Top.Mail.Ru

Унікальны праект Навума Гальпяровіча

Аўтар: Ірына Прымак
11.12.2024 | 06:19

Юбілейны, 250-ы, выпуск аўтарскага праекта заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3» стаў добрай нагодай для сустрэчы з яго стваральнікам і вядучым, каб нагадаць нашым чытачам, з чаго ўсё пачыналася. Калі гутарыш з такім чалавекам, як Навум Якаўлевіч, размова плаўна перацякае ў самыя розныя рэчышчы, нібы плывеш па рацэ чалавечай памяці. Мой суразмоўца згадаў нават час, калі сам працаваў у «ЛіМе». Навум Гальпяровіч і цяпер не страчвае сувязей з выданнем творчай інтэлігенцыі Беларусі: вядзе аўтарскую калонку, дасылае свае вершы і прозу. Вядома, пагутарылі, і пра яго ўражанні ад нядаўняй літаратурнай сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі «20 пытанняў Навуму Гальпяровічу», падчас якой паэт, празаік, публіцыст распавёў і пра сваю творчасць, і пра родны Полацк.


Сімвалічна, что імпрэза адбылася ў галоўнай кніжніцы краіны, бо менавіта тут здымаюцца «Суразмоўцы» ў самых розных лакацыях. Такім чынам, кожны ахвотны змог узяць міні-інтэрв’ю ў Навума Гальпяровіча (звычайна ў гэтых сценах усё ж наадварот). 

Аналагаў праграмы «Суразмоўцы» пакуль у нашай краіне не існуе. Яна адзіная надзейная культурная крыніца інфармацыі, дзе можна за 15 хвілін даведацца, хто такая, скажам, Жанна Міус. Менавіта магілёўскай пісьменніцы пашчасціла стаць госцяй юбілейнай перадачы. Дык з чаго ўсё пачыналася? Навум Гальпяровіч з ахвотай падзяліўся ўспамінамі: «Мне заўсёды было цікава размаўляць з людзьмі і распавядаць пра іх. Яшчэ ў часы работы ўласным карэспандэнтам на Беларускім радыё давялося сустракацца з рознымі ўнікальнымі людзьмі: народнымі майстрамі, сельскімі настаўнікамі, літаратарамі і г. д. Калі працаваў дырэктарам міжнароднага вяшчання ў цэнтральным апараце і намеснікам дырэктара на канале „Культура“ Беларускага радыё, нягледзячы на адміністрацыйныя функцыі, працягваў рэалізоўваць творчыя праекты. Больш за ўсё мяне цікавілі людзі нашай краіны, багатыя душой, якія могуць быць таксама цікавыя многім. Такім чынам у мяне нарадзілася ідэя — стварыць праект пра знакавых асоб у культуры Беларусі на тэлебачанні». 

Нагадаем, што гэта адбывалася ў 2018 годзе. Ідэю Навума Якаўлевіча падтрымала Наталля Марынава, кіраўнік «Беларусь 3», які лічыцца «культурным» тэлеканалам «Белтэлерадыёкампаніі». Наталля Васільеўна таксама ўзяла актыўны ўдзел у пошуку назвы праекта — «Суразмоўцы»: яна насамрэч складаецца з некалькіх слоў — сучаснасць, размова, цытаты. Дарэчы, Навум Гальпяровіч супрацоўнічаў з тэлеканалам «Беларусь 3» з самага пачатку яго стварэння: працаваў у праекце пра мову «Дыяблогі», пасля стаў весці гумарыстычны «Дыяблог. P. S.» разам з пісьменнікам Анатолем Зэкавым. 

Дэбют праекта адбыўся ў верасні 2018 года. Першым суразмоўцам стаў старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч, на той момант — міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. «Цяпер, азіраючыся назад, падаецца сімвалічным, што першым да мяне завітаў чалавек, які мае вялікі досвед, любіць і шануе беларускую літаратуру, многа робіць для яе развіцця. 

Я гутарыў з Алесем Мікалаевічам не толькі як з міністрам, але і як з даўнім знаёмым, пісьменнікам, краязнаўцам. Дарэчы, напачатку выбіраў тых герояў, каго добра ведаў, — згадвае Навум Якаўлевіч. — Першымі сталі сапраўды знакавыя людзі ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры: заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат самых розных прэмій, вядомы драматург і сцэнарыст Аляксей Дудараў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка і многія іншыя». 

Кола гасцей пашыралася, паколькі з’яўляліся новыя цікавыя асобы, не толькі пісьменнікі і паэты, але і творцы самага рознага кшталту, але найперш літаратары: Алесь Бадак, Пятро Васючэнка, Мікола Мятліцкі і г. д. Гасцямі станавіліся і кнігавыдаўцы, і гісторыкі, і рэктары беларускіх ВНУ, і кіраўнікі музеяў, вядомыя вучоныя і дзеячы культуры, архівісты, калегі-журналісты. Навум Якаўлевіч стаў запрашаць да сябе на душэўную размову людзей з рэгіёнаў: Віцебска, Гомеля, Гродна, Смаргоні, Ліды, Камянца і нават з вёсак. «Вядома, запрашаў сваіх землякоў з Полаччыны, бо там жывуць вельмі цікавыя людзі».

Некаторыя суразмоўцы станавіліся гасцямі праекта двойчы, калі з’яўлялася нейкая новая нагода для размовы: Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, пра якіх ішла ўжо гаворка вышэй, а таксама пісьменнік і журналіст Зіновій Прыгодзіч, галоўны рэдактар «ЛіМа» Аляксей Чарота.

Усе гутаркі запомніліся Навуму Гальпяровічу, бо ўнутраны свет кожнага госця ўнікальны. І ўсё ж сярод усіх сваіх суразмоўцаў цяпер, калі мінула 250 выпускаў, асабліва вылучае два інтэрв’ю — з Іванам Чаротам і Аляксеем Дударавым. 

«На жаль, побач з намі іх ужо няма... З Іванам Аляксеевічам я гутарыў не толькі ў „Суразмоўцах“, але і на радыё ў праекце „Дыялогі пра культуру“. Гэта была душэўная размова, якая сапраўды ўразіла. А Аляксей Дудараў у пачатку інтэрв’ю сказаў: „Навошта нам сцэнарый? Давай адкінем пытанні і пагаворым пра што захочам, менавіта зараз“. Калі госць сам падключаецца, атрымліваецца сапраўды жывая размова. Але бывае, што чалавек сціплы, камера яго пужае, тады трэба спачатку разгаварыць дзесьці паўгадзіны, і тады гутарым амаль пра ўсё». 

Што далей у планах стваральніка і вядучага перадачы? Ідэй шмат, але Навум Якаўлевіч вырашыў зрабіць для гледачоў сюрпрыз. Адзінае, што ён пацвердзіў, — пакуль месца здымак застанецца нязменным, як і хронаметраж перадачы. Будынак Нацыяльнай бібліятэкі сапраўды дапамагае ствараць прыгожую карцінку, ды і само месца знакавае для беларускай культуры і літаратуры. Што датычыцца хронаметражу, канешне, калі б яго павялічыць, Навум Гальпяровіч мог бы распавесці яшчэ больш цікавостак пра таго ці іншага чалавека. Але ён сам перакананы, што гэтага рабіць не варта: «Цяпер такая дынаміка жыцця, у людзей кліпавае мысленне, таму 15 хвілін — ідэальны фармат. Вядома, выпуск здымаецца значна больш (часам — нават больш за гадзіну), таму не так проста адабраць матэрыял, каб стварыць цікавы партрэт суразмоўцы». У гэтым Навуму Якаўлевічу дапамагае здымачная група, у прыватнасці рэдактар Алесь Мойскі.

«Калі толькі прыйшоў у журналістыку, старэйшыя калегі мяне навучылі рыхтавацца да інтэрв’ю — збіраць дасье на таго ці іншага чалавека, каб можна было задаць пытанні, цікавыя асабіста для яго. Цяпер гэта значна прасцей, бо ёсць інтэрнэт, але я рыхтуюся больш грунтоўна: не толькі многа прачытваю пра свайго будучага суразмоўцу, але і шмат гавару пра яго з людзьмі, — Навум Якаўлевіч дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі. — Людзей цікавіць, як я выбіраю герояў. Для мяне вельмі важны вялікі кругагляд самога чалавека, каб ён мог весці гаворку на розныя тэмы, ведаў многіх цікавых асоб, каб суразмоўца быў носьбітам нашай роднай мовы, любіў і шанаваў беларускую культуру, літаратуру, гісторыю, ствараў нешта важнае, сам з’яўляўся чалавекам-каштоўнасцю ў той ці іншай ступені. Для мяне мой аўтарскі праект не проста перадача, гэта 250 лёсаў самых розных людзей, цікавых асоб, пра якіх варта распавесці як мага большай колькасці гледачоў, бо мае суразмоўцы гэтага вартыя».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю