Top.Mail.Ru

Уладзімір Дражын: «Удзячны лёсу, што паўдзельнічаў у будаўніцтве аднаго з галоўных культурных аб’ектаў краіны»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
22.06.2026 | 17:12
Больш падрабязна пра будаўніцтва «алмаза ведаў» пагутарылі з Уладзімірам Дражыным

У 2001–2005 ён быў намеснікам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, займаўся сацыяльнай палітыкай дзяржавы і курыраваў шматлікія праекты. 

— Уладзімір Несцеравіч, як падступіліся да маштабнай будоўлі? 

— Працуючы ў Нясвіжы, а затым ў Мінскім аблвыканкаме, займаўся пытаннямі будаўніцтва розных аб’ектаў, таму майстэрствам аб’яднаць намаганні усіх удзельнікаў працэсу валодаў. Галоўнае, было зразумела, — фондам Нацыянальнай бібліятэкі неабходны новы будынак. 

— Гісторыю яго ўзнікнення, напэўна, можна назваць працяглай. Чым гэта абумоўлена? 

— Спачатку з’явіўся запыт на будаўніцтва аб’екта, а пазней гэтая патрэбнасць падштурхнула да арганізацыі міжнароднага архітэктурнага конкурсу, у якім перамаглі беларусы — Віктар Крамарэнка і Міхаіл Вінаградаў. Пасля падвядзення вынікаў быў час для асэнсавання... Калі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальную бібліятэку на Чырвонаармейскай, мэтай яго візіту было знаёмства са станам і асноўнымі фондамі кніжніцы, і, вядома, разгляд праекта новага будынка. 

Прэзідэнт упэўніўся, што запыт жыхароў Беларусі абгрунтаваны. А ў сакавіку 2002 года быў падпісаны Указ № 153 «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі». Пачалася актыўная работа. 

— Як былі размеркаваны задачы па будаўніцтве? 

— Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду стварыць штаб, які б каардынаваў працу і выконваў пастаўленыя Прэзідэнтам задачы. Штаб узначаліў прэм’ер-міністр, яго намеснікамі сталі я, які займаўся інтэлектуальнай часткай работы, звязанай з лічбавізацыяй, асваеннем тэхналогіі дастаўкі кніг ды іншым, і мой калега Васіль Гапееў, які вырашаў пытанні будаўніцтва. 

— Якія мэты былі пастаўлены? 

— Перадусім — пабудаваць унікальны аб’ект. І мы гэта зрабілі, нягледзячы на тагачасныя праблемы ў эканоміцы краіны. Сярод задач таксама —стварэнне сістэмы вытворчасці айчынных будаўнічых матэрыялаў. Прыкладна 35 міністэрстваў і ведамстваў фарміравалі гэтую базу. Выключэннем сталі тэлеліфты — іх закуплялі ў Германіі. 

— Чым характарызаваўся перыяд будаўніцтва? 

— Архітэктары і будаўнікі працавалі поплеч. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва стаў Будтрэст № 7. Урад забяспечваў сістэмную работу на ўзроўні пагаджальных нарад. Прэзідэнт заўсёды валодаў інфармацыяй аб працэсе будаўніцтва, прымаў удзел у лёсавызначальных сустрэчах, даваў даручэнні і кантраляваў іх выкананне. Ён падкрэсліваў, Нацыянальную бібліятэку як інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр павінен будаваць увесь беларускі народ. І суботнікі заўсёды мабілізоўвалі рэсурсы нашай краіны. Кіраўнік дзяржавы, як правіла, таксама ўдзельнічаў у іх. Шмат для асвятлення этапаў будаўніцтва зрабіў тэлеканал АНТ, які прыцягваў увагу грамадскасці да праблемы духоўнага адраджэння беларускага народа і праводзіў збор сродкаў. Так была забяспечана зладжаная праца, хоць архітэктары і праекціроўшчыкі не заўсёды знаходзілі агульную мову. 

— Ці хутка ішла работа пасля ўрачыстай цырымоніі закладкі падмурка будучага будынка бібліятэкі? 

— Будаўніцтва праходзіла ў некалькі этапаў, і звычайна мы прытрымліваліся графіка работ. У тых абставінах вялікую работу правёў Мінгарвыканкам. Нагадаю: на месцы, дзе знахо-

дзіцца бібліятэка, і побач, у культурнай зоне, дзе можа адпачываць каля трох тысяч чалавек, тады была вёска. Давялося знесці ўсе дамы — іх было каля 50, і тагачасны мэр Мінска Міхаіл Паўлаў выканаў задачу ў найкарацейшы тэрмін. Для таго, каб перасяліць усіх прапісаных там, спатрэбіліся два жылыя дамы на 80 кватэр. Так, што датычыцца будаўніцтва, мы ўклаліся ў тэрмін. Аднак у свой час не было рашэнняў па шэрагу пытанняў, а яшчэ ў працэсе завяршэння будаўніцтва ўзнікла неабходнасцьвыдзялення месца для правядзення міжнародных самітаў, таму ў праект былі ўключаны авальная і круглая залы. Але нягледзячы на складанасці, архітэктары і праекціроўшчыкі змаглі рэалізаваць планы, хоць увод будынка ў эксплуатацыю давялося перанесці. 

— Няпроста ў гэты час было і супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі? 

— Складанасць была ў тым, што асноўныя фонды размяшчаліся ў трох будынках — на вуліцах Чырвонаармейскай і Радыяльнай, а таксама на Партызанскім праспекце. Неабходна было падрыхтаваць і перавезці каля васьмі з паловай мільёнаў экзэмпляраў кніг, у тым ліку рэдкіх і ўнікальных. Працэс быў працяглы і адказны, і калектыў бібліятэкі працаваў як гадзіннік. Калі была выбрана дата для адкрыцця бібліятэкі, цягам трох з паловай месяцаў перавозіліся выданні, прытым работа была выканана на найвышэйшым узроўні. Між тым з-за ўкаранення інавацыйных сістэм паўсталі кадравыя пытанні. За кароткі тэрмін пры падтрымцы вышэйшых навучальных устаноў, міністэрстваў і ведамстваў нам удалося падрыхтаваць спецыялістаў, якія ўзялі на сябе эксплуатацыю і абслугоўванне новага абсталявання. 

— Якія водгукі на той час атрымлівалі? 

— Праект знакавы і ўнікальны — і на постсавецкай прасторы, і на еўрапейскай, у сусветным маштабе таксама. Як пасол Беларусі ў дзвюх краінах 

у мінулым я прывозіў да нас шмат дэлегацый. Кожная з іх давала найвышэйшую ацэнку Нацыянальнай бібліятэцы, якая і сёння дазваляе жыхарам і гасцям нашай краіны атрымаць адказы на пытанні, якія ставіць перад імі жыццё. 

Я ўдзячны лёсу, што паўдзельнічаў у будаўніцтве аднаго з галоўных культурных аб’ектаў краіны. 

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю