Top.Mail.Ru

Веліч і трагізм далёкай эпохі

Аўтар: Яўгенія Шыцька
19.03.2025 | 07:00

Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвячаецца мноства выставачных праектаў у Беларусі, аднак самую вялікую цікавасць выклікаюць тыя, што створаны сумеснымі намаганнямі розных людзей, якія прадстаўляюць адпаведныя ўстановы — музеі, архівы, галерэі... Плён падобнага супрацоўніцтва — новая выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы «За мірнае неба!», прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Суарганізатарамі выступаюць Нацыянальны гістарычны архіў, Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», Беларускі саюз мастакоў, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны, Вілейскі краязнаўчы музей ды іншыя. 




У атрыуме другога паверха Нацыянальнай бібліятэкі размяцілася змястоўная экспазіцыя, аснову яе склалі архіўныя дакументы, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў вайны. Выстаўка ў галоўнай кніжніцы краіны не магла не ўключаць у сябе і тэматычную кніжную частку, а яна якраз прадстаўлена прадметамі «акопнай творчасці», артыкуламі і нарысамі ваеннага і пасляваеннага часу. Дапоўнена яна мастацкімі творамі — плакатамі, графічнымі творамі, жывапіснымі работамі. 

Стваральнікі выстаўкі прытрымліваліся адваротнай храналогіі падзей Вялікай Айчыннай вайны, аднак, вызначыўшыся з канцэпцыяй, лагічнай і зразумелай гледачу, вылучылі галоўнае ў аповедзе, сканцэнтраваліся на адных з ключавых падзей таго перыяду. Напрыклад, асобныя раздзелы — «Бітва за Маскву», «Сталінградская бітва» і «Курская дуга». Экспазіцыя адрозніваецца маштабнасцю, шматбаковасцю з’яў рэчаіснасці, агульначалавечай значнасцю, у рэшце рэшт. Аднак шмат увагі аддаецца і жыццю чалавека ў страшэнных умовах, побыту ўдзельнікаў трагічных падзей. Што да экспанатаў, то гэта сталовая лыжка і чарпак для раздачы ежы з канцлагера ў Оршы, біклага, кішэнны ліхтарык інжынера-лейтэнанта Антона Шапчыца, газавая лямпа, матроскі рэмень Ваенна-марскога флоту СССР, партызанскі самаробны млын... 



Гераічнай барацьбе тых, хто нарадзіўся на беларускай зямлі і быў вымушаны яе абараняць, прысвечана кожная старонка выстаўкі, прызначанай нагадаць пра веліч і трагізм далёкай эпохі. Так, хваляванне і жах выклікаюць найперш пісьмы, якія і ў тыя чорныя дні дайшлі да адрасатаў, і сёння беражліва захоўваюцца як найкаштоўнейшыя артэфакты. Сярод такіх — ліст Георгія Каменева бацькам (аўтар у чэрвені 1941 года — радавы музыканцкага ўзвода 44-га стралковага палка, прапаў без вестак), пісьмо палявой пошты на імя Цімафея Дзясятніка 1945 года... 

У ліку каштоўных дакументаў ёсць фрагмент аператыўнай карты вермахта са схемай наступлення на Брэсцкую крэпасць, анкета для адагнаных у Германію на прымусовыя работы, картачка беспрацоўнага для акупаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторый цэнтральнай часткі Украіны і паўднёвых тэрыторый Беларусі, якая належала жыхару Кобрынскага раёна (1943–1944). 



Выстаўка «За мірнае неба!» будзе працаваць да 1 верасня. Між тым зусім побач, у атрыуме другога паверха, можна пазнаёміцца з праектам «Скрозь палон», які прадстаўляе архіўныя дакументы. Прымеркаваны да свята перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ён дэманструе дакументы з фондаў Дзяржаўнага архіва адміністрацыйных органаў Свярдлоўскай вобласці. Фокус — на лёсах палонных у гэты перыяд.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю