Top.Mail.Ru

У Вялікім тэатры рыхтуецца канцэрт беларускай музыкі

Аўтар: Яўгенія Шыцька
06.08.2026 | 15:38
Шэдэўры мінулага і сучаснасці

У рамках творчага праекта «На скрыжаванні музычных падзей: опера — гэта модна, опера — гэта моцна!», які рэалізуецца за кошт сродкаў гранта Прэзідэнта ў сферы культуры на 2026 год, галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Ганна Маторная запрашае на вечар беларускай музыкі. Мінчан і гасцей сталіцы чакаюць на канцэрт «Непаўторныя вобразы беларускай оперы і не толькі оперы» ў фае бельэтажа 12 верасня. 

Падзея будзе прысвечана шэдэўрам беларускай музыкі. У праграму ўвайшлі народныя песні і музыка Яўгена Цікоцкага, Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага, Уладзіміра Солтана. Прагучаць таксама творы сучасных кампазітараў Алега Залётнева, Алега Хадоскі, Андрэя Зубрыча і Сяргея Бельцюкова. 

На сцэне выступяць народныя артысты Беларусі Станіслаў Трыфанаў і Анастасія Масквіна, заслужаная артыстка рэспублікі Аксана Волкава, а таксама таленавітая моладзь: Анастасія Міхнавец, Дар’я Гаражанка, Марыя Булда, Андрэй Логвінаў, Андрэй Мацюшонак, Віктар Мендзелеў ды іншыя артысты. 

Сама праграма аранжыравана для незвычайнага камернага складу аркестра. Дырыжорам канцэрта стане студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валянцін Семяленаў, аранжыроўка твораў належыць Алегу Хадоску, Андрэю Зубрычу, Сяргею Бельцюкову і Яўгену Якабуку. У якасці вядучага канцэрта беларускай музыкі выступіць студэнт БДАМ Ілья Саковіч. 

Між тым 94-ы сезон у Вялікім пачнецца 6 верасня. Адкрые яго гала-канцэрт «Трыумф оперы», які рыхтуюць дырыжор Мікалай Калядка і рэжысёр Аксана Волкава. Народныя артысты Беларусі Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі і Дзмітрый Шабеця, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марыя Булда, Марта Данусевіч, Тарас Прысяжнюк ды многія іншыя выканаўцы звернуцца да твораў беларускіх і замежных кампазітараў розных эпох. Удзел у канцэрце возьме і хор тэатра (галоўны хормайстар — народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч). 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з архіва БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю