Top.Mail.Ru

У Нацыянальнай бібліятэцы працуе выстаўка фотаздымкаў Анатоля Дудкіна «Нарачанскія ўдовы»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
01.07.2026 | 19:34

Стрыманасць і годнасць


Адкрылі праект, які размясціўся ў галерэі «Мабільная» на трэцім паверсе, 22 чэрвеня: журботная дата дазволіла ўдзельнікам імпрэзы засяродзіцца на разважаннях аб трагічных падзеях і наступствах вайны. Гаворка вялася не толькі пра Вялікую Айчынную, тым больш што цыкл «Нарачанскія ўдовы», які даў назву выстаўцы, расказвае пра жанчын, чые мужы загінулі падчас Першай сусветнай... 

Cерыя «Нарачанскія ўдовы» лічыцца галоўнай ў творчасці Анатоля Дудкіна. Створана яна ў вёсках Нарачанскага краю і прысвечана побыту жанчын, адлюстраваных праз дзесяцігоддзі пасля страты блізкіх. Між тым паказаны на выстаўцы і цыкл «Зямля і людзі» (здымкі былі зроблены ў вёсцы Лотва Мядзельскага раёна). У цэнтры ўвагі тут — вяскоўцы на працы, у паўсядзённым жыцці, у святочныя дні. 

У абедзвюх серыях Анатоль Дудкін засяроджваўся не на ўмовах жыцця, не на абставінах і нават не на трагедыях, якімі прадыктаваны паводзіны і ўчынкі герояў. Галоўным для яго было аблічча чалавека. Арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, нетрывіяльныя, нягледзячы на выбраную вузкую тэматыку, сюжэты, глыбіня аўтарскай думкі — усё спрыяе таму, каб глядач убачыў сілу і стойкасць, стрыманасць і годнасць тых, на каго быў скіраваны аб’ектыў майстра. Анатоль Леанідавіч мог даволі працяглы час працаваць з героямі: так з’яўляўся давер, які дапамагаў дасягнуць мэты. 

Праект арганізаваны сумесна з Беларускім грамадскім аб’яднаннем фатографаў і народным фотаклубам «Мінск». На адкрыццё выстаўкі завіталі калегі Анатоля Дудкіна, якія расказалі пра фатографа і выказаліся пра асаблівасці яго творчага метаду. Сярод іх — Валерый Вядрэнка, фатограф, фотакрытык, публіцыст, аўтар цыкла інтэрв’ю «Сустрэчы з легендамі» ў рамках праекта znyata. У адной з публікацый былі змешчаны ўспаміны Юрыя Васільева, Яўгена Казюлі, Віктара Жураўкова і Міхаіла Гаруса пра майстра. 

— Анатоля Дудкіна ніхто не вучыў здымаць, ён проста ўзяў фотаапарат і пачаў захоўваць моманты, якія спадабаліся, — паведаміў падчас адкрыцця выстаўкі Валерый Вядрэнка. — Архітэктар Антоніа Гаўдзі аднойчы сказаў: «Спачатку любоў, потым тэхніка». Дудкін заўсёды прытрымліваўся гэтага правіла. Любоў да людзей, герояў сваіх фотаработ прысутнічае ў кожным кадры. 

У ліку тых, хто выступіў падчас імпрэзы, былі старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Уладзіслаў Рута, фатографы Віктар Бутра і Сяргей Кажамякін. 

— У 1983–1985 гадах, калі Анатоль Дудкін працаваў над серыяй «Нарачанскія ўдовы», мы з калегамі, якія прыйшлі сёння на выстаўку, толькі 

далучыліся да фотаклуба «Мінск», — расказаў Сяргей Іванавіч. — У той час вучыліся па работах гэтага аўтара. Захапляюся тым, як яму ўдавалася праз твары і эмоцыі людзей перадаць трагедыю такога маштабу. На сучасных фатаграфіях з-за асаблівасцей магчымасцей новай тэхнікі рэдка сустрэнеш жывыя эмоцыі, у той час як у творах Дудкіна захавалася душа чалавека, яго пачуцці і перажыванні. 

Выстаўка «Нарачанскія ўдовы» будзе працаваць да 21 ліпеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю