Top.Mail.Ru

Вечныя тэмы ў творчасці Мікалая Рэрыха

Аўтар: Лізавета Крупянькова
18.06.2025 | 07:00

Адкрылася выстаўка рэпрадукцый работ мастака і філосафа Мікалая Рэрыха «Прыстанак Святла» ў арт-галерэі «Сфера» бібліятэкі № 18 (вул. Каліноўскага, 55). Праект арганізаваны Аддзяленнем Міжнароднай грамадскай арганізацыі «Міжнародны Цэнтр Рэрыхаў», які працуе ў Беларусі з 2000 года.


Мікалай Канстанцінавіч Рэрых (1874–1947) — знакаміты рускі мастак, навуковец, падарожнік, філосаф і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў сям’і вядомага пецярбургскага юрыста. У 1893 годзе па патрабаванні бацькі паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта і, па сваім уласным жаданні, у Акадэмію мастацтваў. Абедзе навучальныя установы скончыў на выдатна. Выпускная карціна майстра «Ганец» адлюстравала глыбокі мастацкі патэнцыял Мікалая Рэрыха і на доўгі час вызначыла тэматычны кірунак яго творчасці. Любоў да гістарычных сюжэтаў падмацоўвалася археалагічнымі раскопкамі ў Наўгародскай і Пскоўскай губерніях, якія на дастаткова прафесійным узроўні праводзіў малады навуковец. 

У сваіх творах мастак таленавіта спалучаў гістарычную дакладнасць дэталяў і мастацка-паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці.

Першай вялікай серыяй карцін, прысвечанай гістарычнаму мінуламу, стала «Пачатак Русі. Славяне», у якую ўвайшлі творы «Ганец. Паўстаў род на род» (1897, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя), «Ідалы» (1901, Дзяржаўны Рускі музей), «Заморскія госці» (1901, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя), «Горад будуюць» (1902, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя), «Славяне на Дняпры» (1905, Дзяржаўны Рускі музей) і іншыя.

Ідэя твора «Заморскія госці», рэпрадукцыя якога прадстаўлена ў экспазіцыі, нарадзілася падчас падарожжа мастака ў Ноўгарад па шляху «з варагаў у грэкі». Работа выканана алеем, колеравая палітра насычана яркімі фарбамі. Дзякуючы стараннай прапрацоўцы дэталяў і захаванню гістарычнасці, падзеі мінулага пераплятаюцца з сённяшняй рэчаіснасцю, адлюстроўваючы бесперапынную сувязь пакаленняў. Да гэтай работы Рэрых упершыню напісаў літаратурнае эсэ, што пазней стала своеасаблівай філасофскай традыцыяй майстра.

Грунтоўнаму даследаванню старажытнарускай гісторыі і мастацтва было прысвечана вялікае падарожжа Мікалая Канстанцінавіча разам з жонкай Аленай у 1903–1904 гг. Яны наведалі больш за 40 рускіх гарадоў і помнікаў даўніны: Яраслаўль, Кастрама, Уладзімір, Суздаль, Растоў і інш. Падчас вандроўкі жывапісец стварыў маштабную серыю архітэктурных эцюдаў (каля 90 работ), рэпрадукцыі якіх таксама можна ўбачыць на выстаўцы.

Акрамя культурнай і гістарычнай спадчыны Старажытнай Русі філасоф цікавіўся мастацтвам Усходу. Больш за 20 гадоў ён пражыў з сям’ёй у Індыі, у даліне Кулу, адкуль адкрываўся прыгожы від на вяршыні Гімалаяў. Менавіта тут Мікалай Рэрых стварыў сваю знакамітую Гімалайскую серыю, што праславіла творцу як выбітнага майстра, у якога атрымалася перадаць сапраўдны дух гор. Праз прыгажосць горных пейзажаў мастак адлюстроўвае вечнасць быцця. На вяршынях з карцін Рэрыха можна разгледзець сілуэты людзей і жывёл, што сімвалізуе цесную ўзаемасувязь усяго жывога на Зямлі. Цікава, што Юрый Гагарын сказаў пра Сусвет, які ўпершыню адкрыўся погляду чалавека: «Незвычайна, як на палотнах Рэрыха».

Перад Вялікай Айчыннай вайной мастак змагаўся за рэалізацыю Пакта Рэрыха, які абараняў культурныя каштоўнасці і прадметы мастацтва ад знішчэння і разбурэння. Ім таксама быў распрацаваны сімвал Пакта — Сцяг Міру: тры чырвоныя кругі ў акружнасці, якія сімвалізуюць мінулае, сучаснасць і будучыню ў адзінай прасторы Вечнасці; навуку, мастацтва і рэлігію пад агульным паняццем Культуры; зямны, тонкі і касмічны пачатак жыцця чалавека. У філасофіі Рэрыха ідэя далучэння культуры да жыцця сучаснага грамадства звязана з жанчынай, яе высокай місіяй выхавання і асветніцтва. Надыходзячую эпоху філосаф называў эпохай Жанчыны і актыўна падтрымліваў стварэнне міжнароднага жаночага руху.

Выстаўка працуе да 7 верасня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю