Top.Mail.Ru

У Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі канцэпцыю XXXII Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Аўтар: Ірына Прымак
29.08.2025 | 07:00

«У канцэпцыю свята ўключаны асноўныя тэмы: 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Год упарадкавання, аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь сёлета, 500 гадоў з выхаду кнігі „Апостал“ Францыска Скарыны, а таксама юбілеі класікаў беларускай літаратуры», — першым слова ўзяў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі. 


Традыцыйна старт святочным мерапрыемствам дае рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». У гэтым годзе яна пройдзе з 3 да 7 верасня па маршруце: Мінск — Святое Поле каля в. Загор’е (Баранавіцкі раён) — Зэльва — Казлоўшчына (Дзятлаўскі раён) — Дзятлава — Ашмяны — Іўе — Ліда. «3 верасня ў межах старту экспедыцыі будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой», — паведаміў намеснік міністра. 

6–7 верасня ў Лідзе пройдзе традыцыйны Фестываль кнігі і прэсы, які арганізуе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Будзе прадстаўлена сем павільёнаў ад усіх абласцей і Мінска. Прычым сёлета вялікая ўвага ўдзяляецца менавіта рэгіёнам. «Гэта сур’ёзны крок для падтрымкі нашых абласцей, што сапраўды цікава, бо жыццё кіпіць і ў рэгіёнах. Наведвальнікі фестывалю змогуць пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі з усіх куткоў Беларусі, будзе шмат цікавых сустрэч з аўтарамі», — заўважыў Дзяніс Езерскі. 

Свае экспазіцыі таксама прадставяць ГА «Беларускі саюз жанчын», РГА «Белая Русь», ГА «БРСМ», Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Акрамя таго, у Лідзе будуць працаваць пляцоўкі ўстаноў адукацыі і культуры, пройдуць паказальныя выступленні і майстар класы па розных відах спорту.

6 верасня адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Лідскія чытанні», якую сумесна падрыхтавалі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. «Гэта будзе сур’ёзны ўнёсак у фарміраванне гісторыка-культурнай інфармацыі для яе далейшага выкарыстання на тэрыторыі гарадоў, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства», — перакананы Дзяніс Езерскі. 

У праграме (яна вельмі разнастайная) сапраўды будзе шмат сюрпрызаў ад арганізатараў. Падрабязней пра гэта і пра асаблівасці свята кнігі ў Лідзе можна будзе даведацца з наступнага нумара газеты «Літаратура і мастацтва». 

Крочыць лідскімі сцяжынкамі...

Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе дзяржаўнымі выдавецтвамі выпушчаны кнігі, прысвечаныя Лідзе і Лідскаму краю: «Лідскі край: з любоўю і назаўжды» («Беларусь»), «Край наш вольны. Край любімы» («Мастацкая літаратура»), «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі» (Выдавецкі дом «Звязда»). Менавіта навінку ад «Звязды» адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Ігар Кашкевіч, выказаўшы думку, што юным чытачам сапраўды будзе цікава і карысна крочыць лідскімі сцяжынкамі па славутых месцах свайго роднага краю. Паводле слоў Ігара Аляксеевіча, кніга «З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі» зроблена прафесійна і ад ўсяго сэрца.

«Я запрашаю ўсіх прыехаць на Дзень беларускага пісьменства ў Ліду! Горад стаў яшчэ прыгажэйшым да гэтага свята, — лічыць Ігар Кашкевіч. — На дваццаці вуліцах заменена асфальтавае пакрыццё. Добраўпарадкавана тэрыторыя каля Лідскага замка. Ачышчана бліжэйшае возера — робіцца ўсё для таго, каб парадаваць і жыхароў, і гасцей горада.

Але паколькі Дзень пісьменства — гэта ў першую чаргу кніга, паведамлю, што аматараў чытання парадуе адноўлены магазін „Белкнігі“ і адрэмантаваная Лідская раённая бібліятэка, на якой сёлета з’явіўся мурал з выявай Янкі Купалы. Сярод прыемных падарункаў гораду — арт-аб’ект „Верабейка“, створаны паводле першага верша лідскага паэта Валянціна Таўлая». 

...Імя Таўлая будзе гучаць у Лідзе не аднойчы. Хоць ён пражыў не так шмат, але здолеў упісаць сваё імя ў гісторыю краю як удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны. Валянцін Таўлай — паэт, крытык, публіцыст, перакладчык, чалавек, які нават сёння натхняе любіць свой край, пісаць вершы...

Вялікі творчы дэсант

У сваім выступленні старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч акцэнтаваў увагу на тым, што кульмінацыяй першага дня свята стане ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, бо для аўтараў гэта самае высокае прызнанне ў краіне, ацэнка таленту на дзяржаўным узроўні ў самых розных намінацыях — ад паэзіі да драматургіі.

«На Дзень беларускага пісьменства паедзе вялікі творчы дэсант — 116 чалавек па лініі СПБ, больш за ўсё будзе прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога аддзялення на чале з Людмілай Кебіч, — распавёў Алесь Карлюкевіч. — Нашы пісьменнікі возьмуць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў. Сярод іх хачу вылучыць „Лідскія чытанні“ і сустрэчу з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Іванавічам Чаргінцом. Плануецца, што ў гэтым мерапрыемстве таксама возьмуць удзел народная артыстка БССР Марыя Георгіеўна Захарэвіч і заслужаны дзеяч культуры БССР, народны артыст Беларусі Эдуард Сямёнавіч Ханок».

Алесь Мікалаевіч распавёў і пра кніжныя навінкі, якія выйшлі ў выдавецтве «Беларусь» спецыяльна да свята ў Лідзе. Сярод іх выданні «Наследники Победы» і «Минск помнит». Яны актуальныя і сапраўды важныя для захавання нашай гістарычнай памяці.

Ярка, душэўна, запамінальна

Паколькі ў прэс-канферэнцыі таксама брала ўдзел галоўны рэжысёр Дня беларускага пісьменства Бажэна Нюшкова, у журналістаў была магчымасць даведацца, якім будзе канцэрт адкрыцця свята ў Лідзе. З улікам галоўнай ідэі гэтага мерапрыемства тэатралізаваны паказ не проста напоўнены музычнымі і танцавальнымі нумарамі: гэта будзе вандроўка па беларускай гісторыі, па беларускай зямлі праз літаратуру.

«Прагучаць песні на словы сучасных паэтаў і, канешне ж, самі вершы. Мы наогул выкарысталі шмат менавіта літаратурнага матэрыялу, — прыадкрывае інтрыгу праграмы Бажэна Нюшкова. — Акрамя артыстаў на сцэну падчас канцэрта ўпершыню выйдзе пераможца рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў „Жывая класіка“. Гэта будзе вельмі цікавы рэтраспектыўны нумар. Канцэрт абяцае быць яркім, душэўным і запамінальным!»

Чытаюць дзеці

Напярэдадні свята кнігі 26 жніўня адбыўся фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». 6 верасня ўпершыню на галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства адбудзецца гала-канцэрт пераможцаў «Жывой класікі» розных гадоў «Каляндар часу і лёсу». 

2_32 в.jpg

Як адзначыў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, якому выпаў гонар ацаніць майстэрства юных чытальнікаў у журы, гэта не такая лёгкая справа — выбіраць пераможцаў сярод дзяцей, асабліва вучняў 1–4 класаў. «Мяне сапраўды ўражвае, як дзеці цудоўна чытаюць напамяць, нават урыўкі з прозы. Сёлета мы выбралі пераможцаў ужо дзявяты раз. Тое, што ў конкурсе бралі ўдзел каля 15 тысяч чалавек, даказвае — ён папулярны і развіваецца».

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю