Top.Mail.Ru

У Віцебску прайшоў ХХХV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
24.07.2026 | 15:43
Пад блакітным небам Шагала

На працягу 35 гадоў фестываль у Віцебску збірае гасцей з розных краін свету. Гэта свята без меж, якое ламае стэрэатыпы і нагадвае: сапраўднае мастацтва не ведае дзяржаўных граніц. Нягледзячы на знешнія катаклізмы, напружанае становішча ў свеце, «Славянскі базар у Віцебску» застаецца мостам, які злучае сэрцы людзей розных нацыянальнасцей, дазваляючы ім гаварыць на адной мове — мове сяброўства і натхнення.

Гавораць лічбы

Юбілейны ХХХV фестываль пабіў усе рэкорды: ад тэмпаў продажу білетаў да колькасці краін-удзельніц. Сёлета на святочныя мерапрыемствы было акрэдытавана больш за 8000 удзельнікаў з 52 краін (упершыню на фестывальнай сцэне выступілі прадстаўнікі Мьянмы і Катара), а трансляцыі і публікацыі ахапілі 119 краін свету! Білеты на ўрачыстае адкрыццё «Славянскага базару» раскупілі за 1 гадзіну 27 хвілін, а канцэртныя праграмы фестывалю наведала каля 120 000 чалавек.

Цікавасць да свята з кожным годам расце. Арганізатары лічаць, што справа не толькі ў зорным складзе ўдзельнікаў, але і ў любові публікі да фестывалю. 

Праграма юбілейнага «Славянскага базару» парадавала гасцей мерапрыемствамі на любы густ і ўзрост. Сёлета святочныя імпрэзы пачаліся 14 ліпеня. На асноўных творчых пляцоўках — у Цэнтральным спартыўным комплексе, у Канцэртнай зале «Віцебск», Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа і Віцебскай абласной філармоніі — музычныя, харэаграфічныя і тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі і іншых краін пазнаёмілі беларусаў і гасцей паўночнай сталіцы са сваім майстэрствам. Як адзначыў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі, некаторыя творчыя калектывы ўжо падалі заяўкі на наступны год, што сведчыць аб папулярнасці фестывалю сярод артыстаў. 

Новыя зоркі на фестывальнай сцэне

«Славянскі базар у Віцебску» — гэта не толькі свята мастацтваў, але і добрая магчымасць для артыстаў паказаць таленты і пашырыць сваю аўдыторыю. Традыцыйна ў межах базару праходзіць Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск» і Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні 

«Віцебск». Сёлета ўладальніцай Гран-пры сярод юных музыкантаў стала беларуска Лізавета Яцук, якая набрала максімальную кольскасць балаў. 

Першую прэмію прысудзілі Лючыі Байку з Румыніі, другую падзялілі паміж сабой Жасміна Тузелава (Казахстан) і Кіра Абрамаў (Ізраіль), трэцюю — Валерыя Шаўчэнка (Расія) і Еліца Малакава (Балгарыя).

Напружанне суправаджала і конкурс выканаўцаў эстраднай песні. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве прынялі музыканты з 19 краін свету ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Упершыню сярод удзельнікаў прадстаўніца Аўстраліі. Гран-пры «Віцебск-2026» атрымала італьянская спявачка Розі Альфана (пад псеўданімам Сарая). Яна выканала пранікнёную кампазіцыю «Не цалуй», уразіўшы моцным вакалам і кампетэнтнае журы, і гледачоў. Па выніку двух дзён выканаўца атрымала найвышэйшы бал — 135! Акрамя Гран-пры пераможцу ўзнагародзілі спецыяльным прызам «Ліра», дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 20 тыс. долараў. 

Першая прэмія дасталася выканаўцы з Казахстана Акерке Амалят, другую падзялілі паміж сабой Аляксей Восічаў (Малдова) і Алена Кузняцова (Беларусь), дыпламантамі трэцяй прэміі сталі Іраклі Гадэлі (Грузія) і Нурдаалот Дзеркембаеў (Кыргызстан).

Куды хочацца вяртацца

Безумоўна, усе госці з нецярпеннем чакалі ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю, канцэртныя прграмы якіх сёлета ўразілі сваёй разнастайнасцю. На сцэне Летняга амфітэатра выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады: Леанід Захлеўны, ансамбль «Песняры», Ірына Дарафеева, Руслан Аляхно, Ларыса Доліна, Алег Газманаў, Ані Лорак, Ігар Нікалаеў, Анатоль Ярмоленка,

Наталля Падольская, Уладзімір Прэснякоў, Станіслаў Ярушын, Вольга Бузава, Аляксандр Малінін, Ірына Круг і многія іншыя. Амаль усе творцы ўжо выступалі на фестывальнай сцэне ці станавіліся лаўрэатамі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Артысты прызналіся, што на гэтую сцэну хочацца вяртацца, бо віцебская публіка — незвычайная: яе энергія натхняе, падтрымлівае і дае сілы для новых творчых адкрыццяў. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі, а знаёмыя мелодыі зала спявала разам з артыстамі — гэта была тая асаблівая еднасць, якая здараецца толькі на «Славянскім базары».

Агульная тэматыка фестывалю — гэта ідэя адзінства, міру і ўзаемаразумення. Але сярод такіх высокамаральных тэм знайшлося месца для звычайных жыццёвых каштоўнасцей: сяброўства, кахання і сямейнага цяпла. У Летнім амфітэатры гучалі песні, знаёмыя і дзецям, і дарослым, творы, якія заслужылі ганаровае званне «Васільковы хіт» і засталіся не толькі ў гісторыі фестывалю, але і ў творчым летапісе беларускага мастацтва.

Нягледзячы на такі зорны склад, гледачоў не менш уразіла і падтанцоўка шматлікіх харэаграфічных калектываў Беларусі і Расіі. Асабліва запомніліся публіцы акрабатычныя выступленні ўзорнай цыркавой студыі «Арэна» і гімнастаў «Bastrigin brothers». Усе гледачы як па сігнале дасталі смартфоны, каб захаваць гэтыя чароўныя моманты.

Традыцыйна на сцэне амфітэатра прагучаў гімн «Славянскага базару» — «Усе кветкі ліпеня» пад акампанемент аўтара твора, кампазітара, уладальніка спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» Леаніда Захлеўнага.

Што яшчэ падарыў «Славянскі базар»

Акрамя яркіх канцэртных нумароў на галоўных пляцоўках горада для гасцей паўночнай сталіцы арганізатары падрыхтавалі шэраг культурных мерапрыемстваў, звязаных з самым маляўнічым відам мастацтва — жывапісам. 

У сценах Мастацкага музея Віцебска ў межах ХХХV Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар» прэзентавалі знакамітую карціну Марка Шагала «Над горадам», якую даставілі з Трэццякоўскай галерэі. Упершыню шэдэўр, ацэнены ў 150–160 мільёнаў долараў, дэманструецца на радзіме майстра. Сёлета ў беларусаў ёсць унікальная магчымасць пабачыць адразу дзве часткі трыпціха: «Прагулка» — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, «Над горадам» — у Мастацкім музеі горада Віцебска. Абодва шэдэўры будуць у Беларусі да верасня.

Выстаўка карункавых вырабаў «Нюўчымскія пералівы» са збору Муніцыпальнай бюджэтнай установы культуры «Сыктыўдзінскае музейнае аб’яднанне» адкрылася ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. У экспазіцыі дэманструюцца работы, прысвечаныя творчасці Аляксандра Пушкіна, порам года, традыцыйным святам народа комі. Сярод прадстаўленых вырабаў ёсць сучасныя, а таксама архаічныя карункі, якія адносяцца да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Выстаўку можна наведаць да 20 жніўня.

У Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання Нацыянальны музей Султаната Аман прэзентаваў праект «Хараство аманскага срэбра». У экспазіцыі прадстаўлены калекцыі традыцыйных кінжалаў (ханджараў), створаных у розныя перыяды аманскай гісторыі. Вытворчасць ханджараў — складанае рамяство, якое спалучае работу з металам, дрэвам, скурай, тканінай. Асобныя раздзелы выстаўкі прысвечаны традыцыйным касцюмам і ювелірным упрыгажэнням. Праект экспануецца да 14 жніўня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю