«Беларусь — краіна з вялікім патэнцыялам, які павінен знайсці сабе прымяненне», — гэта словы вядомага італьяна-швейцарскага куратара Андрэа Беліні, які прадставіў сваю кнігу «Толькі б не працаваць» у Цэнтры сучаснага мастацтва «Кайрас», што ў Астрашыцкім гарадку. Адбыцца гэтай прэзентацыі дапамог Астрашыцка-Гарадоцкі сельскі выканаўчы камітэт на чале са старшынёй Андрэем Мацкевічам. Месца добрае, і людзі прыйшлі зацікаўленыя. А яшчэ была сустрэча ў мінскай галерэі «А»,дзе Андрэа Беліні распавёў пра Жэнеўскі цэнтр сучаснага мастацтва, дырэктарам якога ён з’яўляецца.
Куратар і крытык атрымаў філасофскую адукацыю, але выбраў працу ў іншай сферы, і ўжо 30 гадоў паглыблены ў сучаснае мастацтва не толькі Еўропы, а наогул свету. І гэты досвед дапамог яму напісаць кнігу, у якой адлюстроўвае ўзаемадачыненні людзей з творчасцю (асабліва так званай эліты), калі раптам узнікла мода цікавіцца сучасным мастацтвам.
— Я ніколі не кажу дрэнна пра мастакоў — яны заслугоўваюць маёй павагі. Але мая іронія ў кнізе гучыць ў адносінах да куратараў і людзей, якія вакол мастакоў, — адзначае аўтар.
Беліні прызнае, што ён адзін з герояў гэтага свету і гэтай кнігі. Але ведаючы ўсё знутры, дазваляе сабе пасмяяцца. Кажа, што стаў куратарам выпадкова. Бо свет мастацтва належаў прадстаўнікам эліты. Тым не менш ён у кнізе іранізуе: «Каб увайсці ў свет мастацтва, не патрабуецца ніякай адмысловай падрыхтоўкі. Можна зрабіць добрае ўражанне, не прачытаўшы ніводнай кнігі, не ведаючы, што Пармеджаніна — не сыр да аперытыву... Дастаткова апрануцца ва ўсё чорнае і паўтараць, пацягваючы свой кактэйль: „Цудоўная выстаўка“». І робіць выснову: «Без выпадковага куратара фальшывая эліта не змагла б паверыць, што яна і ёсць эліта».
Аўтар лічыць, што жыць у крызісны час больш цікава і прадуктыўна — можна лепш раскрыць свой патэнцыял. І гэта варта ўзяць на заметку ў Беларусі, дзе сучаснае мастацтва імкнецца заявіць пра сябе.
Як куратара яго цікавіць работа з італьянскім мастацтвам. Цяпер Андрэа Беліні працуе над вялікай выстаўкай у Рыме, дзе хоча паказваць італьянскае мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя інакш, чым пра яго распавядалі раней. Таму што яно знакамітае «бедным мастацтвам». Гэты тэрмін быў прыдуманы ў 1967 годзе мастацтвазнаўцам і куратарам Джэрмана Чэлантам для таго, каб характарызаваць мастакоў, якія працавалі ў той час. Так ён стараўся акрэсліць эпоху новага італьянскага мастацтва. Гэты кірунак адмаўляў багацце культуры, што склалася. Таксама італьянскае мастацтва было знакамітае трансавангардам — тэрмін прыдуманы крыху пазней італьянскім крытыкам Акіле Баніта Аліва. Ён крыху вяртаецца да фігуратыўнага мастацтва. Але гэтыя два кірункі — усяго 20 мастакоў, сярод якіх толькі адна жанчына. А італьянскае мастацтва значна больш складанае, цікавае і мае вялікую колькасць жанчын-мастачак, якіх дагэтуль ігнаруюць. Таму Андрэа Беліні лічыць, што неабходна перапісаць гісторыю мастацтва — дзеля гэтага праводзіць выстаўку ў Рыме, дзе больш за 150 розных мастакоў, у ёй ён не згадвае ні пра трансавангард, ні пра «беднае мастацтва». Але заяўляе, што гэта культурная частка, якая таксама вылучае італьянцаў.
Ён лічыць, што паказваць акрамя сучасных мастакоў трэба новых аўтараў, якія пакуль не выстаўляліся, а таксама вяртацца да гісторыі мастацтваў. Гэта адна з задач, якую ён бачыць у сваёй працы, у тым ліку ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Жэневе і Біенале выяў, што рухаюцца. Летась ён быў куратарам Швейцарскага павільёна на Венецыянскай біенале — усё самае наватарскае і адметнае ў сучасным мастацтве звычайна знаходзіцца там.
Калі гаварыць пра тое, што тэхналогіі прыходзяць і мяняюць мастацтва, то паўстае пытанне, як паўплывае на яго штучны інтэлект? Андрэа лічыць, што гэта таксама інструмент, каб ствараць мастацтва. Добра, калі ёсць узаемаразуменне і супрацоўніцтва паміж мастаком і ШІ. Але сам па сабе штучны інтэлект не створыць тое, што можна будзе назваць мастацтвам.
У Беларусі задумваюцца над некаторымі актуальнымі тэмамі, звязанымі з сучасным мастацтвам. І звычайны глядач, які выпадкова зазірае на выстаўкі, запытае: «А што ж з жывапісам?»
— Часам кажуць, што жывапіс памірае. Але ён не можа памерці, бо бессмяротны. Часам разважаюць, што жывапіс больш ці менш модны. Але ён не знікне. Мне падабаецца жывапіс. Я лічу, што добры жывапіс даволі рэдкі. Я ў асноўным займаюся відэа і, безумоўна, у кожнага мастака сваё бачанне. Але дома мне падабаецца жыццё з карцінай, а не з відэа. Няхай жыве жывапіс, няхай жыве мастацтва.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота са старонкі пасольства Італіі ў Facebook