Top.Mail.Ru

У НММ адкрылася часовая экспазіцыя, прысвечаная творчасці Леаніда Дробава

Аўтар: Лізавета Крупянькова
17.08.2026 | 18:00
Спадчына, сабраная па крупінках

Да 31 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі можна азнаёміцца з дакументальнымі звесткамі і творчымі работамі вядомага жывапісца і мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава. На адкрыццё выстаўкі завіталі калегі, вучні і сваякі майстра.

Леанід Міканоравіч Дробаў шырока вядомы ў творчай суполцы як таленавіты мастацтвазнаўца і педагог, чые навуковые працы і дагэтуль маюць вялікую каштоўнасць. Дзякуючы яго плённай дзейнасці на свет з’явілася шасцітомная «Гісторыя беларускага мастацтва», за якую навукоўца атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Галоўнае ж дасягненне Леаніда Дробава — вызначэнне як нацыянальнай спадчыны імён і творчых дасягненняў мастакоў XIX стагоддзя, якія нарадзіліся ў Беларусі, але большую частку жыцця правялі за яе межамі.

Часовая экспазіцыя «Мастацтвазнаўца і мастак. Дыялог скрозь час» прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастацтвазнаўцы ХХ стагоддзя. Гэта невялікая, але комплексная дакументальная і мастацкая прэзентацыя жыцця, якая адлюстроўвае этапы прафесійнага станаўлення беларускага мастацтвазнаўцы, доктара мастацтвазнаўства (1984), прафесара (1987) і жывапісца ад абароны кандыдацкай дысертацыі ў сценах ленінградскага Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна да апошніх манаграфій, прысвечаных беларускай графіцы ХІХ стагоддзя і сучаснікам — айчынным мастакам. Экспазіцыя заклікана прадэманстраваць не толькі эвалюцыю даследчыцкай думкі вучонага, але і шырокі культурны кантэкст акадэмічнай школы, уключаючы кнігі аб творчай спадчыне беларускіх майстроў, персаналіі знакавых жывапісцаў — Аляксандра Мазалёва, Акіма Шаўчэнкі, Анатоля Шыбнёва і іншых.

Больш за 100 жывапісных палотнаў і графічных лістоў вучоны падарыў Карціннай галерэі імя Л. М. Дробава ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Творчыя работы майстра арганічна дапаўняюць дакументальную частку выстаўкі, дэманструючы непарыўную сувязь тэарэтычнага даследвання і мастацкай практыкі.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю