Top.Mail.Ru
0

Укол цікаўнасці

Аўтар: Аляксандра Анцэлевіч
21.01.2026 | 14:18

«Медыцынскія музеі» наўрад ці можна аднесці да тых, што карыстаюцца надзвычайнай папулярнасцю ў турыстаў. І дарма. Чым хварэлі і як лячыліся нашы продкі — займальная старонка гісторыі краіны. 


Самы, бадай, шырока вядомы з музеяў, прысвечаных «гісторыі хвароб» нашых продкаў — на цэнтральнай плошчы Гродна, побач з кафедральным касцёлам св. Францішка Ксаверыя. Гэта ўнікальная, адзіная ў Беларусі аптэка-музей і адначасова найстарэйшая дзеючая аптэка краіны. Адкрылася яна аж у 1709 годзе, і з тых часоў штодня прымае наведвальнікаў (хоць быў і перапынак у яе дзейнасці — з 1953 па 1996 год). Менш знакаміты — Музей гісторыі медыцыны Беларусі (знаходзіцца ў сталіцы), ён, дарэчы, можа пахваліцца яшчэ больш займальнай экспазіцыяй (асабліва калі блукаць ад стэнда да стэнда з экскурсаводам). І, нарэшце, варта згадаць травяную аптэку ў «Парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі „Сула“», дзе можна на свае вочы ўбачыць менавіта «местачковую іпастась» фармакалогіі мінулых стагоддзяў.

Гісторыя хваробы 

Ці ведаеце вы, што ў IX стагоддзі ў ліку найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі хвароб былі артрыт і карыес (як, зрэшты, і ў нашы дні), а вось анкалагічныя захворванні ў нас усяго 120-150 гадоў таму былі вельмі і вельмі рэдкія. Іншы факт: яшчэ напачатку мінулага стагоддзя насельніцтва Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў значна часцей хварэла на гастрыт, чым на сухоты. Наркоз быў вынайдзены стаматолагам і, па гістарычных мерках, літаральна ўчора — у пачатку XIX стагоддзя. А ў Сярэднявеччы пацыента проста моцна прывязвалі да крэсла. Так што стары медыцынскі анекдот (добра зафіксаваны хворы ў анестэзіі не мае патрэбы) выяўляе пад сабой рэальную гістарычную аснову. Як, аказваецца, і многія іншыя прыклады спецыфічнага медыцынскага гумару, які сёння ўспрымаецца проста як «чорны»... 

Што датычыцца эпідэмій, то спачатку з гэтай праблемай менавіта ў нас справы ішлі вельмі нядрэнна. Умовы, у якіх жылі людзі на беларускіх землях больш за тысячагоддзе таму, нельга назваць антысанітарнымі. Прадукты харчавання захоўваліся ў глыбокіх халодных склепах, а пахавальны абрад крэмацыі спрыяў нераспаўсюджванню інфекцый. Антысанітарыя стала пабочным эфектам развіцця цывілізацыі. Спачатку з’явіліся буйныя гарады, а следам прыйшлі эпідэміі. Да гэтага, у IX стагоддзі, жыхары зямель, якія сёння мы называем Беларуссю, скардзіліся на, як ужо згадвалася, карыес, парадантоз, артрыт (следства нашага вільготнага халоднага клімату), а дзеці хварэлі рахітам (у выніку недахопу вітаміну D). І, зразумела, пакутавалі нашы продкі ад ран і траўмаў. 

Пераломы ў тыя часы ўжо лячылі накладваннем шын, і гэта давала вынік: у якасці доказу прад’яўляюцца косткі рук і ног, а таксама рэбры «ўзростам» больш за тысячагоддзе, «гаспадары» якіх (гэта бачна па касцяных мазалях у месцах пералому) пражылі пасля траўмы яшчэ не адзін дзясятак гадоў. 

Фітатэрапія, дарэчы, ужо тады была эфектыўнай. А «эфект плацэба» забяспечваўся абярэгамі, якія можна было набыць у знахараў. Папулярнымі былі амулеты-«шумёлы» (ад слова «шум»): пры рухах чалавека яны меладычна пазваньвалі. Так што да самаўнушэння дадавалася гукатэрапія.

Ад чаго лячылі трэпанацыяй 

Але вернемся да медыцынскага гумару. Барадаты анекдот «Ну што, калега, будзем лячыць, або хай пацыент яшчэ пажыве?» яшчэ больш стары, чым можна меркаваць. Старажытныя чарапы з прасвідраванымі ў іх дзірачкамі археолагі знаходзяць па ўсёй Еўропе. Беларусь — не выключэнне. Трэпанацыя чэрапа — папулярны яшчэ з часоў Гіпакрата і евангеліста Лукі (які па прафесіі быў урач) метад лячэння, а паказаннямі да падобнай працэдуры станавіліся (як мяркуюць сучасныя гісторыкі) чэрапна-мазгавая траўма і... высокі артэрыяльны ціск. Выжывала, дарэчы, пасля такога «лячэння» парадку 80 % пацыентаў, што для медыцыны тых часоў — нядрэнны паказчык. Іншыя метады старажытных эскулапаў пакідалі хвораму менш шанцаў... 

Напрыканцы X стагоддзя на Беларусь прыходзіць хрысціянства. У храмах ганаровае месца займаюць іконы святых лекараў Кузьмы і Дзям’яна, а таксама святога Панцеляймона. Кузьма і Дзям’ян лічыліся заступнікамі кансерватыўнага лячэння: іх малююць з посудам для лекаў і лыжачкай. Кананічная выява святога Панцеляймона, апекуна хірургіі — з правобразам скальпеля (завостраным гусіным пяром). Пазней узнікае традыцыя пакідаць у хрысціянскіх храмах «воцівы» — мініяцюрныя ручкі-ножкі-сэрцайкі і г. д. (у каго што баліць) з каштоўных металаў.

Часнок прагоніць дэманаў

Наогул, атмасфера на беларускіх землях даволі доўга была здаровай. Так, халера і сыпны тыф патрапілі на нашу тэрыторыю толькі з напалеонаўскай арміяй, у 1812 годзе. Праўда, бубонная чума, якая спусташала сярэднявечную Еўропу, збірала багатае жніво і ў нас. Даследчыкі наракаюць: вобразнасць летапіснай мовы не дазваляе адназначна ідэнтыфікаваць сімптомы, напрыклад, «згубнай язвы», занесенай у Мінск у 1505 годзе падчас нападу крымскага хана Махмет-Гірэя, або «чорнай смерці», якая выкасіла ў 1348 годзе чвэрць насельніцтва тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гісторыкі і дыягносты з удзячнасцю згадваюць апісанне мору ў Полацку ў 1092 годзе ў Радзівілаўскім летапісе: нягледзячы на фантастычнасць апавядання, клінічная карціна ўсё ж прадстаўлена досыць выразна — раптоўнасць захворвання і хуткі смяротны зыход. Нягледзячы на «ўдары дэманаў», пра якія кажа летапісец, дэталёва апісваюцца язвы, і можна зрабіць выснову, што гэта была якраз бубонная чума. 

Змагаліся з ёй спачатку сумеснымі малітвамі ў храмах. Зразумела, «лячэнне» давала зваротны вынік: хворыя заражалі здаровых. Знішчэнне «памагатых д’ябла» котак (у асноўным, зразумела, чорных, але пад гарачую руку траплялі і «кацейкі» іншых афарбовак) спрыяла росту папуляцыі рэальных разносчыкаў эпідэміі — пацукоў. Паступова, эмпірычным шляхам, старажытныя эскулапы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці ізаляцыі хворых і дэзынфекцыі. Чуму сярэднявечныя медыкі лячылі, выразаючы і прыпякаючы запалёныя лімфатычныя вузлы. Кансерватыўным лячэннем ад «удараў дэманаў» быў (чакана) настой часнаку. А таксама — мякаць буракоў, якую прыкладвалі да язваў.

Каму на карысць мяса змяі 

Вывучэннем мясцовых траў займаліся знахары і варажбіткі, якія гэтак жа, як дыпламаваныя эскулапы, без кліентаў не сядзелі. А афіцыйная фармакалогія прапаноўвала найноўшыя дасягненні сусветнай медыцынскай навукі. Напрыклад, рог адзінарога (на самай справе — дробна стоўчаны клык маржа), а таксама «імпартны» корань мандрагоры. Таксічнай расліне мандрагоры прыпісвалася здольнасць ўплываць на мужчынскую сілу (сярэднявечная «віягра») і спраўляцца з жаночым бясплоддзем. Аптэчныя сродкі з мандрагорай былі нятаннымі, бо здабываць яе корань лічылася справай небяспечнай: «Стогны мандрагоры, калі яе з каранямі вырываюць, — гэты гук даводзіць смяротных да вар’яцтва», піша Шэкспір. Таму корань мандрагоры адкопвалі дрэсіраваныя для гэтых мэт сабакі. 

Расліна была запатрабавана і ў магіі — уваходзіла ў склад разнастайных любоўных зелляў. Але тут усё было яшчэ больш складана. У магічных мэтах эфектыўным лічылася выкарыстоўваць толькі карані мандрагоры, што вырасла непадалёк ад шыбеніцы, на якой быў пакараны нераскаяны злачынец. І выкопваць яе варта было толькі ў ноч, калі месяца на небе няма. Зразумела, што складаная тэхналогія вытворчасці наўпрост адбівалася на кошце «прэпарата». 

Але, мабыць, самым дарагім у сярэднявечных аптэках быў тэрыяк. Тэрыякі лічыліся ўніверсальным проціяддзем ад любых атрут, у тым ліку ад інтаксікацыі арганізма з прычыны хваробы. Разнавіднасцяў тэрыякаў было мноства, але абавязковых кампанентаў — усяго два: настойка маку і змяінае мяса (у нашых шыротах — мяса гадзюкі). Паводле легенды, рэцэпт першага тэрыяку быў вынайдзены царом Мітрыдатам VI (126–64 гг. да н. э.), складаўся з 54 кампанентаў, гатаваўся на аснове мёду і чырвонага віна. Рэцэпт тэрыяку Мітрыдата, перапісаны рукой невядомага беларускага сярэднявечнага аптэкара, сёння захоўваецца ў фондах Музея гісторыі медыцыны. На тэрыторыі ВКЛ тэрыякі ў аптэках прадаваліся розныя: з 74 і больш кампанентаў для заможных пакупнікоў (у склад уваходзілі золата, срэбра, здрабнёныя ў пыл каштоўныя камяні) і «бюджэтны варыянт» (12 базавых складнікаў) для «сярэдняга класа» або кліентаў багатых, але ашчадных.

Ёсць чым ганарыцца 

Цікавы факт: метад лячэння пераломаў з дапамогай накладвання гіпсу быў вынайдзены менавіта на беларускіх землях. Карл Гібенталь некалькі дзесяцігоддзяў займаўся медыцынскай практыкай на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі і ў 20-я гады пазамінулага стагоддзя першым у свеце апублікаваў навуковы артыкул аб выкарыстанні гіпсу пры пераломах. А яшчэ менавіта на беларускіх землях, у Гродна, у 1586 годзе было праведзена першае ва Усходняй Еўропе ўскрыцце. Анатаміраванню падверглася цела караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Аўгусцейшая сям’я сумнявалася ў прычынах смерці венцаносца: прыдворныя шапталіся, што караля атруцілі. Было вырашана правесці «экспертызу». З пункту гледжання сярэднявечнай медыцыны гэта быў небывалы прарыў, хоць усталяваць прычыну смерці караля тады не ўдалося. Але да нашых часоў захавалася скрупулёзнае апісанне стану ўнутраных органаў нябожчыка, па якім сучасныя медыкі дыягнастуюць цяжкую нырачную недастатковасць, што і прывяла да смяротнага зыходу. 

У пошуках здароўя і даўгалецця нашы продкі прайшлі доўгі шлях, часам спатыкаючыся і падаючы, часта навобмацак адшукваючы сцяжынку ў цемры. Прасачыць гэты шлях вам дакладна не падасца сумным. Нават калі — асабліва калі! — ваша прафесійная дзейнасць ніяк з медыцынай не звязаная.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю