Top.Mail.Ru

У Нацыянальны мастацкі музей на персанальную выстаўку запрашае Уладзімір Чарнышоў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
08.08.2025 | 07:00

Творчасць любога мастака праз выстаўку ці каталог можна прадставіць па-рознаму — вынік залежыць ад шматлікіх складнікаў. Напрыклад, аўтар можа быць зацікаўлены ў адборы найлепшых, на яго думку, твораў, што адлюстроўваюць той ці іншы перыяд працы, галерэйшчык зверне ўвагу на адпаведнасць работ канцэпцыі праекта, улічваючы магчымасці выставачнай прасторы, а стваральнік каталога будзе разлічваць на тое, каб паказаць створанае мастаком як мага шырэй. Пэўна, у разгубленасці былі і арганізатары выстаўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, члена Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза кінематаграфістаў і Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Уладзіміра Чарнышова, якая адкрылася на мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі... 


Значная частка жыцця гэтага аўтара звязана з кіно і тэатрам: скончыў ВГИК (сёння — Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі імя С. А. Герасімава), атрымаў размеркаванне на кінастудыю «Беларусьфільм», а пазней працаваў галоўным мастаком у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Знайшоў сябе Уладзімір Чарнышоў і ў выкладчыцкай дзейнасці — пэўны час навучаў студэнтаў Акадэміі мастацтваў і Універсітэта культуры і мастацтваў. Між тым скіраванасць творчасці не выключае іншых зацікаўленняў аўтара, у тым ліку спроб і пошукаў у жанры партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны... 

16_28_001.jpg

Эскіз да спектакля «Рулетка», 1995 г.

16_28_004.jpg

«Пакланенне зуброў» (эскіз да кінафільма «Дачка камандзіра»), 1980–1981 гг.

Між тым Нацыянальны мастацкі музей выстаўкай «Свет кіно і тэатра Уладзіміра Чарнышова. Да 85-годдзя мастака», якую склалі жывапісныя і графічныя творы з калекцыі аўтара і фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, паказвае здзейсненае пад уплывам свету кіно і тэатра, жыцця і творчасці ў гэтых двух асаблівых царствах. Так, у якасці мастака-пастаноўшчыка Уладзімір Фёдаравіч працаваў над стварэннем кінастужак «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў», «Вялікі трамплін», «Сямейныя абставіны», «Запіскі юнага ўрача» ды іншых, як галоўны мастак НАДТ імя М. Горкага аформіў 13 спектакляў, сярод іх — «Зыход» і «Раскіданае гняздо» па матывах твораў Янкі Купалы і «Браты-разбойнікі» паводле Ф. Шылера. 

Таму галоўнае месца ў экспазіцыі, з якой можна пазнаёміцца да 24 жніўня ў галоўным корпусе НММ, займаюць эскізы, накіды, што выяўляюць афармленне спектакляў і фільмаў. Работы заварожваюць найперш гледачоў старэйшага пакалення, знаёмых са спектаклямі «Рулетка», «П’ерэта» ці «У прыцемках». Ды фільмы, эскізы да якіх стварыў Уладзімір Чарнышоў, большасці сучаснікаў наўрад ці знаёмы. А гэта драмы «Выклік», «Вялікія перагоны», «Пушча»... Хоць тут лягчэй — з некаторымі стужкамі можна пазнаёміцца і сёння, з дазволу сказаць, многія наведвальнікі выстаўкі будуць ацэньваць талент мастака незалежна ад зробленага ім у тэатры і кіно — знаёміцца і атрымліваць асалоду выключна ад твораў выяўленчага мастацтва. Хоць такія імёны, як Расціслаў Янкоўскі, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка, ведае кожны, хто цікавіцца савецкім і айчынным відовішчным мастацтвам. У экспазіцыі — выявы гэтых знакамітасцей, якія звязалі сваё жыццё з Горкаўскім тэатрам, а таксама яркі аўтапартрэт 1979 года. 

16_28_002.jpg

Эскізы да кінафільма «Запіскі юнага ўрача», 1991 г.

16_28_003.jpg

«Партрэт Расціслава Іванавіча Янкоўскага», 2000 г.

Ва ўмоўнай другой частцы выстаўкі знайшлося месца архітэктурнаму пейзажу (адлюстраваны розныя храмы за межамі Беларусі) і тэматычнай карціне (прысвячэнне подзвігу салдат Вялікай Айчыннай вайны — бітве на Прохараўскім полі). Ураджэнец Пензеншчыны, Уладзімір Чарнышоў шмат стварыў у рэчышчы савецкага мастацтва і, зразумела, неабыякавы да гісторыі Краіны Саветаў і лёсу яе культурнай спадчыны. Разам з тым і гэтыя творы аўтара, і многія работы, прысвечаныя тэатру і кіно, прасякнуты праваслаўнымі матывамі. А вера, бадай, многім дае жыватворныя сілы. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю