Арганізатары форуму — Воранаўскі райвыканкам і Воранаўскі раённы Савет дэпутатаў. Літаратурна-краязнаўчыя чытанні ў Воранаве стартавалі ў 2023 годзе. Іх ідэя ўзнікла ў працэсе рэалізацыі дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Воранаўскім райвыканкамам. У раёне надаецца вельмі вялікая ўвага гуманітарным ведам, мастацкаму слову. Сёлета мерапрыемства прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі і 85-годдзю ўтварэння Воранаўскага раёна.
«Воранаўскія чытанні-2025» сабралі ў актавай зале Раённага цэнтра культуры краязнаўцаў, педагогаў, літаратараў і жыхароў раёна, якія цікавяцца гісторыяй малой радзімы. Сярод удзельнікаў форуму: старшыня асацыяцыі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Антонава; дырэктар выдавецтва «Беларусь», краязнавец, журналіст, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч; намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч; намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Андрэй Карповіч; намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык; госці з Расіі — намеснік кіраўніка і эксперт прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Святлана Мазанік і Андрэй Струнеўскі, а таксама выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Аліна Сабуць; кандыдат філалагічных навук, член СПБ Руслан Казлоўскі; кадыдат філалагічных навук Станіслаў Янушкевіч; кандыдат гістарычных навук Віталь Карнялюк; кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Амелька; кандыдат гістарычных навук, намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Андрэй Гецэвіч. Удзельнікаў ІІ Літаратурна-краязнаўчага форуму «Воранаўскія чытанні» прывітала старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч.
Пленарнае пасяджэнне, якое адкрылася выступленнем старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, склалі краязнаўчыя, навуковыя даклады, прысвечаныя гісторыі і культуры Воранаўскага краю, постацям яго славутых і таленавітых ураджэнцаў. Напрыклад, Аліна Сабуць выступіла з дакладам «Літаратурная і фальклорная Воранаўшчына — сапраўдныя складнікі краязнаўства». Шмат увагі надалі гісторыка-культурнай спадчыне, турыстычнаму патэнцыялу Воранаўшчыны. Дарэчы, раён у лідарах па колькасці беларускамоўных школ. Беларуская мова для дарослых і дзяцей тут з’яўляецца асноўнай. Адбылася тэатралізаваная прэзентацыя зборніка даследчых работ, выдадзенага па выніках «Воранаўскіх чытанняў-2023».
Ладзіліся цікавыя экскурсіі, змястоўныя прэзентацыі разнастайных праектаў. Работа форуму працягнулася ў пяці тэматычных секцыях, якія размясціліся ў Воранаўскай сярэдняй школе. Старшакласнікі прадставілі на суд журы свае даследчыя работы, у якіх прадэманстравалі цікавасць да гісторыі і культуры роднага краю.
Воранаўская раённая бібліятэка стала лакацыяй дыялогавай пляцоўкі «Літаратура і краязнаўства — чыннікі нацыянальнага адзінства і патрыятызму». Пасяджэнне правяла Алена Ганевіч. З удзелам бібліятэкараў раёна розныя аспекты сучаснага літаратурнага працэсу і ролю ў ім краязнаўства абмеркавалі старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч, гродзенскія літаратары Аліна Сабуць і Дзмітрый Радзівончык. У фармаце адкрытага дыялогу выступілі пісьменнікі з Воранаўшчыны Міхаіл Забалотны і Уладзімір Руль, госці з Ніжагародскай вобласці і іншыя. Адбыліся прэзентацыі калектыўных зборнікаў да 80-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама іншых кніг, якімі папоўніўся фонд раённай бібліятэкі.
Форум завяршыў сваю работу ўзнагароджаннем юных талентаў у галіне краязнаўства. Іх даследаванні нароўні з працамі дарослых экспертаў будуць апублікаваны ў выніковым зборніку. Такое яно — выхаванне сапраўдных грамадзян, патрыётаў праз творчасць, мастацтва, навуку...
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК
Фота даслана аўтарам