Top.Mail.Ru
0

Вобразы Грэцыі ў люстэрку беларускай культуры

25.02.2026 | 10:40
Рэха Элады

Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае на выставачны праект «Код міфаў», які раскрывае агульнасць чалавечых каштоўнасцей, арыенціраў і поглядаў праз прызму антычнай і беларускай міфалогіі. 

У экспазіцыі — кніжныя выданні, мастацкія работы і артэфакты беларускага паходжання, у якіх можна знайсці сляды грэчаскай спадчыны.

Культуролагі, мастацтвазнаўцы называюць Старажытную Грэцыю калыскай еўрапейскай цывілізацыі. Яе ўплыў на развіццё і фарміраванне культур іншых краін нельга пераацаніць. 

Не абмінула гэта і Беларусь. 

Праект даследуе цесную ўзаемасувязь паміж беларускай і антычнай культурамі, спрабуе пераасэнсаваць уплыў антычных вобразаў і міфаў на беларускія традыцыі і мастацтва. 

Метафарай выстаўкі стаў гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі», дзе зыходным пунктам служыць грэчаская міфалогія, а мэтай — яе дыялог з беларускімі традыцыямі.

Асноўная думка праекта — паказаць, што аб’ядноўвае такія розныя — грэчаскую і беларускую міфалогіі, — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі

Людміла Высоцкая. — Дзякуючы рэдкім калекцыям нашых партнёраў, творчаму супрацоўніцтву з Беларускім саюзам мастакоў і Мінскай дзяржаўнай гімназіяй-каледжам мастацтваў атрымалася перадаць унікальную сувязь паміж антычнай і беларускай культурамі.

Выстаўка ўмоўна падзяляецца на дзве часткі: работы з антычным каларытам — жывапіс, скульптура, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і экспанаты, прысвечаныя беларускай міфалогіі: графічныя кнігі, ілюстрацыі сучасных беларускіх аўтараў.

У экспазіцыі дэманструюцца беларускія нацыянальныя касцюмы, упрыгожаныя грэчаскім геаметрычным арнаментам «меандр», адноўленыя копіі слуцкіх паясоў з выявай старажытнагрэчаскай амфары, арыгінальныя беларускія ручнікі ХІХ—ХХ стст., на якіх майстры творча інтэрпрэтавалі грэчаскія арнаменты, фрагменты драўляных капітэляў, якія калісьці ўпрыгожвалі архітэктурныя пабудовы і захаваліся на тэрыторыі Беларусі.

З багатага кніжнага фонду Нацыянальнай бібліятэкі на выстаўцы можна ўбачыць рарытэтныя экзэмпляры сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе», дзе антычныя багі адлюстраваны ў беларускім народным антуражы. Літаратурныя сюжэты Старажытнай Грэцыі і Рыма і дагэтуль натхняюць нашых паэтаў і празаікаў, знаходзяць новае гучанне ў іх творах, — з якімі таксама можна пазнаёміцца на выстаўцы.

Сярод экспанатаў асаблівай увагі заслугоўвае арыгінальная гравюра XVI стагоддзя са збору беларускага калекцыянера Алексея Яротава. Адбітак «Утаймавальнік коней (Дыяскуры) з Капіталійскага ўзгорка» — як мяркуецца, работы Маркантоніа Раймондзі — італьянскага мастака і гравёра, майстра афорта і разцовай гравюры па медзі.

Сучасныя інтэрпрэтацыі ўплыву антычнай спадчыны на беларускую культуру прадстаўлены работамі айчынных мастакоў і архітэктараў. Тэмай выстаўкі натхніліся вучні Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, якія падкіраўніцтвам педагога і мастака-ілюстратара Рыты Цімохавай стварылі серыю работ, прысвечаных сюжэтам з грэчаскай і беларускай міфалогій.

Выстаўка працуе да 15 мая.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю