінаў. Удзельнікі сустрэчы згадвалі, як гучалі старыя радыёлы, якую ролю адыгрывала вяшчанне ў іх жыцці. Так, народны артыст Беларусі піяніст Ігар Алоўнікаў памятае, як у маленстве на канікулах на поўдні Расіі слухаў голас маці — яе часта запісвалі на радыё. Гукі мелодыі «Радзіма мая дарагая», напісанай яго бацькам, сталі радыйнымі пазыўнымі. Падчас прэзентацыі кнігі вядомая кампазіцыя прагучала ў выкананні Ігара Уладзіміравіча і струннай групы Сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч выканала любімы верш Валянціны Церашковай і Ніны Сняжковай («Край паэтаў» Пімена Панчанкі). Жанчына распавяла, што радыё адыграла вялікую ролю ў яе творчай біяграфіі і ў лёсе многіх яе калег: «Калі не было роляў у тэатры, мы знаходзілі іх у Доме радыё, які стаў нашым прытулкам і другім домам. Нас выхоўвалі таленавітыя радыёрэжысёры. Менавіта на радыё праходзіла творчае станаўленне многіх вядомых майстроў сцэны».
Новае выданне дазволіць больш даведацца пра развіццё радыё, адкрыць яго сакрэты і зазірнуць у сучасныя студыі. І хаця асобныя брашуры па гісторыі радыё раней выходзілі, пра што сведчыла невялікая кніжная выстаўка, падрыхтаваная супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі, грунтоўных і багата ілюстраваных выданняў пра беларускае радыё дагэтуль не існавала. Кніга «Радыёлетапіс краіны. Беларускае радыё — 100 гадоў у эфіры» можа служыць як дапаможнікам студэнтам-журналістам, так і стымулам для разнастайных даследаванняў. Яна расказвае і пра вядомых людзей, якія прыходзілі ў рэдакцыю. Можна прачытаць пра багатую фанатэку беларускага радыё, дзе сабраны эфірныя матэрыялы, запісы знакамітых дзеячаў культуры, беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. Асобны раздзел прысвечаны музычным калектывам
Белтэлерадыёкампаніі. Ён дапаможа прасачыць, як тыя развіваліся, а таксама даведацца пра актуальныя праекты. У кнізе расказваецца і пра радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі, можна пазнаёміцца з іх фарматам, канцэпцыяй, аўтарамі перадач.
Работа над кнігай вялася больш за год, працавалі над ёй самі работнікі радыё. Унікальнасць выдання ў тым, што тут можна знайсці архіўныя фатаграфіі, якія раней не друкаваліся, «пазнаёміцца» з работнікамі студыі.
Генеральны прадзюсар Беларускага радыё Антон Васюкевіч згадаў словы Прэзідэнта: «Пакуль гаворыць радыё, жыве краіна». Менавіта дыханне эпохі імкнуліся перадаць аўтары новага выдання. Так, вывучаючы гісторыю медыя, можна больш даведацца пра час, у які яно працавала. Яго станаўленне праходзіла ў гады індустрыялізацыі і калектывізацыі. Падчас вайны радыё адыграла значную ролю ў арганізацыі супраціўлення захопнікам. На адным з архіўных фота, змешчаным у кнізе, можна ўбачыць замаскіраваную падпольную радыёстанцыю каля сялянскай хаты. У выданні ёсць і партрэты людзей, якія мелі дачыненне да стварэння радыёстанцыі «Савецкая Беларусія». Гэта і добрая нагода пазнаёміцца з выказваннямі, якія гучалі ў эфіры, лістамі з фронту.
Дзякуючы кнізе чытач зможа прасачыць, як мяняліся радыёстанцыі, як стваралася карэспандэнцкая сетка. У выданні многа партрэтаў, інфармацыі пра знакамітыя праграмы, сярод якіх «Калыханка», «Радыёфакт», «Пастфактум».
Нягледзячы на тое, што кніга нядаўна пабачыла свет, работнікі радыё ўжо спадзяюцца на працяг. Наступны кніжны праект можна было б прысвяціць літаратурнаму вяшчанню, тым больш што яно вядзецца на радыё з 1926 года — ужо тады ў эфір выходзіла літаратурная гадзіна. За сто гадоў створаны ўнікальны фонд запісаў. Гэта радыёспектаклі, радыёпастаноўкі, інсцэніраваныя чытанні прозы, паэтычныя кампазіцыі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара