Кацярына МІЗЕРЫЯ:
— Мы ўсе розныя... Хтосьці любіць цішыню, спакой і адзіноту, хтосьці робіць музыку як мага грамчэй; хтосьці любіць чытаць кнігі, камусьці лягчэй сачыць за сюжэтам на экране тэлевізара; хтосьці любіць гуляць па лесе, нехта не ўяўляе свайго жыцця без гарадской мітусні...
Мы ўсе розныя, але ёсць непарушныя ісціны, якія нас яднаюць: любоў да радзімы, заключаная ў кожным позірку, у кожным слове, кожнай справе; павага да багатай гісторыі, да мужнасці продкаў, да кожнай кроплі крыві, пралітай за мірнае неба, удзячнасць, увасобленая ў помніках, абелісках, мемарыялах; цеплыня, з якой мы прамаўляем кожнае слова на роднай мове; пяшчота, з якой чытаем радкі нашай класічнай і сучаснай літаратуры; вера, якую мы старанна захоўваем глыбока ў сваіх сэрцах і якая ажывае ў словах шчырай малітвы...
Усё гэта яднае жыхароў Брэста і Віцебска, Гродна і Магілёва, Мінска і Гомеля... Мы ўсе розныя, але блізкія і родныя адно аднаму! Са святам!
Яўгенія ПРАКАПЧУК:
— У нашай краіне шмат чым можна ганарыцца.
І ўсё ж адносна новае для нас свята — Дзень народнага адзінства — паспела не толькі замацавацца
ў календары, але і трывала пасяліцца ў сэрцах беларусаў, якія, здаецца, яго чакалі.
Гэты дзень — напамін нам усім пра ўмоўнасць межаў паміж краінамі і народамі: дзе б мы ні жылі, як далёка б ад родных мясцін не заносіла нас жыццё, ёсць нешта большае, глыбіннае, непарушнае, што яднае і надае ўпэўненасці ў сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Мне таксама давялося пажыць за мяжою, і я добра ведаю: як бы цёпла цябе не прымалі на чужыне, нідзе лепш не адчуюць твой боль, твае трывогі і радасці, як на Радзіме. Бо адзінства нацыі заключана не толькі ў межах роднай краіны, але і ў тых гістарычных траўмах, якія атрымаў наш народ, якія адбіліся на нашай мове, традыцыях, характарах, прымхах і прыказках... Гэтае адчуванне не прапішаш у пашпарце ці пасведчанні аб нараджэнні — яго можна толькі насіць у сабе, увабраўшы з малаком маці, з гучаннем роднага слова.
Не магу ведаць, што ў 1939-м адчувалі людзі ад уз’яднання з роднымі — людзьмі і мясцінамі, але добра памятаю свае адчуванні падчас вяртання ў Беларусь пасля года жыцця ў блізкай, здавалася б, Расіі. Апісаць яго не бяруся: баюся, не хопіць слоў. Але лічу, што Дзень народнага адзінства трошачкі і мой дзень.
Ангеліна КУХАЛЬСКАЯ:
— Дзень народнага адзінства — гэта не проста дата ў календары. Гэта асабісты стан душы беларуса, які адчувае сябе часткай адзінай сям’і, звязанай лёсам, гісторыяй і любоўю да роднай зямлі.
Адзінства — гэта не нешта далёкае і абстрактнае. Яно ў нашых штодзённых справах, у тым, як мы разам робім сваю краіну лепшай, сістэма, дзе кожны з нас — важная частка агульнага цэлага. Незалежна ад прафесіі і узросту, мы — адна вялікая сям’я, дзе падтрымка, павага і ўзаемаразуменне — найважнейшыя каштоўнасці.
Гэтае свята яшчэ раз нагадвае: толькі разам мы можам пераадолець любыя цяжкасці і захаваць спадчыну продкаў. Наша сіла — у згуртаванасці, у гатоўнасці прыйсці на дапамогу, у агульнай мэце — росквіце роднай Беларусі.
Максім ХАЦКЕВІЧ:
— Калі кажуць аб адзінстве, я згадваю вершы Уолта Уітмэна «Першы сустрэчны, калі ты, праходзячы, захочаш загаварыць са мной, чаму б табе не загаварыць са мной? Чаму б і мне не пачаць размову з табой?» Бясспрэчна, знойдзецца аб чым пагаварыць з першым сустрэчным, аб чым распавесці. Хутчэй за ўсё мы зразумеем адзін аднаго. У такім стаўленні да людзей, да іх лёсаў я бачу пачатак нефармальнага адзінства, супольнасці, пра якую скажуць, што яна душэўная ці духоўная, або існуе на нейкім ментальным узроўні. Але разам з гэтымі развагамі з’яўляюцца іншыя: згадваюцца радкі М. В. Гогаля «Ты полюби нас чёрненькими, а беленькими нас всякий полюбит» — вось і камень спатыкнення знайшоўся, але яго ніяк не абмінеш, — ці спатыкнешся аб яго, ці ў кішэню пакладзеш і будзеш пры сабе трымаць. А не станешь насіць, тады адзінства не працягнецца доўга.
Наталля ЛАБЕЕВА:
— Адзінства для мяне — гэта мая сям’я. У маёй матулі дзве родныя сястры. Мае стрыечныя браты і сёстры для мяне — як родныя. Мы ніколі і не развітваліся надоўга. Падрасталі разам, гулялі ў «хованкі», ганялі па двары невялікі мячык, ярка-жоўты і смешны. Дом нашай бабулі — самы цёплы, самы прыгожы, самы гасцінны, той самы, у які мы зноў і зноў на працягу не аднаго дзесяцігоддзя вяртаемся з асаблівым трапяткім пачуццём у сэрцы, прадчуваннем сустрэчы, радасных усмешак, цёплай размовы.
Наша дзяржава — таксама вялікая сям’я. А сям’я павінна быць адзінай. Менавіта таму дзень нашага яднання — гэта не проста дата ў календары, гэта дзень радаснай, доўгачаканай сустрэчы, якую чакалі на працягу многіх дзесяцігоддзяў.
Ірына РАДЗІХОЎСКАЯ:
— Што жыццё складаецца з частак, адзінак і дробязей, ведае, напэўна, кожны, ды не кожны пра гэта памятае. Зрываецца лісток — і дрэва, здаецца, не змяняецца. Наўрад ці хтосьці заўважае, як на зямлю падае адзіная, самая першая кропля дажджу. З твару сціраецца ўсмешка — у натоўпе гэтага, як правіла, ніхто не бачыць. Але ці застанецца непрыкметным момант, калі з галін асыпаецца ўсё лісце, з хмар ліецца цэлы вадаспад, а дзясяткі ці сотні людзей хмурнеюць адначасова? Кожная маленькая дэталь і кожны асобны чалавек — кропкі і літары на старонках часу, і з іх складаюцца словы, якімі пішацца гісторыя.
Гэтае свята — напамін пра тое, што свет не дзеліцца на больш ці менш значныя лісточкі, кроплі і ўсмешкі. Самыя ўзнёслыя і гарманічныя ці, наадварот, хаатычныя і напружаныя мелодыі складаюцца з адзінкавых нот. Будучыня, якую ўсе мы хочам бачыць лепшай, ствараецца сёння і разам. Наша адзінства — уласная і агульная адказнасць за яе.