У Беларусі мастацкая апрацоўка дрэва займае вядучае месца сярод іншых відаў рамёстваў. Са старажытных часоў з гэтага даступнага, трывалага і лёгкага ў апрацоўцы матэрыялу стваралі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, майстравалі мэблю і транспартныя сродкі, посуд і прылады для працы. Сёння дрэваапрацоўка выйшла на новы ўзровень і справядліва можа лічыцца адным з самых папулярных кірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Мастацкая апрацоўка дрэва вядома ў Беларусі з ХІІ, а сапраўднага росквіту дасягнула ў ХVII стагоддзі дзякуючы традыцыі, вядомай як «флемская» альбо беларуская разьба. Гэтая тэхніка ўяўляе сабой ажурную альбо аб’ёмную разьбу, якая ўпрыгожвала іканастасы і царскія палацы. Яе галоўная адметнасць — стварэнне вытанчаных раслінных кампазіцый, якія за кошт глыбокага рэльефу нагадвалі менавіта скульптуру, а не плоскі ўзор. Уражвае і шырокі дыяпазон тэхналагічных прыёмаў: механічная апрацоўка —
пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне, мастацкае дэкарыраванне — разьба па дрэве, піраграфія (выпальванне), інтарсія (мазаіка), цісненне, роспіс і іншае. Многія з драўляных вырабаў старажытнасці сведчаць пра доўгае развіццё формаў і дэкору, якія адлюстроўвалі вераванні і абрады таго часу. Самымі распаўсюджанымі былі раслінныя і жывёльныя матывы, а таксама выявы сонца і зорак.
Але сучасныя майстры пайшлі далей: яны смела эксперыментуюць з формай і матэрыялам, знаходзяць новыя пластычныя рашэнні, укараняюць наватарскія падыходы. Дзякуючы гэтаму старадаўняе майстэрства набывае новае гучанне, а вырабы беларускіх дрэваапрацоўшчыкаў карыстаюцца попытам не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі, пацвярджаючы высокі статус нацыянальнай школы мастацкай апрацоўкі дрэва.
У экспазіцыі мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» дэманструюцца работы членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці». Творы сучасных разьбяроў адлюстроўваюць розныя стылі драўлянай пластыкі. Усе вырабы па-свойму арыгінальныя і своеасаблівыя. Тут можна ўбачыць традыцыйны посуд і дэкаратыўныя пано, унікальныя арт-аб’екты і аўтарскую мэблю. У экспазіцыі прадстаўлены як строгія геаметрычныя кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы плоскарэльефнай разьбы, так і вытанчаныя раслінныя матывы, якія працягваюць традыцыі «флемскай школы», але ў новым, сучасным прачытанні.
Асаблівую ўвагу прыцягваюць работы, дзе майстры эксперыментуюць з фактурамі: спалучаюць гладка адпаліраванае дрэва з металам, шклом і нават скурай. Выкарыстоўваючы сучаснае абсталяванне — лазерныя станкі і 3D-фрэзерныя прылады, аўтары змаглі дасягнуць неверагоднай дакладнасці ліній, захоўваючы цеплыню і натуральную прыгажосць дрэва.
Майстры свядома выкарыстоўваюць мясцовыя пароды дрэва: дуб, ясень, клён, ліпу, падкрэсліваючы родны каларыт і пазбягаючы замежнай экзотыкі. Творцы робяць акцэнт на гэтай глыбокай сувязі з матэрыялам, які спрадвеку карміў і саграваў беларусаў.
Праект арганізаваны сумесна з аддзелам па рабоце з калектывамі народнай творчасці і культурна-асветніцкімі ўстановамі ДУ «Мінскканцэрт».
Выстаўка працуе да 13 жніўня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара