«Пра вайну чула з малалецтва»
— У Вас сямейная дынастыя настаўнікаў. Ваш жыццёвы шлях, напэўна, быў прадвызначаны, Валянціна Станіславаўна?
— Сапраўды так. Мама, Валянціна Пракопчык, была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, сёстры сталі філолагамі. Мая хросная маці, якая выкладала рускую мову і літаратуру, пазнаёміла мяне з творчасцю Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай. Тым не менш, у дзяцінстве я марыла стаць лётчыцай, потым юрыстам. Але лёс прывёў у педагагічнае вучылішча. Падчас практыкі ў мяне склаліся вельмі добрыя адносіны з дзецьмі, тады і зразумела: прафесію выбрала правільна. Пасля вучылішча паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Свой настаўніцкі шлях пачынала ў школах Мастоўскага раёна.
— Калі з’явіліся першыя рыфмаваныя радкі?
— У раннім дзяцінстве. Сям’я была чытаючая, тата і мама былі не без літаратурных здольнасцяў. У нас была вялікая бібліятэка, на паліцах стаялі партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча. Не стаць паэтам у такой абстаноўцы было немагчыма. У школе пачала занатоўваць свае спробы пяра ў сшытак. Адзін з першых вершаў — пра бабулю Насцю, у якой два сыны загінулі на вайне.
— Жыццё за Радзіму аддаў і Ваш дзядуля…
— Петр Антонавіч Пракопчык, бацька майго таты, прапаў без вестак вясной 1945 года пад Кёнігсбергам — так было сказана ў паведамленні, якое атрымала бабуля. Менавіта там родныя доўгі час шукалі яго магілу, не перастаючы спадзявацца, што ён жывы і вернецца дамоў. Бо калі блізкі чалавек прапаў без вестак, застаецца надзея.
А дзядуля па матчынай лініі Іван Васільевіч Пісар прайшоў усю вайну, быў двойчы паранены, дайшоў да Японіі, насіў пад сэрцам фашысцкі асколак. Меў шмат узнагарод. Пасля вайны быў старшынёй калгаса на Гродзеншчыне. З маёй бабуляй Зінаідай Максімаўнай яны жылі ў сапраўднай любові і ўзаемным клопаце. У іх хаце ў вёсцы Ханявічы часта збіраліся жанчыны — рукадзельнічалі, размаўлялі, успаміналі вайну. Так што пра Вялікую Айчынную я чула з малалецтва.
Далучыць дзяцей да гістарычнай праўды
— У апавяданні «Любіна сукенка» дзяўчына загінула ў першы дзень вайны — 22 чэрвеня 1941 года. Яе сукенку бабуля захавала, штогод выносіла на Парад Перамогі. Ці часта сустракаліся Вы ў жыцці з падобнымі сімваламі памяці?
— У вёсцы на Гродзеншчыне, дзе я нарадзілася, было шмат людзей, якія страцілі родных на вайне і захоўвалі ў памяць аб іх тую ці іншую рэч. Фотаздымкаў у той час амаль ні ў каго не было. Мая бабуля Марыя Іосіфаўна Пракопчык таксама берагла тое, што засталося ад мужа. Сама гадуючы шасцярых дзяцей, падчас вайны яна ўратавала яўрэйскую жанчыну, сваю суседку, з малым сынам: схавала іх у склепе. Два старэйшыя сыны і муж той жанчыны загінулі. Пасля вайны яна вымала з шафы іх адзежу, плакала над ёю, размаўляла, як быццам бы звяртаючыся да сваіх родных. У многіх беларускіх сем’ях ёсць свой сімвал памяці — рэчы, якія належалі іх сваякам, што прайшлі вайну. Бо сапраўдны патрыятызм і ў тым, як мы ставімся да сваіх продкаў — патрыёт той, у каго памяць пра іх жыве ў сэрцы.
— Ці доўга працавалі над творам?
— Задумала яго напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі і выношвала ў сэрцы некалькі гадоў. Кропку ў сюжэце паставіла падзея: у 2022 годзе мая дачка Дар’я знайшла пахаванне свайго прадзеда Пятра Пракопчыка. Праўда, не пад Кёнігсбергам, а пад Калобжэгам у Польшчы. Па архіўных дадзеных мы прасачылі баявы шлях дывізіі, у якой ваяваў мой дзед, і высветлілі: пад Калобжэгам быў крывапралітны бой, у якім палягло шмат нашых салдат. Яны пахаваны на мясцовых могілках. Дачка паехала туды, некалькі гадзін хадзіла сярод пліт мемарыялу, на якіх выгравіраваны прозвішчы загінулых, і казала мне пасля: «Мама, там столькі беларусаў!». Усе яны аддалі свае жыцці, ратуючы Еўропу ад фашысцкай нечысці. Там яна і знайшла пахаванне свайго прадзеда, усклала кветкі да пліты, пад якой ён ляжыць.
Гэта ўскалыхнула маё сэрца, і я напісала верш «Навечна», прысвяціўшы яго майму дзядулю Пятру Пракопчыку і ўсім загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны беларускім салдатам. У вершы ёсць такія радкі:
Ты на моры застаўся навечна,
Хоць ніколі не быў пры жыцці...
Паглынула чужая далеча
Сны і мары дадому дайсці.
Прытуліць сваю мілую Маню
І любімых сыноў шасцярых...
Той апошняй смяртэльнаю ранню
Ты ў атаку рвануўся за іх.
Неўзабаве было завершана і апавяданне. У ім сукенка, якая засталася ад Любы, перадаецца яе бабуляй юнаку Андрэю. Шмат гадоў ён выходзіў з Любінай сукенкай на свята Перамогі 9 Мая, а пазней завёз у вёску да бацькоў. У 2024 годзе сукенку выпадкова знайшла і надзела ўнучка Андрэя, каб прыняць удзел у святкаванні Дня Перамогі. З сюжэта вынікае: памяць пра Вялікую Айчынную ў нашым народзе перадаецца генетычна, з пакалення ў пакаленне.
— Ваша кніга разлічана на падлеткаў і моладзь. Як успрынялі вобраз Любы яе равеснікі — нашы сучаснікі? Ці зразумелая ім Люба?
— Дзеці ўспрынялі Любу як рэальнага чалавека, і я лічу гэта сваёй творчай удачай. Люба, чыё жыццё трагічна абарвала вайна, такая ж, як яны — любіць прыбірацца, вядзе дзённік. Некаторыя дзяўчаты, прачытаўшы кнігу, казалі пра Любу: «Шкада, што яна не жыве ў наш час, я бы з ёю пасябравала». Першае каханне і расчараванне, мары пра будучае — усё гэта блізка сучаснай моладзі. Некаторыя бацькі дзяліліся, што іх сын або дачка не адклалі кнігу, пакуль не перагарнулі апошнюю стронку.
Акрамя ваеннай тэмы, у кнізе праз гісторыю Любы, яе сям’і паказана такая важная падзея ў жыцці нашай краіны, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годе. І мудрасць народная жыццесцвярджальная: у 30-ю гадавіну Перамогі жанчыны паплакалі, успамінаючы загінулых родных, але ў беларусаў так: пагаравалі і заспявалі, бо трэба жыць.
Як настаўнік я аналізую ўспрыманне сучаснымі дзецьмі твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Яны 80 год жывуць пад мірным небам. На шчасце, гэтая тэма для іх — пра далёкае мінулае. Праз мастацкую літаратуру, праз блізкія дзецям вобразы мы зможам данесці да іх боль пакут, якія вынес наш народ, і выхаваць гонар за Вялікую Перамогу.
— Ці з’явіліся ўжо водгукі на твор?
— Чытачы адзначаюць, што кніга адказвае на важныя пытанні — пра наступствы вайны для людзей і грамадства, пра тое, якая цана перамогі і ахвярам, прынесеным дзеля яе, як захаваць памяць пра вайну і гістарычную праўду. «Любіна сукенка» развівае адказнасць у маладога пакалення і выхоўвае ў яго патрыятызм і гонар за подзвігі герояў, найлепшыя маральныя якасці.
— На аснове кнігі распрацаваны праект для школьнікаў і студэнтаў, які атрымаў назву «80 анёлаў». Раскажыце пра яго.
— Патрыятычны арт-праект я распрацавала як куратар першага курса факультэта пачатковай адукацыі БГПУ імя М. Танка ў межах рэспубліканскага форума куратараў ВНУ Беларусі. Мэта праекта — выхаванне ў падлеткаў і моладзі нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, гонару за Вялікую Перамогу, прапаганда подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаванне пераемнасці пакаленняў. У ходзе рэалізацыі праекта студэнты ВНУ і вучні сярэдніх школ, якія далучацца да нас, будуць шукаць звесткі пра сваіх сваякоў, землякоў — салдат або дзяцей вайны, напішуць ім лісты і запішуць відэазвароты, у якіх раскажуць пра наша сучаснае мірнае жыццё і падзякуюць героям вайны за подзвіг. Мяркуецца, што ўдзельнікі прачытаюць кнігу «Любіна сукенка» і зробяць па ёй інсцэніроўкі, а таксама створаць уласныя літаратурныя, музычныя, харэаграфічныя творы на ваенную тэму. Такім чынам праўнукі тых, хто заваяваў Перамогу, прадэманструюць сапраўдны патрыятызм, сувязь пакаленняў, павагу да продкаў і далучацца да гістарычнай памяці. Па водгуках, праект сучасны і будзе цікавы дзецям і моладзі, яны змогуць не толькі заняцца пошукам, але і праявіць свае здольнасці — мастацкія, літаратурныя, музычныя, графічныя.
Кніга — суперсябар
— Валянціна Станіславаўна, Вы жаданы госць у дзіцячай аўдыторыі. Пісьменнік, педагог з больш чым 30-гадовым стажам — пэўна, ведаеце адказ на пытанне: як заахвоціць сучасных дзяцей да чытання?
— На першым месцы якасць твораў — яны павінны быць эмацыянальна насычанымі, глыбокімі і праўдзівымі, каб юны чытач паверыў пісьменніку, адчуў яго шчырасць. У добрым творы кожная мастацкая дэталь развівае, выхоўвае. Тэкст павінен зацікавіць дзіця і быць для яго карысным.
Важная і знешняя прывабнасць кнігі — дапамога мастака тут неацэнная. Так, у кнізе «Любіна сукенка» наўмысна зроблены чорна-белыя ілюстрацыі — каб паказаць трагічнасць вайны. І, безумоўна, варта актыўна папулярызаваць творы. Шмат робяць у гэтым напрамку нашы выдавецтвы — у прыватнасці, ВД «Звязда», у якім выйшла кніга.
— Усе Вашы выступленні інтэрактыўныя. Адна з Вашых кніг для дзяцей нават напісана ў жанры тэатральных экспромтаў. Чаму так важна далучыць аўдыторыю да сумеснай творчасці?
— І да чытання, літаратуры ўвогуле. Падчас сустрэчы я даю магчымасць дзецям самім пабыць у якасці герояў кнігі — яны адчуваюць сябе акцёрамі, дэкламуюць вершы, гуляюць у розныя гульні, напрыклад, у квэст-гульню «У пошуках суперсябра К.» Хто такі гэты суперсябар? Кніга. А чаму? Разам з дзецьмі мы шукаем адказ на пытанне. Часта пасля сустрэчы бацькі дзякуюць за тое, што сын ці дачка сталі больш чытаць.
Алена БРАВА
Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўніцай